Прославились трудом. На Ушачской районной Доске почёта новые имена и трудовые коллективы

Общество

У жыцці людзей праца заўсёды была і нязменна застаецца адным з галоўных аспектаў. Кожны член грамадства павінен быць задзейнічаны ў стварэнні матэрыяльных ці духоўных каштоўнасцяў, і тыя, хто праяўляюць сябе ў гэтым пра­цэсе найбольш плённа і актыўна, заўсёды карыстаюцца асаблівай павагай. Традыцыйна напярэдадні 1 Мая называюцца імёны новых лаўрэатаў працоўнага Алімпа. Сёння мы раскажам пра тых, хто рашэннем раённага выканаўчага камітэта па выніках работы за 2019 год занесены на раённую Дошку гонару.

Таварыства з абмежаванай адказнасцю “Твестуба ПРО” (дырэктар – Трушко Васіль Васільевіч). За дасягненне высокіх паказчыкаў па вытворчасці прамысловай прадукцыі. У 2019 годзе таварыства павялічыла выпуск імпартазамяшчальнай прадукцыі на 40 працэнтаў, забяспечыла павелічэнне сярэднямесячнай заработнай платы і прадукцыйнасці працы, рэнтабельную і бясстратную работу.

Філіял “Маяк-Ушацкі” адкрытага акцыянернага таварыства “Полацкі камбінат хлебапрадуктаў” (дырэктар – Анецька Антон Юльянавіч). За 2019 год выраблена малака 1403 тоны або 127 працэнтаў да ўзроўню 2018 года. Надой на карову склаў 3181 кілаграм, філіял займае першае месца сярод сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна па гэтым паказчыку. Выраблена 521 тона ялавічыны або 106 працэнтаў да ўзроўню 2018 года. Сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы склалі 606 грамаў (па раёне – 519). У мінулым годзе атрымана 5096 тон зерня пры ўраджайнасці 35,9 цэнтнера з гектара. Нарыхтавана 4210 тон кармавых адзінак травяністых або 145 працэнтаў да ўзроўню 2018 года. За 2019 год атрымана 25 тысяч рублёў прыбытку пры рэнтабельнасці 0,7 працэнта.

Ушацкая дзіцячая бібліятэка-філіял №1 дзяржаўнай установы культуры “Ушацкая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма” (загадчык – Іванова Галіна Мікалаеўна). За вялікі ўклад у развіццё і прапаганду дзіцячага чытання, арганізацыю і правядзенне тэматычных мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне ролі бібліятэкі як інфармацыйнага, адукацыйнага і культурнага цэнтра. На працягу 2019 года ўстановай выкананы асноўныя паказчыкі, у тым ліку па платных паслугах – на 100 працэнтаў. Бібліятэкарамі арганізавана работа па дастаўцы літаратуры на дом неабароненай катэгорыі чытальнікаў, якія не могуць самастойна наведваць бібліятэку, інвалідам, жанчынам, што знаходзяцца ў водпуску па доглядзе за дзецьмі.

Глыбачанскі сельскі Дом культуры дзяржаўнай установы культуры “Ушацкі цэнтр культуры і народнай творчасці” (дырэктар – Камовіч Алена Аркадзьеўна). У 2019 годзе працавала 8 клубных фарміраванняў, у якіх займалася 58 чалавек. Калектывы Глыбачанскага СДК з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі мерапрыемстваў, што праводзяцца ў аграгарадку і раёне. Дзіцячы тэатр “Рамонак” заняў першае месца ў драматычным жанры сярод дзіцячых тэатраў мініяцюр у раённым аглядзе-конкурсе фальклорных і драматычных калектываў “Рознакаляровая восень”. Ансамбль народнай песні “Рукшаніцы” ўзнагароджаны дыпломам у намінацыі “За артыс­тызм” у раённым конкурсе вакальных калектываў “Спявай, душа!”. У раённым конкурсе культарганізатараў “Гульнявы карагод” Глыбачанскі сельскі Дом культуры заняў другое месца. Работнікі ўстановы пастаянна клапоцяцца пра добраўпарадкаванне прыклубнай тэрыторыі.

Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Вялікадолецкая дзіцячы сад-сярэдняя школа імя П.У.Броўкі Ушацкага раёна” (дырэктар – Аніскевіч Рыма Леанідаўна). За мэтанакіраваную і эфектыўную работу па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы, стварэнне спрыяльных умоў для раскрыцця творчага патэнцыялу педагогаў і навучэнцаў, забеспячэнне якаснага адукацыйнага працэсу, дасягнутыя вынікі ў навучанні і выхаванні вучняў. Па выніках ўдзелу ў раённых творчых конкурсах, акцыях у 2019 годзе ўстанова адзначана 38 дыпломамі, з іх першай ступені – 10, другой – 8, трэцяй – 17. Каманда школы заняла першае месца ў абласных спаборніцтвах сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне “Снежны снайпер” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.

Даччынае ўнітарнае прадпрыемства “Санаторый “Лясныя азёры” (дырэктар – Грынкевіч Віктар Мікалаевіч). За дасягненне высокіх паказчыкаў па экспарце паслуг, якія ў 2019 годзе павялічаны на 26,6 працэнта. Забяспечаны прырост сярэднямесячнай заработнай платы і прадукцыйнасці працы, бясстратная работа арганізацыі. Рэнтабельнасць продажу паслуг склала 18,5 працэнта.

Магазін “Кулінарыя” Ушацкага філіяла Віцебскага абласнога спажывецкага таварыства (загадчык – Камінская Марына Рыгораўна). За 2019 год магазінам “Кулінарыя” дасягнуты тавараабарот 710,5 тысячы рублёў: тэмп росту да мінулага года ў супастаўных цэнах склаў 113 працэнтаў пры прагнозным паказчыку 102 працэнты. Сярэднямесячная нагрузка на аднаго прадаўца – 19,7 тысячы рублёў. Рэалізавана прадукцыі ўласнай вытворчасці на суму 354,6 тысячы рублёў: кандытарскіх вырабаў 40 відаў, кулінарных – 22, мясных паўфабрыкатаў – 19, хлебабулачных – 15, гатовай прадукцыі – 20. Тэмп росту да мінулага года склаў 123,3 працэнта ў супастаўных цэнах.

Жарскі сельскі выканаўчы камітэт (старшыня – Міхейка Святлана Цімафееўна). Забяспечана выкананне гадавога плана па даходах на 101,1 працэнта. Удзельная вага ўласных і замацаваных даходаў склала 72,5 працэнта пры рэкамендуемай – 70. Выкананы план па ўсіх даходных крыніцах. Асноўная сума даходаў забяспечана за кошт курортнага збору (30,3 тысячы рублёў або 43,1 працэнта), падаходнага падатку з фізічных асоб (16,4 тысячы рублёў або 23,4 працэнта). Паступленні падаткаў на ўласнасць склалі 16,2 тысячы рублёў або 23 працэнты. Дзякуючы своечасоваму размяшчэнню свабодных грашовых сродкаў у дэпазітах банка за 2019 год сельвыканкамам дадаткова атрыманы грашовыя сродкі і па дадзенай даходнай крыніцы.

Сяргей Віктаравіч ДУНЕЦ – трактарыст па падрыхтоўцы лесасек, тралёўцы і вывазцы лесу дзяржаўнага лесагаспадарчага прадпрыемства “Ушацкі лясгас”.

Аднойчы абраўшы сціплую спецыяльнасць трактарыста, ён стаў прафесіяналам, у якой бы галіне ні працаваў: у сельгаспрадпрыемстве з граблямі і плугамі, ці з маніпулятарам, як 8 год у Плінскім лясніцтве. Выдатнае веданне тэхнікі і бездакорнае абыходжанне з ёй дазваляюць мінімізаваць прастоі з-за рамонтаў і пастаянна быць у страі. Сяргей Віктаравіч – тая надзейная адзінка, пра якіх кажуць: “Не падвядзе”. Яго працай любуешся: вялізнымі металічнымі шчыпцамі ён з віртуозным спрытам захоплівае і ўкладвае бярвёны, вывозячы іх з цяжкадаступных мясцін. Вельмі часта яго рабочы дзень выходзіць за рамкі вызначаных гадзін, і зацікаўлены ў агульных выніках прадпрыемства, ён выконвае даведзеныя заданні на 130 працэнтаў.

Ірына Уладзіміраўна ЛЕСНІЧЭНКА – настаўнік беларускай мовы і літаратуры Ушацкай сярэдняй школы.

За яе плячыма амаль тры дзясяткі вучэбных сезонаў і сотні школьнікаў, якім яна прывівае любоў да роднага слова. Яе навучэнцы паказваюць высокія вынікі на цэнтралізаваным тэсціраванні, становяцца пераможцамі навукова-практычных канферэнцый, конкурсаў даследчых работ. Нядаўна яе вучаніца стала дыпламантам заключнага этапа рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Кожны ўрок Ірыны Уладзіміраўны – у пэўным сэнсе адкрыццё. Яна не абмяжоўваецца “сухім” матэрыялам падручнікаў – заўсёды знаходзіць штосьці цікавае, што развівае культуру, адукаванасць дзяцей, выкарыстоўвае ў рабоце сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі.

Кацярына Іванаўна МЕЛКАМУКАВА – прыбіральшчык тэрыторыі ўчастка добраўпарадкавання ўнітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Ушацкага раёна.

У тым, што госці нашага райцэнтра застаюцца ўражанымі чысцінёй і прыгажосцю Ушач, ёсць вялікая персанальная заслуга Кацярыны Іванаўны. На працягу амаль дзесяцігоддзя гэтая жанчына сваімі адносінамі да даручанай справы даказ­вае, што прэстыж прафесіі напрамую залежыць ад яе неабходнасці для грамадства. За руплівасць і добразычлівасць яе паважаюць калегі, адрасуюць словы ўдзячнасці жыхары гарпасёлка. І пакуль на нашых прадпрыемствах ёсць такія людзі, як К.Мелкамукава, ушацкія вуліцы будуць радаваць нас чысцінёй тратуараў, зелянінай дрэў і прыгажосцю кветнікаў.

Алег Юльянавіч КРЫВЁНАК – трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці ААТ “Агра-Селішча”.

І адзін у полі воін – гэта пра Алега Юльянавіча, бо літаральна некалькі такіх жа як ён адданых гаспадарцы прафесіяналаў і падтрымліваюць заўсёды рабочае надвор’е ў калектыве. Хоць мінула 27 год з таго часу, як ён сеў за руль свайго першага трактара, не было такога сезона, каб імя А.Ю.Крывёнка не прагучала ў перадавіках. Давераных агрэгатаў у яго больш, чым рук, таму правільней называць яго не трактарыстам, а хлебаробам, які дасканала ведае ўсе цыклы сельгасработ і сёлета завяршае сваю 53 пасяўную (іх у годзе дзве) – прычым лідзіруе ў раёне на падрыхтоўцы глебы. Чалавек справы, хоць слова таксама заўсёды трымае, уласным прыкладам суперадказнымі і прынцыповымі выхоўвае як родных, так і прыёмных дзяцей.

Алег Томавіч ПУГАЧОЎ – загадчык групы тылавога забеспячэння аддзела ўнутраных спраў Ушацкага райвыканкама.

У РАУС на розных пасадах, у тым ліку кіраўніка, Алег Томавіч працаваў з 1988 года – прыкіпеў душой да аддзела, таму пасля выхаду на заслужаны адпачынак узяўся тут за гаспадарчыя справы. Напэўна, усе заўважылі, як за апошнія гады змяніўся будынак райаддзела міліцыі: устаноўлены новы скатны дах, праведзены рамонт многіх памяшканняў, абноўлены інтэр’ер усіх кабінетаў, фае і многае іншае. Прыклаў жа руку да такіх “рэформ” А.Т.Пугачоў. Добраўпарадкаванне, закупкі, арганізацыя работы прадстаўнікоў падрадных арганізацый – спраў у Алега Томавіча шмат! І з усімі ён спраўляецца паспяхова.

Святлана Рыгораўна КЛАЧОК – бібліятэкар Ушацкай дзіцячай бібліятэкі-філіяла №1 Ушацкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.

Усю прафесійную дзейнасць, а гэта ажно 30 гадоў, прысвяціла храму дзіцячай кнігі. Юных наведвальнікаў установы, іх бацькоў Святлана Рыгораўна ведае ў твар, арыентуецца ў захапленнях, што дазваляе хутка падабраць патрэбны матэрыял. Дбае пра прывіццё падрастаючаму пакаленню любові да прыроды, з 2005 года з’яўляецца кіраўніком дзіцячага аматарскага экалагічнага аб’яднання “Расінка”. Сама бібліятэкар шмат чытае, асвойвае сучасныя камп’ютарныя тэхналогіі, удзельнічае ў конкурсах прафмайстэрства. Актыўная і ў грамадскім жыцці – з’яўляецца старшынёй прафкама пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Ушацкай ЦБС.

Андрэй Пятровіч ЛІТВІН – трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці КУСГП “Глыбачаны”.

Адзін з самых вопытных і працавітых глыбачанскіх механізатараў, за плячыма якога два з паловай дзясяткі гадоў работы ў галіне. Летась Андрэй Пятровіч узараў і падрыхтаваў 170 гектараў глебы пад сяўбу, пасеяў 870 гектараў зерневых і зернебабовых культур, а ў перыяд корманарыхтоўкі перавёз без малога 2 тысячы тон зялёнай масы. Не сядзіць без справы і ў зімовы перыяд – працуе на пагрузчыку “Амкадор” на жывёлагадоўчых аб’ектах гаспадаркі. Не адзін сезон убіраў ураджай на камбайне. Ён з любой тэхнікай на “ты” і разбіраецца ў ёй надзвычай дасканала, заўсёды гатовы прыйсці на выручку сваім калегам, таму заслужана карыстаецца сярод іх павагай.

Віктар Васільевіч ФЕДАРЭНКА – старэйшына вёскі Лутава Сяльцо Ушацкага сельсавета.

Летась Лутава Сяльцо прызнана лепшым населеным пунктам на раённым конкурсе па добраўпарадкаванні, і вялікая заслуга ў гэтым Віктара Васільевіча. Арганізаваць суботнік, прасачыць за станам прыдамавых тэрыторый грамадзян, сабраць сродкі самаабкладання для яго не праблема. У мінулым годзе па ініцыятыве старэйшыны ў вёсцы абсталяваны месцы прыпынку аўтамагазіна, устаноўлены 2 альтанкі і добраўпарадкавана тэрыторыя ля іх. Пастаянна трымае сувязь са старшынёй сельвыканкама, кантралюе работу аўтамагазіна, вулічнага асвятлення, стан дарог і медыцынскага абслугоўвання. Прынцыповы, унікае ў праблемы людзей і заўсёды гатовы аказаць дапамогу аднавяскоўцам.

Сяргей Аркадзьевіч ФІЛІМОНАЎ – трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці  КУСГП “Вялікадолецкае”.

Гэты спакойны і добразычлівы чалавек з кагорты тых, на кім трымаюцца прадпрыемствы. На працягу 31 года ён нязменна працуе на ўзворванні, сяўбе, адвозцы кармоў і арганікі, іншых відах работ. З любымі заданнямі спраўляецца якасна, у тэрміны, з захаваннем агратэхнічных патрабаванняў. Напрыклад, у мінулым сезоне на трактары МТЗ-3022, падрыхтаваў больш 1800 гектараў пад сяўбу зерневых. З’яўляецца пастаянным удзельнікам раённай цырымоніі ўшанавання працаўнікоў сяла, неаднаразовым пераможцам спаборніцтваў сярод трактарыстаў-машыністаў, а таксама лаўрэатам звання “Чалавек года Віцебшчыны-2013”.

Галіна Віктараўна ДЫММАН – загадчык сектара архітэктуры і будаўніцтва Ушацкага раённага выканаўчага камітэта.

Пры яе непасрэдным удзеле на Ушаччыне традыцыйна выконваюцца такія важнейшыя паказчыкі, як аб’ём будаўніча-мантажных работ, увод у эксплуатацыю жылля. Планаванне, арганізацыя работы, кантроль і аналіз – усе гэтыя функцыі ляжаць на плячах спецыяліста. Спраўляцца ж з імі дапамагае не толькі багаты працоўны стаж у галіне, але і надзвычайная адказнасць да даручанай справы. Галіна Віктараўна валодае глыбокімі будаўнічымі, тэхнічнымі, эканамічнымі ведамі, займаецца самаадукацыяй. У Г.В.Дымман нямала ўзнагарод рознага ўзроўню, але ж галоўным для сябе жанчына лічыць аўтарытэт у землякоў, любоў блізкіх.

Маргарыта Андрэеўна ГРЫНБЕРГ – настаўнік па класе домры дзяржаўнай установы адукацыі “Ушацкая дзіцячая школа мастацтваў”.

Прэстыж Ушацкай школы мастацтваў зарабляецца менавіта такімі прадстаўнікамі педагагічнай эліты, як Маргарыта Андрэеўна. Больш трох з паловай дзясяткаў год гэты апантаны сваёй справай чалавек прывівае дзецям любоў і павагу да музыкі. Многія яе вучні працягваюць справу педагога ў розных установах краіны. М.Грынберг з’яўляецца нязменным кіраўніком аркестра народных інструментаў, які з 2004 года носіць званне “ўзорны”. Калектыў пастаянна славіць раён на прэстыжных конкурсах: сярод апошніх дасягненняў – дзве запар перамогі на міжнародным фестывалі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”. Бязмежная працавітасць, энтузіязм, інтэлігентнасць робяць Маргарыту Андрэеўну прыкладам для калег.

Вера Васільеўна КІЛІНА – намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Ушацкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы.

Нягледзячы на даволі малады ўзрост, В.Кіліна з’яўляецца адным з самых вопытных і паспяховых трэнераў Ушацкай ДЮСШ. За без малога паўтара дзясятка год працоўнага стажу яна падрыхтавала цэлы шэраг дзюдаістаў і самбістаў, якія прадстаўлялі нашу вобласць і краіну на прэстыжных спаборніцтвах. Мінулы год аказаўся для Веры Васільеўны знакавым: яе былая выхаванка А.Архіпава стала срэбраным прызёрам ІІ Еўрапейскіх гульняў па самба, а цяперашнія вучні заваявалі на турнірах 14 узнагарод рознай ступені. Удала спраўляецца В.Кіліна і з адміністрацыйнымі абавязкамі, уносячы вялікі ўклад у паспяховую дзейнасць Ушацкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы.

Ганна Валер’еўна БУГАЙ – электрамеханік лінейных збудаванняў сувязі і абаненцкіх прылад лінейна-тэхнічнай групы Ушацкага ўчастка электрасувязі Полацкага занальнага вузла электрасувязі Віцебскага філіяла РУП “Белтэлекам”.

Вось ужо 9 гадоў працуе ў галіне сувязі і з найноўшымі тэхналогіямі на “ты”. Была аператарам і спецыялістам у групе продажу паслуг, а з 2018-га на плячах Ганны Валер’еўны ўся справаздачнасць участка і кадравая работа. За высокія дасягненні ў працы ў 2018 годзе Г.В.Бугай адзначана Падзякай Віцебскага філіяла РУП “Белтэлекам”, а ў 2019-м трапіла на маладзёжную Дошку гонару Ушаччыны. Актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці калектыву, розных раённых спаборніцтвах. Захапляецца спортам, вольны час праводзіць з сям’ёй: мужам і дачушкай.

Зоя Васільеўна КАЗАЧОНАК – сацыяльны работнік тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ушацкага раёна.

Амаль 19 гадоў спяшаецца яна да падапечных пенсіянераў. Графік для кожнага свой, у залежнасці ад узросту і стану здароўя. І калі наведаць аднавяскоўцаў – жыхароў Царкавішча – для сацработніка не праблема, то дабірацца, скажам, у Замошша даводзіцца самымі рознымі спосабамі. Між тым, да такіх акалічнасцяў яна даўно прывыкла. Для ўсіх бабуль і дзядуляў, якіх абслугоўвае, Зоя Васільеўна не проста памочніца ў бытавых клопатах – яна крыніца інфармацыі, сувязь са знешнім светам і проста блізкі чалавек, які добра ведае, хто які хлеб любіць, каму якія лекі прапісаны. Ладзіць з прадстаўнікамі сталага пакалення жанчыне дапамагае лагодны характар.

Аляксандр Уладзіміравіч ТАЛЯРОНАК – настаяцель прыхода храма велікамучаніцы Параскевы Пятніцы.

Шэсць гадоў таму айцец Аляксандр узначаліў прыход храма ў аграгарадку Арэхаўна і за гэты час стаў духоўным настаўнікам жыхароў не толькі гэтага населенага пункта, але і многіх іншых. На яго службы прыязджаюць людзі з розных куточкаў Ушаччыны, і сам ён часты госць у школах і прытулку для пажылых людзей. Заўсёды тактоўны, паважлівы, айцец Аляксандр асабістым прыкладам вучыць ушачан захоўваць чысціню веры, сямейныя каштоўнасці, любіць і дапамагаць адзін аднаму. Вельмі шмат часу ўдзяляе падрастаючаму пакаленню, на службах у храме заўсёды прысутнічаюць дзеці. Пры прыходзе адкрыта і паспяхова працуе нядзельная школа, а яе выхаванцы – пастаянныя ўдзельнікі розных праваслаўных конкурсаў. Клапоціцца пра добраўпарадкаванне царквы, а таксама аб зборы матэрыялу па яе 200-гадовай гісторыі.

Уладзімір Вадзімавіч РАМАШЭЎСКІ – аператар па штучным асемяненні жывёлы вытворчага ўчастка “Свінагадоўчы комплекс “Сарочына” ААТ “Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў”.

Хоць пачынаў працаваць на комплексе слесарам, 11 год таму па ўласным жаданні перайшоў на больш адказны ўчастак. Пераймаў вопыт у старэйшых калег і стаў надзейным плячом у жаночай брыгадзе, якая дае жыццё ўсяму пагалоўю комплексу. Нягледзячы на тое, што тэорыі вучыўся на меней чым гадавых курсах, яго ведаў хапае, каб удзельнічаць у абласных конкурсах прафесійнага майстэрства, адкуль неаднаразова вяртаўся з перамогамі. Дзякуючы каманднай працы брыгады асемянатараў, якая абслугоўвае 1987 галоў, тры апошнія гады літаральна ўсе паказчыкі павялічваліся, а за 2019-ы выхад парасят ад адной свінаматкі склаў 11 галоў, працэнт апладняльнасці – 87,5.

Васіль Васільевіч БУЧЫНСКІ – жывёлавод 5 разраду філіяла “Маяк-Ушацкі” ААТ “Полацкі камбінат хлебапрадуктаў”.

37 гадоў стажу – і ўсе ў якасці жывёлавода. Больш таго, В.В.Бучынскі не мяняў месца працы – старажыл комплексу па вырошчванні буйной рагатай жывёлы, і нязменна заняты на другім перыядзе. Заўсёды ўсмешлівы і спакойны, тым не менш ён вельмі адважны чалавек, бо штодня ўваходзіць у загоны з 500-кілаграмовымі быкамі, а яны яго слухаюцца. Не толькі за тое, што корміць – Васіль Васільевіч шчыра клапоціцца пра сваіх падапечных, па настроі выяўляе прыхварэўшых і дапамагае ветурачу ў дыягностыцы і лячэнні. 700 грамаў прываг у мінулым годзе – гэта менш яго асабістага рэкорду, бо былі гады, калі бычкі прырасталі больш чым на кілаграм. А вось развітвацца з імі яму кожны раз шкада.

Аляксандр Пятровіч МАЙСЕЕНКА – трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці ААТ “Ільюшынскі”.

Працаваць так, каб не было сорамна за зробленае, рабіць па максімуме і якасна – такі дэвіз у гэтага стараннага мужчыны. Роднай гаспадарцы ён прысвяціў 25 гадоў прафесійнага шляху. Аляксандру Пятровічу смела давяраюць любы фронт работ – ад падрыхтоўкі глебы да касьбы – і ён ніколі не падводзіць. Спраўна працуе ў яго руках і давераная тэхніка – МТЗ-1221, “Палессе” і “Кіравец”. На многіх відах сельгасработ ён штогод становіцца пераможцам раённых спаборніцтваў, яго прозвішча заносілася на Дошку гонару гаспадаркі. На рахунку А.П.Майсеенкі нямала іншых узнагарод, адна з апошніх – Ганаровая грамата камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама. А яшчэ ён выдатны гаспадар, клапатлівы муж і бацька.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *