Специалисты Минздрава советуют мамам с малышами не отменять прогулки, но гулять там, где много воздуха и мало людей!

Здравоохранение Общество

Кожны тыдзень Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь праводзіць брыфінгі і стрымы, падчас якіх адказвае на актуальныя і хвалюючыя пытанні журналістаў і грамадзян. На апошняй анлайн-канферэнцыі ішла размова не толькі пра агульныя лічбы і сітуацыю з каранавірусам, а і прафілактыку гэтага захворвання ў дзяцей.

Па апошніх даных у Беларусі сярод тых, хто захварэў каранавіруснай інфекцыяй, 116 дзяцей. У абсалютнай большасці выпадкаў захворванне працякае без сімптомаў або ў лёгкай форме. Тэмпература не мае крытычных значэнняў, як правіла яна субфебрыльная. Можа быць слабасць, рвота, невялікі кашаль і боль у горле.

Як жа можна зберагчы дзяцей ад інфекцыі? Спецыялісты Міністэрства адзначаюць, што ў цэлым прафілактыка такая ж, як і для дарослых. Раскажыце дзецям, што такое вірус, і навучыце асноўным правілам рэспіраторнага этыкету. Звярніце ўвагу на тое, што трэба карыстацца аднаразовымі насоўкамі, часцей мыць рукі з мылам, не цягнуць іх да твару. Абавязкова пазнаёмце іх з антысептычнымі сродкамі і самі паказвайце прыклад. Дзеці павінны пазбягаць кантакту з хворымі і месцаў масавага знаходжання людзей. Калі ўсё ж не атрымліваецца абмінуць грамадскае месца, то таксама надзеньце дзіцяці маску. Не забывайцеся аб правільным харчаванні і ўключэнні ў рацыён фруктаў і садавіны.

Ці можна гуляць на вуліцы з малышамі? На гэтае пытанне, якое паступіла ад маладых мам, галоўны спецыяліст аддзела дапамогі маці і дзецям Міністэрства аховы здароўя Таццяна Бурдзь адказала наступнае: “Адназначна трэба! Але пазбягайце масавых месцаў, выбірайце для прагулак участкі, дзе многа свежага паветра і мала людзей!”

Трэба сказаць, што ўшачане прытрымліваюцца такіх рэкамендацый – на цэнтральных вуліцах апошнім часам практычна не ўбачыш маладых мам з каляскамі. “Раней ішлі гуляць раніцай і ўвечары, зараз выходзім адзін раз у дзень у добрае надвор’е і не ў кампаніі з кім-небудзь, а адны, выбіраючы немнагалюдныя месцы і вуліцы. У магазін не хаджу, прадукты нам без кантакту перадае бабуля”, – расказвае Анастасія Баркоўская. Прыкладна такіх жа прафілактычных дзеянняў прытрымліваецца і яшчэ адна мама ў дэкрэтным адпачынку Вікторыя Чорная: “Паколькі жывём у прыватным доме, то нашы з дзецьмі прагулкі і знаходжанне на свежым паветры кожны дзень адбываюцца ў межах сваёй сядзібы. Мінімізавалі кантакты, не ходзім у госці і гасцей не прымаем. З сябрамі і роднымі пастаянна падтрымліваем зносіны праз відэасувязь. У магазін за прадуктамі на шляху з работы адпраўляем тату і абавязкова ў масцы”.

Прытрымлівайцеся нескладаных правіл дзеля свайго здароўя і вашых дзяцей. Як кажуць – прафілактыка лішняй не бывае!

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *