В Ушачах появился ещё один торговый объект — «Мир парфюма»

Общество

Няма жанчын, якія не любяць духі, ёсць тыя, што пакуль не знайшлі свой водар. З крылатым выразам знакамітай Мэрылін Манро цалкам згодная ўшачанка Ганна Пацэйка, якая вырашыла ўзяць на сябе функцыю памочніка ў гэтым пошуку. Маладая прадпрымальніца адкрыла ў нашым райцэнтры невялікі магазін “Свет парфума”, дзе ўшачанкі могуць набыць якасную туалетную ваду, за якой раней накіроўваліся ў гарадскія крамы.

Зрэшты, новая кропка можа зацікавіць не толькі прадстаўніц прыгожай паловы, бо тут маецца парфумерыя і для мужчын. Убачылі мы на паліцах і папулярны зараз тавар унісэкс, які падыходзіць для любога полу. Само ж памяшканне, што знаходзіцца ў будынку былога ваенкамата, парадавала прыемным інтэр’ерам: бачна, што гаспадыня мае добры дызайнерскі густ. А яшчэ не баіцца рызыкаваць, бо спыніла выбар на тавары, які не належыць да рэчаў першай неабходнасці.

– Ну, з гэтым можна і паспрачацца! – усміхаецца Ганна наконт апошняй высновы. – Ёсць асобы, для якіх кропелька парфума – абавязковы атрыбут вобразу, без якога яны не выйдуць з дому. І я, напэўна, пагаджуся з Коко Шанэль, якая сцвярджала, што жанчыны, якія не карыстаюцца духамі і касметыкай, – альбо надта лянівыя, альбо дужа самаўпэўненыя. Ну а калі сур’ёзна, то я ўсведамляю, што вялікія даходы такі бізнес наўрад ці прынясе, але вырашыла ўзяцца за тое, да чаго ляжыць душа.

Зрэшты, арыентуючыся на магчымасці патэнцыяльных пакупнікоў, гаспадыня прапаноўвае арыгінальную і ліцэнзійную туалетную ваду знакамітых сусветных брэндаў, але з дыяпазонам цаны ад 10 да 70 рублёў. На паліцах, напрыклад, прадстаўлены тэстары – гэта арыгінальны парфум, аднак у дзешавейшай упакоўцы. Аказваецца, вялікі складнік кошту фірменнага тавару – крыштальныя флаконы, інкрустацыі, стразы і іншыя падобныя элементы, і калі замяніць іх на штучныя, парфумерыя становіцца куды больш даступнай, не бракуючы ў галоўным. Ну а самая першая пакупніца набыла ў краме так званы пробнік – флакон 35-мілілітровага аб’ёму. Гэта аптымальны варыянт для тых, хто пакуль толькі шукае любімы водар. Прынамсі, у дзень адкрыцця магазін наведала каля 30 чалавек – і гэта надало яго ўладальніцы пэўнага аптымізму.

Працуе ж крама пакуль у “эксперыментальным” рэжыме – з 10 да 13 гадзін. Да слова, лічыцца, што выбіраць духі лепш якраз у першай палове дня, калі нюх яшчэ не перагружаны і арганізму прасцей вызначаць пахі. Гэта адна з шэрагу парад, якія пачулі ад Ганны падчас размовы – парфумернай тэмай яна цікавіцца ўжо год 15, а таму добра ў ёй арыентуецца. Так, лічыць, што ў арсенале кожнай жанчыны павінна быць не менш трох парфумаў. На працы, напрыклад, дарэчы спакойны, лёгкі водар, на вечарынцы – больш складаны, шлейфавы: які (па словах усё той жа Коко Шанэль) абвяшчае аб з’яўленні жанчыны і працягвае нагадваць аб ёй, калі яна ўжо пайшла. Даме ва ўзросце падыдуць больш натуральныя пахі: напрыклад, зялёнага чаю, ірыса. Юным дзяўчатам – ружовая калекцыя ад “Шанэль”, грэйпфрут, кветкавы букет. Для тых, хто не можа адмовіцца ад цыгарэт, ёсць спецыяльныя парфумерныя водары з нотамі тытуню і скуры: яны арганічна пераплятаюцца з натуральным пахам курыльшчыка і згладжваюць яго. Ёсць нават адмысловая прапанова для жанчын, якія жадаюць, каб на вуліцы на іх абарочваліся сустрэчныя мужчыны.

А колькі яшчэ таямніц утрымлівае ў сабе чароўны “Свет парфума”!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *