Ушачанка Надежда Романовская удачно выступила на радиоконкурсе «Молодые таланты Беларуси»

Образование и молодежь

Крыху абяднеўшая апошнім часам на падзеі культурная палітра ўсё ж працягвае радаваць нас яркімі росчыркамі прыемных навін. І чарговае дасягненне зноў звязана з імем юнай ушацкай вакалісткі Надзі Раманоўскай. У гэты раз дзяўчынка здолела бліснуць на адным з самых вядомых айчынных праектаў – ІХ Рэспубліканскім творчым радыёконкурсе “Маладыя таленты Беларусі”.

Пра прэстыжнасць творчага спаборніцтва кажуць, напрыклад, такія факты, што яго пераможцай у свой час стала заслужаная артыстка Беларусі Алёна Ланская, а сярод сёлетніх удзельнікаў была наша прадстаўніца на мінулагоднім дарослым “Еўрабачанні” Зінаіда Купрыяновіч (Зена). Па выніках мінулагодняга конкурсу 27 яго лаўрэатаў былі ўдастоены стыпендый і прэмій Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі.

Трэба сказаць, што спроба праявіць свае здольнасці на гэтым маштабным аглядзе юнацкай творчасці для ўшачан была не першай: летась шлях да конкурснага алімпу пратарваў яшчэ адзін выхаванец эстраднага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў Ягор Обух – выступленне было вельмі дастойным, хлопец прайшоў у другі тур і яму крыху не хапіла шанцавання, каб трапіць у фінал.

Сёлета ж у адрас “Белтэлерадыёкампаніі”, якая з’яўляецца арганізатарам конкурсу, паступіла каля 400 заявак ад вакалістаў эстраднага і фальклорнага жанраў і інструменталістаў. Адбор на другі этап праводзіўся шляхам праслухоўвання аўдыёзапісаў, ну а ўдзельнікаў фінальнага тура журы, узначальваў якое народны артыст Беларусі кампазітар Леанід Захлеўны, абрала па відэазапісах нумароў. І нам вельмі прыемна, што ў лік 22 лепшых вакалістаў сольнай намінацыі трапіла і наша Надзея. На жаль, неспрыяльная эпідэмічная абстаноўка прымусіла правесці завочна і фінал, які звычайна праходзіў у форме канцэрту. Пераможцаў абіралі па відэа двух нумароў, а паколькі сёлетні конкурс быў прымеркаваны да 75-годдзя Вялікай Перамогі, адна з кампазіцый павінна была прысвячацца ваенна-патрыятычнай тэматыцы. Надзя і яе педагог Алена Анатольеўна Сазонава спыніліся на шлягеры савецкіх часоў “Аист на крыше”.

– І тэкст, і мелодыя песні мне адразу спадабаліся, – расказвае дзяўчынка. – Асабліва кранальнымі падаліся радкі пра бусла, які ноччу і днём беражэ гняздо са сваім маленькім птушанём. Людзі ў Нью-Ёрку, Берліне і Парыжы сапраўды павінны верыць адзін аднаму – толькі тады войны, як і спяваецца ў гэтым творы, “згінуць у імгле”.

Па ўсім відаць, нашай прадстаўніцы ўдалося данесці свае пачуцці да членаў журы, якое прысудзіла ёй Спецыяльны дыплом “За артыстызм”. Гэта пачэсная ўзнагарода папоўніла ўжо даволі вялікую скарбонку дасягненняў юнай ушачанкі. І ў чарговы раз назву нашага пасёлка пачулі ва ўсёй краіне: дастаткова прыгадаць, што песні ў выкананні фіналістаў конкурсу прагучалі ў эфіры першага канала беларускага радыё.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *