Сёлета сезон барацьбы з баршчэўнікам Сасноўскага распачнецца раней звычайнага. Запланаваныя на бягучы год меры па абмежаванні яго распаўсюджання абмяркоўвалі днямі на сумесным пасяджэнні прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў і аблвыканкама. Асноўная ўвага будзе ўдзяляцца самым забруджаным раёнам: апроч Ушацкага ў “тройку лідараў” уваходзяць Гарадоцкі і Віцебскі. Як паведаміў старшыня аблвыканкама М.М.Шарснёў, менавіта на іх будуць размеркаваны асноўныя сродкі, якіх сёлета выдзеляць нямала. 640 тысяч рублёў будзе накіравана з мясцовых бюджэтаў, 360 – з уласных сродкаў вылучаць землекарыстальнікі. Чакаецца, што важкую дапамогу ў фінансаванні мерапрыемстваў акажа і рэспубліканскі бюджэт.
Выкананне работ, на думку кіраўніка вобласці, варта даверыць упраўленню МНС, якое раней ужо прадэманстравала ў гэтым высокую эфектыўнасць і якасць.
Па даных Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, прымаемыя меры па апрацоўцы баршчэўніку хімічным метадам за апошнія пару год дазволілі лічыць патэнцыяльна ачышчанымі больш 800 га тэрыторый (500 га з іх – ва Ушацкім раёне). Сёлета пастаўлена маштабная задача: правесці работы амаль на 4 тысячах гектараў.
Як нам паведамілі ва Ушацкай прыродаахоўнай інспекцыі, на цяперашні момант з раённага бюджэту на мерапрыемствы выдзелена 180 тысяч рублёў, якіх хопіць на апрацоўку 450 гектараў. Тэндар на закупку гербіцыдаў ужо праведзены, а на вызначэнне падраднай арганізацыі для выканання работ – у завяршальнай стадыі.
Наталля БАГДАНОВІЧ.