Шчодрае сонейка, якое ў мінулую суботу грэла зусім не па-сакавіцку, застаўляла ўдзельнікаў штогадовай вясенняй акцыі “Тыдзень лесу” здымаць верхнюю вопратку. Той, хто хоць раз удзельнічаў у пасадцы лясных культур, ведае – праца гэта не з самых простых, але вельмі патрэбная і карысная. “Займаемся высакароднай справай з прыцэлам на будучыню, – кажа ляснічы Ушацкага лясніцтва Андрэй Сяргеевіч Падвойскі, які на свежай дзялянцы ля шашы на Завячэлле прымаў унушальны дэсант памочнікаў. – Пакуль саспеюць для прамысловага выкарыстання гэтыя дрэўцы, нарыхтоўваць іх ужо будуць нашы дзеці і ўнукі…”
На плошчы ў 2,5 гектара працавала, разбіўшыся па парах, каля трох дзясяткаў чалавек. Усіх мужчын можна было смела запісваць у “рыцары”, бо кожны меў на ўзбраенні меч. Праўда, не сапраўдны, а Колесава – прайшло амаль 140 гадоў, як дырэктар Харкаўскага земляробчага інстытута вынайшаў гэту вузкую металічную прыладу для прабіцця ў глебе адтулін. Як і належыць спрадвеку, кожнага мечаносца суправаджала “дама” з зялёным букетам саджанцаў, якімі і запаўняла лункі. Напрыклад, дырэктар лясгаса Сяргей Аляксандравіч Даніловіч працаваў поруч з начальнікам аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Людмілай Іванаўнай Андрэйчык – на дапамогу лесаводам на гэтым участку прыйшлі работнікі раёна газазабеспячэння і раённай улады на чале з намеснікамі старшыні райвыканкама Аленай Васільеўнай Пашковіч і Андрэем Вітальевічам Галяковічам. Апошні, дарэчы, працоўную дзейнасць пачынаў якраз у сістэме лясной гаспадаркі і пасадзіў не адну сотню саджанцаў: “Даўнавата ўжо гэта было, але рукі памятаюць!” – з усмешкай зазначыў ён.
Па словах А.С.Падвойскага, прыгаданую дзялянку зоймуць саджанцы сасны і бярозы, прычым размяшчаюцца дрэўцы палосамі ў суадносінах 60 працэнтаў хвойных, 40 – ліставых. Такая тэхналогія дазволіць у будучым без перашкод выкарыстаць бярэзнік, які расце хутчэй. На дзялянцы заўважыў і адзінокія дрэвы, якія лесарубы абышлі, – гэта пакідаліся насеннікі. І вецце ўбіраецца не цалкам, лесаводы запэўнілі, што яно будзе перагніваць на бедных пясчаных глебах у натуральных умовах. Такая тэхналогія змяшання культур дазволіць палепшыць пажарную бяспеку і недапусціць распаўсюджання хвароб (каранёвая губка).
У Кубліцкае лясніцтва ў суботу накіраваліся работнікі з адміністрацыі лясгаса, у Вялікадолецкім лесаводам дапамагалі мясцовыя культработнікі і педагогі, а наогул пасадкі былі арганізаваны ва ўсіх структурных падраздзяленнях прадпрыемства, удзел у іх прыняла ў агульнай колькасці амаль 200 чалавек. Сумеснымі намаганнямі ў першы дзень акцыі пасаджана лясных культур на плошчы 7,4 гектара, дапоўнена – на 8,2. Традыцыйна займаліся і добраўпарадкаваннем, уборкай смецця. Кіраўніцтва лясгаса ўдзячна членам працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, якія дапамагаюць прафесіяналам у тым ліку і выконваць паказчыкі па лесааднаўленні. “Першыя пасадкі сёлета мы пачалі яшчэ 6 сакавіка, – расказвае С.А.Даніловіч. – Гэта як ніколі рана, але такая непрадказальная вясна. Нам дапамагалі беспрацоўныя, пенсіянеры, якія жадалі падзарабіць, працавалі і ў выхадныя. Дзякуй усім вялікі, спадзяёмся, што не адкажаце нам у падтрымцы і ў будучым”.
Настрой ва ўдзельнікаў акцыі, якая сёлета прысвечана Году малой радзімы і 75-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, быў неблагі. У дэндрапарку ля возера Вечалля таксама звінелі галасы – тут разам з работнікамі лясгаса дэкаратыўную алею ля дарожак стваралі прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў – члены БРСМ з Ушацкай школы на чале з выконваючай абавязкі першага сакратара райкама Дзіянай Калбасавай і медыкі з раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа. Трэба адзначыць, што да старту акцыі лесаводы падрыхтаваліся грунтоўна і ў іміджавым плане – добраахвотным памочнікам уручаліся сувеніры і кепкі з лагатыпам. А вось рыдлёўку, якую ў якасці прэзента таксама хацелі прыхапіць гарэзлівыя старшакласнікі, ім усё ж не аддалі – інвентар яшчэ спатрэбіцца іншым удзельнікам мерапрыемстваў “Тыдня лесу-2020”, які працягваецца.
Усяго ва Ушацкім лясгасе вясной запланаваны пасадкі лясных культур на плошчы 105 гектараў. На пачатак бягучага тыдня меўся паказчык у 72,6 гектара або 69,1 працэнта, што значна больш сярэднеабласнога (35,2). А дапоўніць лясныя культуры на ўчастках, дзе не прыжыліся раней, неабходна на 280 гектарах, фактычна выкананы гэтыя работы на 95, што складае 33,9 працэнта пры сярэднеабласным паказчыку 26,5.
Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.
Ходить летом по грибы и ягоды, съездить на шашлычок в лес и многое другое любят все, и поэтому всем необходимо принимать активное участие в возобновлении леса и наведении там порядка. Неделя леса — это неделя нашей здоровой экологии.