– На вёсцы заканчваюцца палявыя работы. Сёлета не было праблем з абмалотам участкаў зерневых. Пытанне вырашаецца звычайна праз дырэктара мясцовай сельскай гаспадаркі. Бясплатна выдзяляецца салома, калі каму трэба.
Дровы наша насельніцтва набывае ў асноўным праз Вялікадолецкае лясніцтва. Наладжаны добры дзелавы кантакт.
Усё, з чым звяртаюцца нашы вяскоўцы, бяром пад увагу, імкнёмся вырашыць.
Віншую нашых паважаных людзей вёскі з іх святам. Няхай іх радуюць суседзі, дзеці і добрыя справы.
– Імкнёмся рабіць усё так, каб нашым жыхарам было лепш, прыгажэй і больш зручна. Вось у Залужэнні, напрыклад, наведзены парадак у месцы, дзе працякае крыніца. Зроблены масток даўжынёй метраў дванаццаць. Падсыпаны і прагрэйдзіраваны дарогі ў Двор Павуллі і Павуллі. Такое ж плануем зрабіць у Гарадку, Баброве, Горах, усяго ў дванаццаці вёсках.
Устаноўлена бетонная агароджа ў цэнтры вёскі Дубраўка на суму каля шасці мільёнаў рублёў вакол магазіна, комплекснага прыёмнага пункта, бальніцы, малітоўнага дома. Наогул вёска добраўпарадкоўваецца ўсё больш. Не раз дырэктар КУСГП “Дубраўка”выдзяляў касілку для падкошвання травы.
Як заўсёды, сёлета загадзя спланавалі ўрачыстасці з выпадку Дня пажылых людзей. Прычым, на гэты раз мерапрыемства раздзялілі, каб 28 верасня правесці яго ў Вяркудах, а 29-га ў Дубраўцы. Канцэрт падрыхтаваны вучнямі Вяркудскай школы. Дзякуй зноў жа дырэктару КУСГП “Дубраўка”, які даў на правядзенне свята для самых нашых паважаных вяскоўцаў грошы. Як заўсёды, прадугледзелі падвоз пажылых людзей да месцаў яго правядзення.
– Не за гарамі зіма, таму ў насельніцтва стаіць пытанне падрыхтоўкі да яе, асабліва ў тых, хто пражывае ў дамах з пячным ацяпленнем. Добра, што ўсе , хто мае патрэбу ў дрывах, забяспечаны імі праз райпаліўзбыт. Што датычыцца транспарту, то каму гаспадарка выдзяляла яго бясплатна, каму прывозіла дровы названая арганізацыя за плату. Праблемы на сённяшні дзень няма.
Звычайна ўвосень многія вяскоўцы клапоцяцца, каб хутчэй змалаціць зерневыя. Дык вось сёлета па нашым сельсавеце гэта зроблена раней, чым у іншых месцах. А хто збожжавыя не сеяў, або ў каго іх недастаткова, той мае магчымасць набыць іх у гаспадарцы.
Мы працуем вам на карысць, паважаныя нашы вяскоўцы. Вы ведаеце, што такое нястомная праца, ведаеце цану хлебу, мацярынскай любові да дзяцей. Вам павага і наша шчырае прызнанне. Са святам, паважаныя!
Да мяне звярнуліся старэйшыны некаторых вёсак з просьбай забяспечыць зернем тых пажылых людзей, якія не маюць магчымасці самастойна яго прывезці. Былі складзены спісы. І дзякуй дырэктару “Райаграсервіса” І.І.Барунову, які адгукнуўся на нашу просьбу: выдзеліў зерне па танным кошце, транспартам арганізацыі яно было дастаўлена па дамах і разгружана. Вяскоўцам засталося толькі разлічыцца. Такую ж паслугу гатовы аказаць і старшыня “Дземенца” А.В.Шарыпенка. А наогул імкнёмся зрабіць усё, аб чым просяць. Са святам!