Чтение, творчество, онлайн-экскурсии. Как избежать стресса и тревоги во время самоизоляции?

Общество

У сувязі з неспрыяльнай эпідэмічнай абстаноўкай пажылым грамадзянам і людзям з інваліднасцю рэкамендуецца заставацца дома – прытрымлівацца самаізаляцыі. І калі адны ў такіх умовах адчуваюць сябе камфортна, то некаторым даволі складана ў гэты перыяд быць у адзіноце і такі рэжым выклікае стрэс, трывожнасць і паніку. Як гэтага пазбегнуць?

Адмысловы праект “Нясумная самаізаляцыя”, дзе можна знайсці цікавыя і слушныя ідэі, запусціў у сваёй групе ў “Аднакласніках” тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ушацкага раёна. Так, першае, што рэкамендуе псіхолаг А.С.Дукмасава – чытанне. Гэта выдатны спосаб справіцца са стрэсам, навукоўцы даказалі, што чалавек, які пагрузіўся ў чытанне, ужо праз некалькі хвілін становіцца менш трывожны, зніжаецца напружанне, чытанне дапамагае адцягнуцца ад існуючай рэальнасці. Што чытаць і як чытаць? Варта пачаць з таго, што даўно хацелася, але раней не атрымалася (напрыклад, “Вайну і мір”, якую многія чыталі скарочана). Таксама можна падарожнічаць, не выходзячы з дому, з дапамогай анлайн-экскурсій, відэаролікаў на youtube-канале. Удзельнікі групы не проста могуць знайсці парады, а і прапанаваць свае, арганізаваўшы такім чынам анлайн-зносіны. Многія падпісчыкі ўжо ацанілі і выказалі словы ўдзячнасці за такі праект.

Некалькі падказак, як захаваць спакой падчас самаізаляцыі, мы папрасілі даць Алесю Сяргееўну і нашым чытачам: “Вельмі важна складаць план або графік на дзень, тыдзень (калі мы ведаем, чым будзем займацца, з’яўляецца адчуванне стабільнасці, трывожнасць зніжаецца). Занясіце ў яго зносіны па тэлефоне з роднымі і сябрамі, аднак прытрымлівайцеся правіла – не абмяркоўвайце эпідэміялагічную абстаноўку, пакіньце гэтую тэму.

Абавязкова ўключайце ў свой распарадак дня фізічную актыўнасць, гэта спрыяе выкіду ў арганізм гармонаў-эндарфінаў, якія дапамагаюць змагацца са стрэсам.

Інфармацыйны фільтр: старайцеся як мага менш часу аддаваць вывучэнню артыкулаў, звязаных з навінамі аб пандэміі. Не перагружайце сябе плёткамі і сумніўнымі артыкуламі, паглядзіце лепш старыя добрыя савецкія фільмы.

Калі паўсталі псіхалагічныя праблемы, звязаныя з павышанай трывожнасцю, і самастойна справіцца з імі не атрымліваецца, трэба звярнуцца да спецыялістаў (тэлефон псіхолага цэнтра 5-00-34).

І, нарэшце, самае карыснае – гэта хобі, працягвайце займацца тым, што вам цікава ў новых умовах (самаізаляцыі) і абавязкова паспрабуйце нешта новае. У цяперашні час шмат розных інтэрнэт-рэсурсаў, каналаў, форумаў з майстар-класамі і бясплатнымі навучальнымі курсамі. Штотыдзень мы таксама будзем прапаноўваць вам такія ўрокі, майстар-класы ў “Аднакласніках”. Здароўя вам і пазітыву!”

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *