Относиться, как к своему

Общество

Самыя распаўсюджаныя звароты людзей ва ўсе інстанцыі па-ранейшаму датычацца камунальнай службы. Просяць паставіць лаўкі, агароджы, абсталяваць дзіцячыя пляцоўкі, адрамантаваць дамы… На ўсё гэта патрэбны сродкі, прычым, немалыя. Аднак мы пастаянна прымаем да ўвагі просьбы жыхароў і паступова імкнёмся зрабіць мікрараёны гарпасёлка і вёсак больш прывабнымі і зручнымі для людзей. Вось і падчас апошняй “прамой лініі”, якую праводзіў з чытачамі газеты дырэктар УП ЖКГ С.Л.Шульц, жыхары вуліц Савецкая і Калінінская прасілі паставіць лаўкі, каб можна было адпачыць. Просьба была выканана… праўда паслужылі яны нядоўга. Некім выкінуты ў канаву. Так жа хутка былі сапсаваны лаўкі ўнутры двара дома па Ленінскай, 16. І стомішся пералічаць, колькі разоў ламалася агароджа па цэнтральных вуліцах гарпасёлка…

Каб зрабіць нешта пазапланавае, трэба аднекуль узяць сродкі. Вось і атрымліваецца, што “перацягваем коўдру” з адных тэрміновых на другія не менш патрэбныя аб’екты. І было б не шкада, калі б ўкладзеныя грошы сапраўды радавалі нашых жыхароў.

Кажуць, чыста не там, дзе мятуць, а дзе не кідаюць смецце. Пакуль мы не памяняем свядомасць нашых жыхароў, наўрадці ў нас у дварах будуць дзіцячыя пляцоўкі, а на вуліцах лаўкі і сметніцы. І толькі зваротамі, заклікамі справы не зрушыць з месца – іх не пачуе той, хто ўвечары нецвярозым вяртаецца дадому. А вось памяняць свядомасць людзей, якія бачаць, чуюць, як крышаць, псуюць агульнае, можна. Проста мы чамусьці лічым непрыгожым учынкам назваць прозвішча злодзея, пакуль не залез ён у ваш двор ці ў кватэру. А тое, што ламаюць на вуліцы – таксама зроблена за вашы адлічэнні. Прывяду вам прыклад, які мне расказалі сябры. Падчас пражывання ў Германіі яны выязджалі на прыроду. Калі разварочваліся, закранулі бамперам і пашкодзілі кару дрэва. Побач, здавалася, нікога не было. Але не паспелі яны ад’ехаць і некалькі метраў, як іх ужо спыніла паліцыя. Так, там не пройдзе без вынікаў ні выкінуты побач са сметніцай акурак, ні іншы падобны ўчынак. Таму што падаткаплацельшчыкі ведаюць, што на ўсё пайшлі іх грошы. Ад таго яны і багатыя, што берагуць тое, што маюць.

М.СВІРКО, намеснік дырэктара УП ЖКГ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *