Всё необходимое доставят соцработники и волонтёры. Как социальная служба Ушаччины работает в период эпидемии и помогает пожилым

Общество

У любым грамадстве існуюць групы людзей, што найбольш складана пераносяць крызісныя выпрабаванні. Да такіх у першую чаргу належаць пажылыя грамадзяне і інваліды, якім зараз патрэбна наша павышаная ўвага. Іх аслабленыя арганізмы не здольныя супрацьстаяць вірусам: такім людзям небяспечна пакідаць дом, а многія з іх ужо і не могуць гэта рабіць. Для таго каб аказаць ім дапамогу, розныя службы, арганізацыі і валанцёрскія суполкі аб’ядноўваюць свае намаганні. А каб іх узаемадзеянне было больш плённым, створаны Раённы штаб для каардынацыі работы па аказанні дапамогі асобам старэй працаздольнага ўзросту, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі сацыяльнай, медыцынскай, паштовай, гандлёвай і іншых сфер. Узначаліла штаб старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч.

Яшчэ большая адказнасць ускладаецца зараз на сацыяльных работнікаў, што займаюцца комплексным абслугоўваннем пажылых людзей і інвалідаў. Візіта Таццяны Віктараўны Фамёнак з нецярплівасцю чакаюць дзевяць жыхароў райцэнтра і вёскі Ваўчо. У панядзелак у другой палове дня сустрэлі яе з поўнымі сумкамі на вуліцы Калінінскай ля дома Надзеі Паўлаўны Качан – пажылую ўшачанку падводзіць здароўе і без дапамогі сацработніка ёй ніяк не абысціся. Адносіны ж паміж імі вельмі цёплыя.

– Неяк я прыхварэла, дык мая Надзея Паўлаўна абарвала тэлефон: ледзь не кожную гадзіну званіла, цікавілася, як сябе адчуваю, – расказвае сацыяльны работнік – і нават маска, якая зараз стала абавязковым атрыбутам, не можна схаваць яе прыемную ўсмешку.

З раніцы Таццяна Віктараўна ўжо пабывала і ў сваёй самай старэйшай падапечнай – Надзеі Мікалаеўны Пашуты. Прынесла ваду і дровы, прыгатавала абед.

– Ведаеце, хоць ёй ужо 93 гады, аднак аптымізму ў гэтай жанчыны могуць павучыцца нават маладыя. “Не хвалюйся, Таня! Перанеслі столькі нягод, перажывём і гэтую пандэмію!” – кажа яна мне. Так што яшчэ невядома, хто з нас каго падбадзёрвае! – разважае жанчына.

Але ж, канечне, ёсць сярод пажылых людзей і куды менш устойлівыя: ім аптымістычныя словы бываюць патрэбны нават больш, чым прадукты ды ўборка.

– Першапачаткова, калі ўзнікла тэма з каранавірусам, мы ставілі перад сацработнікамі задачу тлумачыць неабходнасць самаізаляцыі, – расказвае дырэктар ТЦСАН Ушацкага раёна Ірына Анатольеўна Ціханава. – Зараз жа робіцца ўпор менавіта на псіхалагічную падтрымку. Штодня сядзець у чатырох сценах і слухаць трывожныя навіны – складана ў любым узросце. Вось і раяць нашы работнікі не злоўжываць тэлесеансамі, а лепш заняцца рукадзеллем, пачытаць добрую кніжку…

Такім чынам, за тых пажылых, што знаходзяцца на комплексным абслугоўванні (а іх у раёне каля 600) ці жывуць у аддзяленні кругласутачнага прабывання ў Вяркудах, хвалявацца падстаў няма. Але ж ёсць і катэгорыя, для якой патрэба ў дапамозе стала актуальнай у сувязі з сама­ізаляцыяй. Мы ўжо паведамлялі, што ТЦСАН прымае заяўкі ад адзінокіх пажылых людзей і інвалідаў па дастаўцы ім прадуктаў, лекаў і тавараў першай неабходнасці. Пра наяўнасць такой паслугі сацыяльная служба праінфармавала не толькі праз газету, а і надрукаваўшы 2500 лістовак, распаўсюдзіць якія па ўсім раёне дапамаглі паштавікі і вадзіцелі аўталавак. А каб увогуле ніводны чалавек з групы рызыкі не застаўся па-за ўвагай, работнікі цэнтра абзвоньваюць усіх адзінокіх і адзінокапражываючых грамадзян, трымаюць сувязь са старэйшынамі вёсак. Распрацаваны спецыяльны алгарытм аказання дапамогі грамадзянам, што жывуць на сяле. Каб агучыць сваю просьбу, у працоўны час па буднях ім варта патэлефанаваць у сельвыканкам, а па выхадных – у кол-цэнтр ТЦСАН (5-03-75). Ну а для выканання заявак у сельсаветах створаны адмысловыя групы ўзаемадапамогі, у складзе якіх прадстаўнікі сельвыканкамаў, інспектары па асноўнай дзейнасці цэнтра і сацработнікі з гэтай мясцовасці.

За апошнія дні выканана 12 заявак, якія паступалі, у прыватнасці, ад жыхароў Пораўна, Лясін, Завыдрына, Слабады. Пераважная іх большасць датычылася набыцця лекаў.

– Пакуль з іх выкананнем спраўляюцца нашы сацработнікі, – адзначае загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі на доме Маргарыта Анатольеўна Майсеенка. – Калі ж колькасць заказаў павялічыцца – падключым валанцёраў.

Прынамсі, пазнаёміцца з добраахвотнымі памочніцамі – прадстаўніцамі грамадскіх арганізацый БРСМ і “Беларускі Чырвоны Крыж” – давялося ў гэты ж дзень: маладыя дзяўчаты, так сказаць, у тэставым рэжыме, даставілі харчовы заказ пажылому жыхару райцэнтра (на здымку). Да слова, для закупкі прадуктаў для гэтай мэты спецыяльна вызначаны магазіны “На Калінінскай” і “Вікторыя”, а для набыцця нехарчовых тавараў першай неабходнасці – “Гаспадар”.

– Лічу, што моладзь абавязкова павінна быць на перадавой, аказваць любую пасільную дапамогу ў гэты складаны час, – падзялілася меркаваннямі адна з валанцёраў – малады спецыяліст раённага цэнтра дзяцей і моладзі Дар’я Кісель. – У мяне таксама ёсць бабуля, яна жыве ў вёсцы, і мы клапоцімся пра яе. Аднак родныя, на жаль, ёсць не ва ўсіх пажылых і хворых людзей…

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *