Вось ужо дваццаць гадоў, як у магазіне вёскі Селішча працуе Алена Іванаўна Бараўцова. Яна – прадавец, а загадчыцай тут Ірына Генадзьеўна Васілеўская. Першая з іх расказала пры нашай сустрэчы, што раней гандлёвая кропка знаходзілася ля былога касцёла і гэта стрымлівала пакупнікоў. Пасля таго, як побач з дарогай быў устаноўлены модуль, да мясцовых наведвальнікаў, а іх у зоне абслугоўвання каля 230 чалавек, далучыліся іншыя: з’явілася цікавасць тых, хто праязджае па трасе. У выніку магазін у Селішчах дае амаль семдзесят мільёнаў рублёў выручкі штомесяц, выконваючы план тавараабароту.
Тут можна купіць многае, але кінулася ў вочы тое, што асобна выдзелены, напрыклад, тавар для дзяцей: ёсць “Куток школьніка”. Пакупнікі больш набываюць прадукты, таму прамысловую групу трэба выдзяляць, з ёю больш працаваць, “падаграваючы” інтарэс наведвальнікаў. Наогул вельмі многае залежыць ад работнікаў прылаўка ва ўсім. І перш за ўсё важна сустракаць людзей з інтарэсам да кожнага. Мне давялося чуць ад Алены Іванаўны разважанні аб розных пакупніках. Яна знайшла словы, каб сказаць аб іх нешта добрае. А як важна асабліва ў абслугоўваючай прафесіі не дыферэнцыраваць наведвальнікаў на станоўчых і адмоўных, а адносіцца да кожнага роўна, паважліва і ўважліва. На жаль, сустрэнеш такое не заўсёды.
Безумоўна, каб работнік прылаўка не нерваваўся, трэба забяспечыць яму добрыя ўмовы працы. Канечне, у модулі стала значна лепш, чым у ранейшым будынку, але цеснавата. І работнікі прылаўка задаволены, што ў бліжэйшы час гандлёвая плошча будзе пашырана. І ў астатнім таксама бачна перспектыва. Калі раней, расказвае Алена Іванаўна, у магазіне быў адзін лар і адзін бытавы халадзільнік (і гэтага хапала), то цяпер тут два лары і дзве халадзільныя вітрыны, а яшчэ і халадзільнік для ахалоджвання напіткаў, што асабліва важна сёлета. Задавальняе работнікаў прылаўка і пакупнікоў таксама графік завозу тавараў.
Такім чынам, клопат адміністрацыі райспажыўтаварыства аб работніках і пакупніках дае добры вынік.
Г.ВАРАТЫНСКАЯ.
На здымку:
А.І.Бараўцова з пакупніком.
В воскресенье тут пиво покупали. )