Як у прыродзе адбываюцца змены часоў года, так і ў жыцці чалавека праходзяць розныя ўзроставыя перыяды. Бесклапотнае дзяцінства, шчаслівае юнацтва змяняюцца парой няспешнай высакароднай сталасці. У пажылыя гады чалавеку асабліва патрабуюцца практычная дапамога, шчырыя адносіны. І як добра, што існуе наша служба, якая займаецца непасрэдна абслугоўваннем людзей паважанага ўзросту.
Штогод 1 кастрычніка ў краіне адзначаецца Дзень пажылых людзей. Традыцыйна ў нашым раёне праводзяцца ў сувязі з такім святам урачыстасці. У ходзе іх бачна і наша работа, якую праводзім штодзённа і з душой.
Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва працуе ў раёне ўжо дзевяць гадоў. У ім адчынены і працуюць пяць аддзяленняў. На надомным абслугоўванні знаходзяцца 526 пенсіянераў і інвалідаў, з іх адзінокіх 106 чалавек, аб якіх клапоцяцца 65 сацыяльных работнікаў. Найбольшую ўдзельную вагу ў агульным аб’ёме займаюць паслугі па дастаўцы прадуктаў харчавання, прадметаў першай неабходнасці, лекаў, паліва, па арганізацыі ўборкі ў дамах, апрацоўцы прысядзібных участкаў.
У аддзяленні кругласутачнага прабывання састарэлых грамадзян і інвалідаў пражываюць 30 чалавек, якія акружаны чулым і клапатлівым абслугоўваючым персаналам. Пры першай неабходнасці выклікаецца фельчар ФАПа аграгарадка Вяркуды, медыкі “хуткай дапамогі”. Для назначэння лячэння пражываючыя ў аддзяленні пажылыя грамадзяне дастаўляюцца ў раённую бальніцу.
З пачатку года работнікамі аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання выканана 139 разавых платных паслуг пажылым грамадзянам. Найбольш запатрабаванымі аказаліся замена электраправодкі, колка і складзіраванне дроў, дробныя рамонтныя работы. У цэнтры працуе пункт пракату артапедычных сродкаў, таксама маецца ліцэнзія для аказання транспартных паслуг пажылым грамадзянам.
Восень – такая пара, што насельніцтва хвалюецца аб забеспячэнні сябе прадуктамі харчавання на зіму. Сярод іх перш за ўсё размова пра бульбу. Работнікамі цэнтра былі складзены спісы па папярэдніх заказах на яе. Наладжаны прывоз, продаж і дастаўка бульбы пажылым людзям.
Са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва 144 пажылым грамадзянам аказана матэрыяльная дапамога на суму 10 мільёнаў 350 тысяч рублёў.
Хаця старэнне з’яўляецца натуральным працэсам і спыніць яго немагчыма, захаваць і замацаваць псіхалагічны стан нашых людзей паважанага ўзросту з’яўляецца адной з галоўных задач тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Адміністрацыя ТЦСАН раёна ад усёй душы віншуе ўсіх пажылых людзей з іх святам.
Жадаем моцнага здароўя, добрага настрою, жыццёвага аптымізму, душэўнага спакою, доўгіх гадоў жыцця, усяго самага найлепшага!
Я.БАГРЭЦ,
дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.