Гэты малады мужчына знешне больш падобны не на трактарыста-машыніста, а на інтэлігента – настаўніка ці, напрыклад, работніка сельвыканкама. І толькі рукі Віталя Цара выдаюць прыналежнасць да прафесіі. Як і ў іншых яго калег яны натруджаныя, прывычныя да працы з металам і ключамі вялікіх памераў.
Нягледзячы на даволі малады ўзрост, Віталь Аляксандравіч з’яўляецца вопытным механізатарам са значным стажам, большасць з якога прыпадае на дзейнасць у КУСГП “Кублічы”. У “Маяк-Ушацкі” ён прыйшоў у мінулым годзе, без праблем уліўся ў калектыў і станоўча зарэкамендаваў сябе. Маючы гучнае прозвішча, зразумела, механізатар часцяком становіцца аб’ектам жартаў вострасловаў, маўляў не на кожны від работ яго паставіш – не “царская” справа! Насамрэч жа няма напэўна такога прычапнога агрэгата, з якім бы гэты механізатар не працаваў – сустракалі яго раней і на трамбоўцы сянажных траншэй, і на перавозцы кармоў, яшчэ на мінулым тыдні мужчына араў, а зараз ужо на энерганасычаным МТЗ-3522 з камбінаваным пасяўным агрэгатам АПП-6 Віталь заняты на сяўбе, прычым на пачатак сяўбы з’яўляўся адным з лідараў раённага спаборніцтва.
Ля Гамылёва, дзе ў чацвер працавалі механізатары “Маяка-Ушацкага”, канцэнтрацыя тэхнікі была значнай. Вялікая гаспадарка ўцягваецца ў веснавую кампанію шырокім фронтам. Акрамя В.Цара на сяўбе аўса быў заняты МТЗ-1221 з СПУ-6 Міхаіла Ражноўскага, які яшчэ на мінулым тыдні таксама ўздымаў глебу. Рыхтавалі яе на магутных “Кіраўцах” Сяргей Шчэрбік, Дзмітрый Дзегцяроў і Яўген Кулянок. Апошні хоць і працуе зараз ва Ушацкім філіяле АТП №6 г.Наваполацка, узяў водпуск за свой кошт і прыйшоў на дапамогу аграрыям. Зерне кладзецца не ў пустую зямлю – пад сяўбу Аляксандр Катлёнак на МТЗ-82 з РДУ-1,5 уносіў амафос.
Як адзначыў дырэктар “Маяка-Ушацкага” Антон Юльянавіч Анецька, другасных відаў работ на сяўбе проста няма. І практычна кожны з дружнай кагорты механізатараў сельгаспрадпрыемства гатовы займацца любым – сеяць хлеб сапраўды царская справа!
Дзмітрый Раманоўскі.