На малочно-товарном комплексе в Завечелье

Общество

Новы малочнатаварны комплекс у Завячэллі, а дакладней першая яго чарга, быў заселены жывёлай яшчэ ў пачатку года. Адрозненні ад іншых комплексаў, што ёсць на тэрыторыі раёна, відавочныя. Прасторныя памяшканні, двухпавярховы дом жывёлавода, не кажучы пра новае абсталяванне.Адразу на комплекс былі пастаўлены цялушкі, праз некалькі месяцаў пачаліся ацёлы і пайшла прадукцыя, такая патрэбная гаспадарцы. Першыя месяцы, безумоўна, сталі перыядам адаптацыі і абжывання для жывёлы, а таму асабліва высокіх надояў не было. Зараз на ферме ўтрымліваецца 268 галоў, палова з іх яшчэ не цялілася, а таму канкрэтную прадукцыю – малако — атрымліваюць пакуль не ад усіх кароў.

Сучасная даільная зала, новае халадзільнае абсталяванне – усё накіравана на тое, каб атрымліваць больш тысячы літраў малака ад каровы. Аднак пакуль што надоі трымаюцца такімі ж, як і на іншых фермах “Райаграсервіса”. Электроніка дазваляе не толькі ўбачыць надой ад кожнай каровы, але і прасачыць хваробу жывёлы.

Пасля засялення на комплекс жывёлы выявілася шмат хібаў у будоўлі, тым больш што завяршаючая яе стадыя прыпала якраз на маразы. Цяпер многія з іх выпраўлены і ў дадзены момант улічваюцца пры будаўніцтве другой чаргі комплексу.

– Новае халадзільнае абсталяванне дазваляе захоўваць малако і здаваць яго больш высокім гатункам. Жывёла пастаянна накормлена – тут дзейнічае так званы “шведскі стол”, сёння ў рацыёне свежая кукурузная маса, камбікорм. Па праходах кароўніка спакойна праходзіць кормараздатчык, – абмалёўвае агульную карціну загадчыца завячэльскага комплексу Наталля Васільеўна Мітрохіна (на здымку).

Адзінае, што было падрыхтавана загадзя і тое, з чым не ўзнікае праблем – гэта штат работнікаў. Акрамя даярак і загадчыцы, тут ёсць лабарант, ветэрынарны ўрач. Усе яны ўжо прывыклі да сваіх падапечных і стараюцца трымаць на ўзроўні марку новага і самага сучаснага малочнатаварнага комплексу раёна.

Даведзена да ладу і функцыяніруе службовае памяшканне для персаналу. Канечне, не параўнаць яго з тымі, якія маюцца на іншых фермах раёна, тут створаны ўсе ўмовы для адпачынку.

Побач з фермай нарыхтавана салома, закладваюцца сіласам новыя траншэі, а гэта азначае, што не прыйдзецца перавозіць кармы на вялікую адлегласць.

Як толькі закончыцца будаўніцтва другога кароўніка, пагалоўе павялічыцца ўдвая, і толькі тады можна будзе гаварыць, што малочнатаварны комплекс у Завячэллі дзейнічае на поўную магутнасць і прыносіць аддачу.

В.ПОЛАЗАВА.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *