У пачатку вуліцы Ленінскай хутка запрацуе новы гандлёвы аб’ект – практычна завершаны будаўнічыя работы. Як нам паведамілі прадстаўнікі кампаніі “Санта-Рытэйл”, адкрыццё запланавана на канец красавіка – пачатак мая. А спецыялісты па падборы персаналу з Мінска і міжрэгіянальны менеджар з Магілёва на гэтым тыдні сустракаліся з патэнцыйнымі супрацоўнікамі.
На субяседванне прыйшло 56 чалавек. І хоць набраць трэба 42 з паловай (на паўстаўкі будзе працаваць дворнік), тым не менш каб быў выбар па ўсіх спецыяльнасцях, плануюць правесці і другі выезд для набору персаналу, а акрамя прадаўцоў патрэбны загадчыкі гандлёвай кропкі і вытворчасці, адміністратар, спецыялісты па прыёмцы тавараў, тры повары, чатыры кандытары.
Хоць прымалі прадстаўнікі “Санта-Рытэйла” людзей па папярэднім запісе – субяседванне адразу вялі тры чалавекі – палову ўсё ж прывяло “сарафаннае радыё”. Кантынгент аказаўся самы розны: беспрацоўныя, якія стаяць на біржы працы, працуючыя, а таксама індывідуальныя прадпрымальнікі.
Залатых гор не абяцаюць, аднак як казалі прадстаўнікі кампаніі, на рукі прадавец будзе атрымліваць мінімум 400 рублёў. Усё залежыць ад кваліфікацыі (разраду). Ну і канечне, тавараабароту, у залежнасці ад яго існуе прэмія да 60 працэнтаў.
Працаваць магазін будзе з 9 да 23 гадзін, таму супрацоўнікі будуць заняты пераважна па 12 гадзін па зменах і графіку, для асобных катэгорый прадугледжана пяцідзёнка.
Перавагу нададуць людзям з вопытам работы. Канкрэтных абяцанняў пакуль што прадстаўнікі “Санта-Рытэйла” не давалі, будуць апрацоўваць атрыманыя анкеты.
“Санта-Рытэйл” уваходзіць у холдынг кампаніі “Санта” і мае больш 190 магазінаў, аднак не ва ўсіх раённых цэнтрах. У Віцебскай вобласці яны ўжо працуюць у Лёзне, Глыбокім, Шуміліне, Докшыцах, Оршы, Віцебску, будуюцца ў Паставах і Талочыне. Практычна ўсе маюць тыпавыя праекты на 400 метраў гандлёвай плошчы.
Фото носит иллюстративный характер