Ей под силу любой заказ! Более 18 лет посвятила швейному производству Елена Казьянина

Экономика и малый бизнес

Ёсць людзі, пра якіх кажуць, што ў іх усё гарыць у руках. Любыя маніпуляцыі – ці то на рабоце, ці ў хатніх справах – яны робяць на парадак хутчэй, чым іншыя. Начальнік швейнага цэха ўшацкага філіяла ААТ “Сцяг індустрыялізацыі” Алена Васільеўна Казьяніна – якраз з такіх. “Гэта – прафесійнае, – усміхаецца яна. – За 18 год на швейнай вытворчасці прывыкла цаніць кожную хвіліну…”

Вядома ж, спрыт у выкананні аперацый ды і проста ў рукадзеллі залежыць ад здольнасцяў, але Алена ўпэўнена, што пры жаданні яго можна напрацаваць. Калі пасля заканчэння Віцебскага тэхніка-тэхналагічнага каледжа яна размеркавалася на мясцовае прадпрыемства “Імельда”, якое спецыялізавалася на выпуску гарсэтных вырабаў, у першы час адольвала за змену толькі 200 адзінак прадукцыі, але ж паступова аперацыя, на якой спецыялізавалася, дайшла ў яе да аўтаматызму і лічба ўзнялася да 840. Стараннасць і кемлівасць маладой работніцы ацаніла кіраўніцтва – яе прызначылі майстрам. Пазней дзяўчына вырашыла працягнуць кар’еру на мінскім прадпрыемстве “Маруся”, што выпускала дзіцячае адзенне. Для прафесійнага росту гэта было дарэчы: асвоіла новыя машыны, напрактыкавалася ў шыцці самых розных вырабаў ад рэчаў для немаўлят да школьнай формы.

Аднак асабістае жыццё склалася так, што давялося вярнуцца на малую радзіму, куды, да слова, Алену заўсёды цягнула. Да таго ж ва Ушачах была магчымасць пабудаваць кватэру, чым яна і скарысталася. Прафесія ж швачкі ў нас заўсёды запатрабаваная. Прыгадвае, як цікава было выконваць індывідуальныя заказы ў КБА. Ну а з 2012 года пастаянным працоўным месцам для яе стаў прамкамбінат, на якім спачатку шчыравала ў якасці тэхнолага, а ў 2015-м, калі аўтарытэтны і вопытны начальнік швейнага цэха Галіна Вікенцьеўна Жаўранак пайшла на заслужаны адпачынак, тагачасны дырэктар камбіната Галіна Анатольеўна Грыдзюшка без ваганняў даручыла вакантную пасаду Алене.

За гэтыя гады прамысловае прадпрыемства зведала і ўзлёты, і крызісныя этапы. Вельмі прыемна было па выніках 2013-га аказацца ў чацвёрцы лепшых у Беларусі вытворцаў спецадзення. Напружаным, але цікавым стаў перыяд актыўнага ўдзелу ў тэндарах. “Гэта была сапраўдная бітва за заказы. У самы сціслы тэрмін шылі ўзоры мадэляў, ледзь не начавалі ў цэху, але часта карпатлівая работа аказвалася дарэмнай, бо выбіралі іншых. Затое калі ўдавалася выйграць – гэта было сапраўднае свята для ўсіх”, – расказвае А.Казьяніна.

У іх касцюмах працуюць на сваіх аб’ектах газавікі і энергетыкі, будаўнікі і хімікі, выраблялі швачкі пасцельныя камплекты, пледы і нават мяккія цацкі, а пасля далучэння прамкамбіната да “Сцяга індустрыялізацыі” давялося асвоіць пашыў модных штаноў і паліто. “Мой любімы момант – калі трэба запусціць у вытворчасць новую мадэль, – з захапленнем расказвае Алена. – Першы экзэмпляр цалкам шыю сама, пасля чаго дзялю працэс на асобныя аперацыі і размяркоўваю паміж швачкамі”.

Не сакрэт, што апошнім часам на прадпрыемстве не было стабільнасці і многія работніцы не вытрымалі выпрабаванняў. Гераіня аповеду прызналася, што таксама падумвала аб пошуку іншай работы, ды яе калегі – старажылы камбіната Ганна Мікалаеўна Сурвіла, Ларыса Віктараўна Аўдошка, іншыя швачкі – “не адпусцілі”. Дэфіцыт кадраў у цэху, які зараз працуе над вырабам масак, адчувальны. Але ж яго начальнік стараецца не губляць аптымізму. І, напрыклад, ахвотна расказвае пра здольную дзяўчыну з Селішча, якая зараз праходзіць у іх вытворчую практыку.

Прынамсі, на працягу трэцяй вучэбнай чвэрці набывалі тут практычныя навыкі і адзінаццацікласніцы Ушацкай школы, якія вучацца па спецыяльнай праграме і разам з атэстатам атрымаюць пасведчанне швачкі другога разраду. Адметна, што іх педагог Алена Васільеўна Шынкоўская ў свой час выкладала швейную справу ва ўшацкім вучэбна-вытворчым камбінаце – адной з яе лепшых вучаніц была Алена, што ў многім і вызначыла яе будучую прафесію. Зараз жа цёзкі разам вучаць пачынаючых майстрых. І абсалютна ўпэўнены, што валоданне іголкай і ніткай – няхай нават не на прафесійным, а на аматарскім узроўні – вялікі “плюс” для любой сучаснай жанчыны.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *