Серые зарплаты

Общество

– Чаму ў водпуск не ідзеш? – пытаўся адзін у другога. – Адпускныя б атрымаў, матэрыяльную дапамогу, вырашыў свае часовыя фінансавыя праблемы і адпачыў… Няўжо не хочаш?

Субяседнік усміхнуўся і без энтузіязму свайго сябра парыраваў: — Хто ж не жадае адпачыць. Толькі хто мне водпуск аплаціць. Не працуеш – не атрымліваеш наогул нічога, не тое што матэрыяльнай дапамогі. Так што, каб адпачыць, трэба спачатку накапіць…

Так. Іншых варыянтаў няма. Каб нешта мець на старасць, на выпадак хваробы, трэба запасіць. Толькі ў адным выпадку гэта спрабуе рабіць сам чалавек, у другім… сістэма дзяржаўнага страхавання. Страхавыя ўзносы, якія плаціць работадаўца і застрахаваная асоба, з’яўляюцца адкладзенай зарплатай (прыбыткам) на выпадак часовай непрацаздольнасці , выхаду на пенсію ці іншы страхавы выпадак. Усяго гэтага пазбаўлены людзі, якія пагаджаюцца на зарплату “ў канвертах”. “Шэрыя зарплаты” не толькі супярэчаць працоўнаму заканадаўству, але і працуюць на памяншэнне пенсій. Бо ў заробак на налічэнне пенсіі ўключаюцца ўсе віды выплат. Чым больш страхавых узносаў унёс работнік, тым вышэй будзе памер пенсіі.

Так, вашым наймальнікам зусім не хочацца думаць пра ваша заўтра, яны думаюць пра сваё сёння. Намнога прасцей прапусціць па ведамасці мінімум, з якога потым і будуць налічацца вашы пенсіі. Заніжаючы выдаткі на аплату працы і фактычна пазбягаючы выплат у Фонд сацыяльнай абароны, кіраўнікі прадпрыемстваў і індывідуальныя прадпрымальнікі робяць вас сацыяльна безабароннымі, ствараюць сацыяльны капкан, трапіць у які можна ў любую хвіліну.

Ці многа такіх прадпрыемстваў у нашым раёне? Прасачыць нескладана, варта толькі прааналізаваць, якая зарплата праходзіць па ведамасці. З 52 арганізацый, якія не маюць галіновай падпарадкаванасці, і індывідуальных прадпрымальнікаў толькі ў 8 заробак перавысіў 200 долараў ці блізка да гэтага. “Вітуш”, “Лес”, “Ушачы”, “Ляснеўшчына”, “ПрамБудЛід”, “Твестуба”, – вось і ўвесь спіс, дзе сярэдняя зарплата работнікаў ад 600 (Ніксілбуд) да мільёна рублёў (АлексНутта). А вось у “Ленга Вест” яна 86 тысяч – працуе ў арганізацыі 10 чалавек!!! Ва “Усвеі” сярэдняя зарплата складае 75 тысяч, КФГ “Мудрак” – 57. Ці трымаліся б за такую зарплату людзі, калі аб’явы аб рабоце стракацяць прапановамі. Думаю, што не.

І менавіта такія справаздачы аб зарплаце зацікавяць у першую чаргу падатковыя органы і Дзяржкантроль. Праверкі будуць працягвацца. Хоць прымусіць работадаўцаў плаціць, не парушаючы працоўнае заканадаўства, складана без дапамогі канкрэтных работнікаў.

П.СМАРГУН, начальнік аддзялення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *