Што “Глыбачаны” – самыя неабсяжныя, ведала і раней. Аднак зазірнуўшы з кіраўніком гаспадаркі Алегам Аляксандравічам Ляшчынскім толькі на тры ключавыя аб’екты – узворванне, культывацыю і сяўбу – усё ж здзівілася, колькі кіламетраў даводзіцца намотваць у дзень, каб кантраляваць ход кампаніі.
Каб скараціць пераезды, тэхніка пакідаецца на стаянцы бліжэй да іх асноўнай дыслакацыі. А распачалі “Глыбачаны” работы не са сваіх, вызначаных межамі гаспадаркі, зямель, а з дубраўскіх. На вялізных палях уздоўж віцебскай трасы, дзе раней ільнозавод сеяў даўгунец, а потым “Дземенец” ды “Райаграсэрвіс” зерневыя – зараз падымаюць клубы пылу глыбачанскія механізатары.
Дарэчы, назваць іх так магчыма з вялікай нацяжкай, бо мясцовых хлебаробаў можна пералічыць па пальцах. Максім Целяпень і Генадзь Спірыдзёнак падвозілі зерне, Міхаіл Брыцік – паліва, ды два чалавекі працавалі з сеялкамі. А асноўныя работы па ўзворванні і падрыхтоўцы глебы вялі памочнікі з Полацкай інтэграцыйнай структуры. Ажно дзесяць чалавек прывозяць адтуль штодня, і гараджане становяцца сапраўднымі вяскоўцамі, хаця ў душы імі і заставаліся, бо незалежна ад запісу ў працоўнай кніжцы шчыруюць выключна на зямлі, хоць і ў розных гаспадарках рэгіёну, што ўваходзяць у інтэграцыйную структуру.
– У вас не ўпершыню – і “Глыбачанам”, і “Маяку” дапамагалі, наогул добра ведаю сельгаспрадпрыемствы Ушацкага, Полацкага, Міёрскага раёнаў, – кажа Вадзім Камянькоў.
Ну а Станіслаў Хукракоў наогул родам з Шумілінскага раёна і вучыўся апрацоўцы глебы на суседніх ульскіх землях.
Вызначыць, дзе працуюць памочнікі, а дзе – свае, можна без праблем. Полацкі атрад здалёк чырванее на ворыве. Магутная новая тэхніка, а гэта практычна ўсе пунсовыя “Кіраўцы”, здольныя цягнуць за сабой шматкорпусныя плугі і шыроказахопныя культыватары. Напрыклад, дзесяцікорпусны плуг, як у В.Камянькова, па зубах толькі ім. І хоць здаецца, лёгка падымае ён пласты ржышча, механізатар кажа, што таксама загразаў. Побач з ім плугі Сяргея Ражкова здаюцца дзіцячымі, аднак затое яго “Беларус” лягчэй пройдзе па нізінах, ды і паліва з’ядае ў разы меней.
– Без дапамогі холдынгу ніяк бы не справіліся, паколькі яравога севу ў нас ажно 2500 гектараў, з іх больш 1800 – толькі зерневых, а тэхнікі ўсёй, разам з дырэктарскай “Нівай”, на якой падвозім даярак, толькі дзесяць. Такія аб’ёмы ні вясной, ні тым больш на час уборкі не па сілах, – кажа намеснік дырэктара Сяргей Іванавіч Кірпічонак. – Хоць і ставілі амбіцыйныя мэты атрымаць 6 тысяч тон зерня, аднак прадбачым праблемы. Асноўная з іх – катастрафічны недахоп угнаення, а на натуральнай урадлівасці глебы далёка не заедзеш.
І таму ў гаспадарцы, дзе і дырэктар, і яго намеснік – аграномы па адукацыі, асаблівы ўпор рабілі на падбор лепшых папярэднікаў. Пасля гароху сеяць пшаніцу, па ржышчы рапсу пойдзе кукуруза, па шматгадовых травах – авёс. І зараз у гаспадарцы 300 гектараў падрыхтаваных зямель. Штурмавалі менавіта апрацоўку глебы, паколькі “Гараны-Агра” абяцалі “падзяліцца” “Амазонай” – дванаццаціметровай сеялкай. Такой хадзіць па роўных даўгіх гонях – самае тое, за дзень можна закрыць і сто гектараў. А пакуль выручалі гаспадарку Мікалай Анатольевіч Лях, а таксама палачанін Сяргей Квяцінскі – на старэнькіх сеялках з захопам у 3,6 і 4 метры бегалі па вялізных палях, засяваўшы па 18-25 гектараў. У канцы тыдня да іх далучыўся Андрэй Пятровіч Літвін і справа пайшла шпарчэй, паколькі гэты механізатар, які летась засеяў практычна ўсе палеткі, адразу закрывае шырыню ў 6 метраў, а ў спрыяльны дзень – па 38 гектараў.
Кожны спецыяліст зараз на вагу золата. Выхаду трактара А.Літвіна ў строй чакалі, каб, калі паўстане неабходнасць, да апрацоўкі змог далучыцца М.А.Лях. Ён універсал – лёгка мяняе напрамкі дзейнасці. Як і былыя члены калектыву, што працуюць у іншых арганізацыях, але з году ў год выручаюць сваю гаспадарку на час аграрных кампаній. Ужо прыйшлі з камунгаса зваршчык Артур Новікаў і слесары Сяргей Рубіс і Уладзімір Баяронак, са сваёй тэхнікай, што асабліва важна – вопытны хлебароб Уладзімір Кішчанка, а з лясніцтва – мінулагодні камбайнер гаспадаркі Уладзімір Тараканаў, на “Амкадоры” займаецца загрузкай Васіль Камовіч.
Нягледзячы на тое, што ў “Глыбачанах” запрацаваны практычна самы вялікі аб’ём – 449 гектараў, крыху болей толькі ў “Маяку-Ушацкім”, сеяць ім яшчэ вельмі многа – 60 працэнтаў плошчаў. І пакуль мы гутарым з кіраўніцтвам гаспадаркі, вялізны “Кіравец”, наблізіўшыся да краю меліяраванага поля, у чарговы раз ператвараецца ў “кропку”. Па 40 гектараў робяць хлопцы на ўзворванні, і па 70 – на падрыхтоўцы. І хоць нямала часу займае падвоз з Полацка, усе з разуменнем аднесліся да таго, што рабочы дзень зараз супадае са светлавым і дома іх бачыць практычна не будуць. У цяперашні час самаізаляцый гэта мабыць і дарэчы. Хаця пакуль была ў гаспадарцы, злавіла сябе на думцы, што абсалютна ніхто тут не гаворыць пра каранавірус. Зусім іншыя праблемы лунаюць над перасыхаючымі палеткамі. Хіба што за руку ніхто не вітаецца.
Вольга Караленка.