На мінулым тыдні ў некаторых сельскагаспадарчых арганізацыях раёна праходзіў тэхагляд тэхнікі, якая будзе задзейнічана ў вясенніх палявых работах. Трэба адзначыць, што трактары ўжо працуюць на палях, вось толькі не ўсе яны адпавядаюць патрабаванням, якія прад’яўляюцца да іх эксплуатацыі. Разам з галоўным дзяржаўным інспектарам Ушацкага раёна Іванам Мікалаевічам Пухальскім мы наведалі тры гаспадаркі раёна і ўбачылі, што праблемы пры падрыхтоўцы тэхнікі прыблізна аднолькавыя.
У ААТ “Агра-Селішча”, “Ільюшынскі” і “Дземенец” у суме тэхагляд прайшоў… толькі адзін энерганасычаны трактар – “губернатарскі” МТЗ-3522 апошняй гаспадаркі, які рыхтаваў Аляксандр Гусёнак. Тэхніка гэта адносна новая, таму праблем з ёй не ўзнікла. Па словах І.М.Пухальскага, зараз у сельгаспрадпрыемствах раёна акрамя прыгаданага энерганасычанага трактара налічваецца яшчэ 19 МТЗ-3022, на якія і кладзецца асноўная нагрузка ў перадпасяўной апрацоўцы глебы, ды і шасціметровы пасяўны агрэгат менш магутная тэхніка проста не пацягне. Разам з тым стан гэтых трактароў выклікае заклапочанасць: дзве няспраўныя адзінкі ў “Дземенцы”, па адной – у “Вялікадолецкім”, “Ільюшынскім”, філіяле “Сарочына”, тры – у “Глыбачанах”, такая ж колькасць разукамплектаваных – у “Кублічах”.
“Упершыню не прайшоў тэхагляд з першай спробы!” – разводзіў рукамі механізатар “Дземенца” Ігар Мамон. Ведаючы адносіны мужчыны да замацаванай тэхнікі, падумалася наконт сур’ёзнай паломкі, але аказалася, што МТЗ-1523 да ўдзелу ў аглядзе не быў дапушчаны, хаця і стаяў ачышчаны, у рабочым стане. Так, не ўсе трактары, якія маюць здавальняючыя характарыстыкі, атрымаюць адзнаку аб праходжанні тэхагляду, бо юрыдычна не з’яўляюцца ўласнасцю гаспадарак па прычыне нявыплаты па дагаворах лізінгу. І такая тэхніка, прычым і МТЗ-3022, маецца ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах. У “Агра-Селішчы”, “Ільюшынскім”, “Вялікадолецкім” ёсць, праўда, па адным “Кіраўцу”, але наўрад ці яны выправяць агульную карціну. Таксама агульнай бядой для сельгаспрадпрыемстваў з’яўляецца і нізкая гатоўнасць прычэпаў – на тых мехдварах, дзе мы прысутнічалі, не было выстаўлена ніводнай адзінкі.
Патрабаванні да сельгасмашын вядомыя. У парадку павінна быць дакументацыя як на саму тэхніку, так і ў механізатара – правы, медыцынская даведка, страхоўка. Вогнетушыцель, аптэчка, знак аварыйнага прыпынку – без іх таксама штамп у тэхталон не атрымаеш. Увага надаецца знешняму выгляду тэхнікі, светлавому і гукавому абсталяванню, сістэмам кіравання. Ёсць сёлета і новаўвядзенне, згодна якому ўсе трактары і самаходныя машыны павінны мець проблескавы маяк аранжавага колеру, раней гэта адносілася толькі да буйнагабарытнай тэхнікі. У “Ільюшынскім”, дзе на тэхагляд выставілі два пагрузчыкі і 10 трактароў, многія з іх не атрымалі допуск да эксплуатацыі менавіта з-за таго, што ў гаспадарцы яшчэ не паспелі набыць неабходную колькасць прыгаданых маякоў. У адным МТЗ-82.1 не адпавядаў дакументацыі нумер рухавіка і была зношана гума колаў, па такой жа прычыне не прайшоў тэхагляд і МТЗ-952. Такім чынам з 12 адзінак спраўнымі аказаліся 10, а адзнаку ў тэхталон атрымалі ўсяго толькі тры. Трэба сказаць, яшчэ на два трактары тэрмін допуску да эксплуатацыі яшчэ не зышоў, але ўсяго 5 трактароў “з дазволам” з 27 наяўных – зусім невялікі працэнт гатоўнасці. Як адзначыў дырэктар “Ільюшынскага” Сяргей Анатольевіч Халімоненка, работы працягваюцца, але рамонт стрымлівае адсутнасць фінансавых сродкаў.
У “Агра-Селішчы” і “Дземенцы” ліхтары набылі, але да тэхагляду таксама выставілі далёка не ўсіх наяўных “жалезных коней”. У першым сельгаспрадпрыемстве з 14 адзінак допуск атрымалі пагрузчык і 6 трактароў, у другім – такая ж колькасць тэхнікі з 16 уліковых.
Пры правядзенні тэхаглядаў прысутнічалі таксама начальнік аддзялення ДАІ Ушацкага РАУС Мікалай Леанідавіч Гаўрылюк і інспектар Аляксандр Іванавіч Лісоўскі. Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі звярталі ўвагу механізатараў на захаванне правілаў дарожнага руху, а спецыялістаў гаспадарак – на абавязковае правядзенне перадрэйсавых аглядаў трактарыстаў-машыністаў і вадзіцеляў. “Калі вы бачыце, што са здароўем чалавека не ўсё ў парадку, не трэба застаўляць яго выязджаць у поле, – казаў у “Дземенцы” М.Л.Гаўрылюк. – Лепш дайце яму магчымасць у гэты дзень адпачыць, потым ён адпрацуе. Памятайце, што гаворка ідзе аб бяспецы, жыцці і здароўі вашых работнікаў”. Нагадалі інспектары ДАІ і аб абавязковым абсталяванні святлоадбівальнымі элементамі прычапных механізмаў. Гэта не патрабуе вялікіх затрат, але дазволіць падстрахаваць сябе і пазбегнуць аварыйных сітуацый, накшталт мінулагодняй, калі ў адной з гаспадарак вобласці ў цёмны час сутак легкавы аўтамабіль урэзаўся ў плугі трактара, якія ніяк не былі абазначаны, – загінула 5 чалавек.
Як паведаміў І.М.Пухальскі, марудна ідзе падрыхтоўка тэхнікі ў “Глыбачанах” і “Вялікадолецкім”, дзе тэрміны тэхагляду ўжо пераносіліся, бо няма чаго выстаўляць. Улічваючы тое, што без адпаведнага штампа ў тэхталоне эксплуатацыя трактароў і самаходных машын забаронена, узнікае пытанне, як у гаспадарках збіраюцца працаваць далей? Выязджаць на свой страх і рызыку, канечне, можна, але штрафы, немалыя: ад 1 да 3 базавых велічынь для механізатараў і ад 4 да 6 – адказным асобам, выпусціўшым трактар – кіраўнікам выдаюцца прадпісанні аб забароне эксплуатацыі тэхнікі, якая не прайшла тэхагляд.
Час на выпраўленне сітуацыі яшчэ ёсць. Інжынерныя службы сельгаспрадпрыемстваў ведаюць свае недахопы і пастараюцца іх ліквідаваць да паўторных аглядаў. Вось толькі кожны наступны – дадатковая трата грошай і часу, якія вясной і так у дэфіцыце.
Дзмітрый Раманоўскі.