Запланаваныя на вясну аб’ёмы ў ААТ “Ільюшынскі” ўражваюць – пад яравую сяўбу адведзена больш дзвюх тысяч гектараў. Адолець такія плошчы і ўкласціся ў аптымальныя тэрміны няпроста, таму аграрыі стараюцца не губляць ніводнай спрыяльнай хвіліны і трактары гудуць на палях штодня ўжо ў 6 гадзін раніцы.
Пыл слупам у сярэдзіне гэтага тыдня стаяў на палетках каля Гуты. Менавіта гэтыя ўчасткі абралі для сяўбы ячменю, элітнае насенне якога напярэдадні закупілі на Лепельскай сортавыпрабавальнай станцыі. Сонечнае надвор’е, добрыя ўчасткі і арганізацыя работы стварылі выдатны настрой Анатолю Усовіку (на здымку) і Віктару Буйніцкаму – менавіта ім у чарговы раз давераны пасяўныя агрэгаты і важная місія.
– Працуем у рэжыме ад цямна да цямна, сяўба, як вядома, не ведае выхадных і да гэтага мы адносімся з разуменнем. Спадзяёмся, што сёлета вырасце добры ўраджай, – на хвілінку спыніўшы тэхніку, гавораць А.Усовік і В.Буйніцкі, для якіх гэтая пасяўная кампанія далёка не першая ў сельскагаспадарчай кар’еры. Першы, дарэчы, улетку традыцыйна перасядзе на камбайн, каб убраць тое, што пасеяў.
– Шчыра кажучы, не ведаю, што б рабілі без гэтых механізатараў! Адказныя, надзвычай сумленныя і вопытныя. За імі сачыць ці пераправяраць не трэба, на любых работах усё зробяць як след, – адзначае кіраўнік гаспадаркі С.А.Халімоненка.
Аднак аднаго кантралёра на полі ўсё ж давялося ўбачыць: то і справа перад трактарамі ці адразу за імі паважна прагульваўся бусел. “Знаёмцеся, гэта наш аграном!” – усміхнуўшыся, заўважылі працаўнікі.
Іх вопыт і запал пераймае і малады перадавік гаспадаркі Ігар Кароткі, які адказвае за дастаўку насення на палі і загружае пасяўныя агрэгаты.
Як вядома, не заправіш – не паедзеш і, каб не губляць каштоўныя хвіліны, уся тэхніка па меры неабходнасці запраўляецца таксама прама на полі. Для гэтага да ўсіх задзейнічаных на работах на бензавозе спяшаецца Ігар Целепень.
Фронт жа работы для сеялак рыхтуюць не менш старанныя працаўнікі. Напрыклад, на ўзворванні глебы на МТЗ-3022 заняты Дзмітрый Бурак, а на падрыхтоўцы на “Кіраўцы” і МТЗ-1221 шчыруюць Аляксандр Майсеенка і Аляксандр Селезень. А вось Анатоль Спірыдзёнак “лётае” па палетках на “Дзвіне” – на ўнясенні мінеральных угнаенняў ён упэўнена лідзіруе ў раёне, апрацаваўшы ўжо больш тысячы гектараў!
Вядома ж, любая тэхніка можа выйсці са строю. Калі ў ільюшынскіх аграрыяў здараюцца паломкі, рамонтная майстэрня на колах выязджае прама ў поле. “Наша МНС” – так у гаспадарцы звыкла называюць Вячаслава Аўсіевіча і іншых работнікаў, якія на спецыяльнай машыне ў выпадку збояў едуць на выручку.
У гаспадарцы ствараюць максімальныя ўмовы, каб не адцягваць увагу сейбітаў ад працы. Абеды падвозяцца прама на поле, абыходзяцца працаўнікам яны ў сімвалічную суму: 70 працэнтаў кошту за іх аплачвае гаспадарка. Падводзяцца вынікі зробленага за кожны дзень, вызначаюцца задачы на наступны. І людзі добра ведаюць, што шчыра папрацаваўшы, можна нядрэнна зарабіць. А матэрыяльны стымул – важнейшая мера заахвочвання. З цікавасцю адкрываюць ільюшынцы кожны нумар “раёнкі”, каб паглядзець Дошку гонару, зацверджаную на час сяўбы і раённага спаборніцтва. Не толькі каб убачыць знаёмыя імёны, а і паглядзець, як працуюць калегі з іншых арганізацый. Дарэчы, па традыцыі ў “Ільюшынскім” праводзіцца і сваё ўнутрыгаспадарчае спаборніцтва, а па завяршэнні сяўбы лепшыя працаўнікі абавязкова будуць заахвочаны.
Па стане на ўчарашні дзень аграрыі гаспадаркі ўжо набліжаліся да экватару сяўбы. Справіўшыся на ільюшынскіх палетках, тэхніка адправіцца на старасельскія землі. Зразумела, не адной пасяўной зараз жывуць працаўнікі сельгаспрадпрыемства. Многія іншыя віды работ выконваюцца на палетках, пашах, фермах. Але сяўба – галоўны, трэба закласці надзейную аснову ўраджаю-2020.
Вольга КАМАРКОВА.
Как посеешь, так и пожнешь, поэтому теперешняя работа у аграриев очень ответственная и основополагающая, от которой напрямую зависит будущий урожай. Так держать мужики!