В своих подсобных хозяйствах ушачане чаще всего держат птицу и пчёл

Общество

Асабістыя падсобныя гаспадаркі больш не з’яўляюцца абавязковым атрыбутам кожнага жыхара сельскай мясцовасці. Старэюць тыя, для каго трымаць кароўку ці парсюкоў было звыклым ладам жыцця. Тым не менш і сярод моладзі ёсць прыхільнікі натуральнай гаспадаркі – адны трымаюць яе для павелічэння даходаў, другія выключна для здаровага харчавання.

На 1 студзеня 2020 года ў раёне налічвалася 4276 асабістых падсобных гаспадарак – сямей, якія трымаюць хоць якую-небудзь жывёлу або пчол. Гэта меней, чым у папярэднім годзе на 114 двароў. Прадказальна больш за ўсё (962) іх у Сарочынскім сельсавеце – самым вялікім па колькасці населеных пунктаў. Потым ідзе Ушацкі – 816, Вялікадолецкі – 604, Жарскі – 591.

Найбольш жа распаўсюджанай жывёлай на сядзібах застаецца непатрабавальная птушка – 15917 галоў, хаця на летні перыяд гэтую лічбу можна смела памножыць на два ці нават болей. Шматлікая катэгорыя людзей разводзіць куранят-бройлераў, гусей і качак на мяса. Хаця больш за ўсё на дварах нават не птушкі, а самых маленькіх і працавітых пчол – 921 сям’я, а ў кожнай нават пасля зімы знаходзіцца мінімум 2 тысячы асобін.

Пераважная большасць гаспадароў смажаць шкваркі напярэдадні Новага года, тым не менш на 1 студзеня ў хлявах стаяла 836 парсюкоў, больш за ўсё ў Жарскім сельсавеце – 188. А вось на змену буронкам, якіх у раёне засталося толькі 229, прыйшлі козы – 576, што і зразумела: догляд прасцей, а малака няхай і нямнога, затое вельмі карыснае. Як і мяса трусоў, якіх на падворках ушачан практычна столькі ж– 560.

На жаль, у параўнанні з 2019 годам паменела літаральна ўсіх відаў жывёлы. Часцей за ўсё пачалі адмаўляцца ад курэй – мінус 2027 галоў – многія гаспадары наўмысна не трымаюць птушку зімой, а набываюць нясушак з надыходам цяпла, свіней – мінус 232 галавы і трусоў – 256. І ўсё радзей можна заўважыць на падворках коней – засталося ўсяго 117. Сітуацыя таксама зразумелая – іх трымаюць выключна для дапамогі ў той жа гаспадарцы, а нават тыя, хто гэтым займаецца, перавагу надаюць жалезным, а не жывым. Дзіўна, што двароў, дзе трымаюць прысядзібную гаспадарку, менш за ўсё ў Кубліцкім сельсавеце (305), і там жа самая вялікая колькасць коней – 30. Няшмат у раёне засталося і авечак – 339 галоў, і калі раней назіралася павелічэнне колькасці гэтай дробнай жывёлы, то цяпер, на жаль, таксама мінус 12 у параўнанні з 2019 годам.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *