На мінулым тыдні Прэзідэнт Беларусі А.Лукашэнка правёў вытворчую нараду па эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Сусветная арганізацыя аховы здароўя аб’явіла пандэмію па каранавірусе, аднак гэта не падстава для масавага псіхозу ў нашай краіне, дзе і раней уважліва ставіліся да барацьбы з інфекцыямі, дзе сітуацыя застаецца пад кантролем спецыялістаў сістэмы аховы здароўя. А.Лукашэнка звярнуў увагу, што самая страшная эпідэмія ў свеце – гэта паніка. “Ні адной смерці пры пацверджанай каранавіруснай інфекцыі на тэрыторыі нашай краіны сёння няма”, – заўважыў Прэзідэнт. Ён прывёў даныя параўнальнай статыстыкі за мінулы і гэты гады па колькасці смяротных выпадкаў у выніку пнеўманіі. Паводле слоў А.Лукашэнкі, у 2019 годзе за студзень-люты такіх выпадкаў было 196, цяпер – 138. Усяго з-за захворванняў органаў дыхання за першыя два месяцы мінулага года памерла 498 чалавек, у пачатку гэтага года – 328.
Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік адзначыў, што ў Беларусі хутка ўдалося наладзіць вытворчасць уласных тэстаў на выяўленне каранавіруса. “Калі СААЗ апублікавала РНК віруса, наш тэст быў зроблены на працягу тыдня”, – заявіў міністр.
Прэзідэнт выступіў супраць каранціну ў школах і пераносу канікулаў: “Калі бацькі баяцца – не адпраўляйце дзяцей у школу, мы не забараняем”. На яго думку, калі б у школах аб’явілі канікулы раней намечаных тэрмінаў, гэта магло б толькі абвастрыць абстаноўку, паколькі дзеці, якія могуць пераносіць каранавірус, іх імунітэт спраўляецца з інфекцыяй, едуць да бабуль. А пажылыя людзі, наадварот, знаходзяцца ў групе рызыкі.
Беларускім грамадзянам пры магчымасці рэкамендуецца пабыць у самаізаляцыі. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў краіне хапае ахоўных касцюмаў, масак і сродкаў дэзінфекцыі і даручыў наладзіць вытворчасць рэспіратараў. А.Лукашэнка перакананы, што няма неабходнасці і ў закрыцці граніц, а вось кантроль на іх слабець не павінен.
Па матэрыялах БелТА.