У кожнага народа свае святыні. Для беларусаў, якія беражліва захоўваюць у памяці гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, імі па праве з’яўляюцца пахаванні ахвяр фашызму. Такія знакавыя месцы наведалі напачатку мая ў рамках фестывалю-конкурсу “Вянок славы” школьнікі з усіх рэгіёнаў нашай краіны. Прычым, не проста ўшанавалі памяць загінуўшых, але і ўсклалі да падножжа помнікаў… свае творчыя работы.
У адным з самых маштабных мерапрыемстваў, прымеркаваных да 75-годдзя Вялікай Перамогі, актыўны ўдзел прынялі вучні Ушацкай школы. Не адзін тыдзень, калектыўна і паасобку, яны шчыравалі над стварэннем з падручных матэрыялаў адмысловых “вянкоў славы”. Удала справіліся з задачай вучаніца 6 “Б” класа Яна Далжонак, а таксама ўвесь 7 “В” са сваім класным кіраўніком Галінай Сяргееўнай Данілёнак. Іх работы напярэдадні 9 Мая было вырашана ўскласці да помніка загінуўшым воінам і партызанам у гарпасёлку, а таксама на магілу партызан Міхаіла Фёдаравіча і Фёдара Міхайлавіча Машчовых. Такую пачэсную місію разам з намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце школы Святланай Дзмітрыеўнай Галай, настаўнікам гісторыі Уладзімірам Леанідавічам Хамёнкам выканалі навучэнцы 9 “В” класа. На своеасаблівым уроку мужнасці юнакі і дзяўчаты бліжэй пазнаёміліся з прыгаданымі помнікамі і падзеямі, што адбываліся на Ушаччыне ў ваенныя часы, даведаліся пра лёсы герояў-землякоў.
– У гэтай вайне загінуў кожны трэці беларус. Віншаваць ветэранаў са святамі, аказваць ім пасільную дапамогу, падтрымліваць у парадку тэрыторыю помнікаў загінуўшым – наш святы абавязак, – казалі падлеткі. – У такія моманты, як цяпер, нас перапаўняе пачуццё глыбокай падзякі людзям, якія аддалі сваё жыццё дзеля нашай светлай будучыні. Мір – бясцэнная каштоўнасць, і мы памятаем пра гэта.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.