Вопросы о качестве строительства

Общество

Пытанняў не паўстае толькі там, дзе нічога не робіцца. Ну а паколькі будаўніцтва ў раёне вядзецца прыкметнымі тэмпамі, то і пытанні падчас “прамой лініі”, якую праводзілі намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Іванавіч БУХАЛКА і галоўны архітэктар раёна Галіна Віктараўна ДЫММАН, таксама паступалі ад чытачоў нашай газеты актыўна.

Аднак усе з іх Мікалай Іванавіч ахарактарызаваў як лёгкія і вырашальныя. Ну, напрыклад, як не дапамагчы членам садаводчага кааператыва “Дружба” з грэйдзіраваннем цэнтральнай дарогі, калі яна знаходзіцца на абслугоўванні дарожнікаў. І падсыпаць яе не складана, кар’ер блізка, – сказаў Мікалай Іванавіч, – ды і наогул даўно б не было нязручнасцяў у дачнікаў, калі б раней патэлефанавалі, магчыма непасрэдна ў абслугоўваючую арганізацыю.

 

Многа тэлефанаванняў датычылася недаробак або будаўнічага браку. Напрыклад, жыхарка жыллёва-будаўнічага кааператыва №11 Крыскевіч пыталася, куды звяртацца, каб замянілі вокны, якія не адмываюцца, бо ці былі з бракам, ці сталі такімі пасля зварачных работ.

 

Мікалай Іванавіч адказаў, што ўсе скаргі на брак трэба падаваць падрадчыкам – у гэтым выпадку ПМК-66 – у пісьмовым выглядзе. Бо яны могуць як выправіць брак, так і адмовіць, указаўшы прычыны. Калі брак не будзе выпраўлены ці вас не задаволіць адказ, вы зможаце звярнуцца ў вышэйстаячыя арганізацыі. Гарантыйны тэрмін пасля здачы дома – 2 гады.

Дырэктар ПМК-66 у дзень звароту заяўніцы прыслаў на месца спецыяліста. Вокны забралі на замену.

М.І.Бухалка запісаў заяўкі жыхароў з вуліцы Савецкай наконт непрацуючай ліўнёўкі, аграгарадка Кублічы аб пракладцы дарожак да новых домікаў і хлявоў, №5 па Віцебскай аб тым, што ў падвале стаіць вада, каб высветліць сітуацыю на месцы і даць адпаведныя даручэнні камунгасу або будаўнікам.

А.Р.Пахілка быў не задаволены адказам, атрыманым раней праз газету наконт расходавання сродкаў на тэхнічнае абслугоўванне, а таксама скардзіўся на “ляжачага паліцэйскага”, які пакладзены не ў адпаведнасці з тэхнічнымі нарматывамі (перавышае па вышыні, а таксама павінен асвятляцца, а ліхтары ў начны час адключаюцца). Таксама прасіў перанесці яго крыху далей ад дамоў да перакрыжавання з вуліцай Шэдзько.

Мікалай Іванавіч адказаў, што пераносіць ляжачага паліцэйскага не мае сэнсу, паколькі пасля завяршэння пракладкі тратуара яго ліквідуюць наогул. Зараз жа, як толькі вызваліцца фрэза, паліцэйскі будзе “падрэзаны” згодна нарматываў.

Што датычыцца сродкаў, якія расходуюцца на тэхабслугоўванне, то ў лістападзе праз газету жыхары атрымаюць адказ, колькі іх паступіла за трэці квартал і куды былі зрасходаваны.

Да Галіны Віктараўны паступіла пытанне наконт таго, дзе надалей размесцяцца чарговыя кааператыўныя дамы і што чакае ў блізкай перспектыве гарпасёлак.

— ЖБК № 13, 14, 15 таксама атрымаюць прапіску на Віцебскай, толькі ўжо ў напрамку вуліцы Горкага, з якой і павінна злучыцца. Райспажыўтаварыства мяркуе пашырыць гандлёвую сетку ў гэтым мікрараёне. У блізкіх планах таксама будаўніцтва будынкаў суда і ваенкамата.

В.КАРАЛЕНКА
 
 

 

 
 
 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *