Да важнейшай у жыцці краіны падзеі – 75-годдзя Вялікай Перамогі – ва ўсіх установах адукацыі Ушаччыны праведзена значная работа па ўвекавечанні памяці герояў. Так, напрыклад, у Глыбачанскай школе рэканструяваны краязнаўчы музей, абноўлены экспазіцыі “Глыбаччына партызанская” і “Б.І.Юркін – Герой Савецкага Саюза. Яго імя носіць наша школа”. Дарэчы, апошняе стала магчымым дзякуючы наладжаным сувязям з выкладчыкамі Арэнбургскага тэхнікума чыгуначнага транспарту, дзе ў свой час вучыўся Барыс Іванавіч. Па добрай традыцыі навучэнцы аказалі шэфскую дапамогу ўдзельніку Вялікай Айчыннай Дзям’яну Уладзіміравічу Крупеню, а ў знак удзячнасці самадзейны мастак падарыў школьнаму музею некалькі карцін ваеннай і мірнай тэматыкі.
Акрамя ўдзелу ў шматлікіх творчых конкурсах навучэнцы Вялікадолецкай школы далучыліся да ўсебеларускай акцыі “Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх”, эстафеты зваротаў “Я ганаруся…”. У рамках апошняга пяцікласніца А.Савіна расказала пра свайго прадзядулю І.І.Вераб’ёва, які быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
Адным з самых яркіх мерапрыемстваў, наладжаных у Арэхаўскай школе, стала пасадка алеі туй на тэрыторыі навучальнай установы – за годную справу разам з прадстаўнікамі Сарочынскага лясніцтва ўзяліся сёлетнія выпускнікі. Як расказала дырэктар Л.А.Булаўка, да шматлікіх месцаў пахавання ахвяр вайны – абеліскаў у аграгарадку, Сарочыне, Слабадзе, Ляснеўшчыне, Глыбачцы, помніка Н.Л.Касцючэнка, магіл Н.П.Жукава, брацкіх могілак у Белым ускладзены гірлянды, вянкі і букеты. Вучні з Арэхаўна адзіныя ў раёне паўдзельнічалі ў рэспубліканскім конкурсе “Вотчына.бай”, у рамках якога зрабілі сувеніры для ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай, заклалі ля роднай альма-матэр капсулу часу “Пасланне ў будучыню”.
Як заўсёды творча падышлі да падрыхтоўкі да Дня Перамогі ў раённым цэнтры дзяцей і моладзі. У рамках рэспубліканскага фестывалю-конкурсу “Вянок славы” пад кіраўніцтвам педагогаў Т.В.Мураўскай і Л.В.Прашковіч навучэнцы малявалі карціны ваеннай тэматыкі, а з Г.А.Бабянок выраблялі “Голуба свету” і непасрэдна вянок, які быў ускладзены да помніка загінуўшым воінам і партызанам у скверы гарпасёлка.
…Вялікую дату 75-годдзя Перамогі святкуе ўвесь беларускі народ. Юныя ўшачане, як бачым, таксама лічаць сваім патрыятычным абавязкам захоўваць памяць пра герояў вайны, шанаваць іх подзвігі, справамі даказваць любоў да Радзімы.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.