Беларусь помнит. Ушачский районный совет ветеранов предлагает рассказать про своих героев на страницах соцсетей

Общество

Ушацкі раённы савет ветэранаў кожны год прымаў актыўны ўдзел у патрыятычнай акцыі “Беларусь памятае”. “Вельмі добра, што гісторыі подзвігаў і перамог пераходзяць з пакалення ў пакаленне у аповедах ветэранаў, у шэсцях з партрэтамі тых, хто ў цяжкія гады вайны паказаў прыклад самаадданасці і мужнасці, – адзначае старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Н.А.Васілеўская. – І асабліва гэта важна ў год 75-й гадавіны Вялікай Перамогі! Сёлета ў сувязі са складанай эпідэмічнай сітуацыяй савет ветэранаў прапануе расказаць пра сваіх герояў на старонках сацыяльных сетак. У размяшчэнні матэрыялаў вам дапамогуць дзеці і ўнукі – для іх гэта будзе сапраўдным урокам мужнасці”.

Вось, напрыклад, якую гісторыю пра свайго бацьку змясціла на старонцы ў “Аднакласніках” актывіст раённай арганізацыі Алена Азевіч (Роўда):

“Мой бацька Архіп Рыгоравіч Роўда, 1913 г.н., быў удзельнікам дзвюх войнаў: Савецка-фінскай і Вялікай Айчыннай. У ходзе баявых дзеянняў на савецка-фінскім фронце ў адным з баёў быў цяжка паранены яго камандзір, якога тата пад кулямі вынес з поля бою. За гэты подзвіг ён быў прадстаўлены да ордэна Чырвонага Сцяга.

За ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне бацька атрымаў ордэны Славы ІІІ ступені, Вялікай Айчыннай вайны, медаль “За адвагу” і іншыя ўзнагароды. Быў тройчы паранены.

Памёр тата ў 1987 годзе. Усе яго ўзнагароды перададзены ў музей Бягомля”.

Зацікавіўшыся баявым шляхам чырвонаармейца, мы з дапамогай інтэрнэт-рэсурсу “Подзвіг народа” знайшлі звесткі пра ўзнагароды, якія Архіп Рыгоравіч атрымаў на франтах Вялікай Айчыннай. Медаль “За адвагу” стаў пашанай за дзеянні ў баі за горад Выбарг у 44-м: пры пра­чэсванні квартала ад варожых снайпераў А.Роўда знішчыў засеўшага ў доме стралка з ручным кулямётам і паспрыяў бесперашкоднаму руху наперад нашых байцоў, пры гэтым сам быў цяжка паранены. Да ордэна Славы ён быў прадстаўлены зімой 45-га за баі ля вёскі Чарнастув, калі стрэламі з агнямёта падавіў дзве варожыя кропкі, што перашкаджалі руху нашай пяхоты, і знішчыў 5 фашыстаў.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *