У суботу на базе фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Юнацтва-Ушачы” прайшло адно з самых цікавых і маштабных мерапрыемстваў – раённая спартакіяда працоўных калектываў. Удзел у спаборніцтвах прынялі 11 каманд з 15 прадпрыемстваў і арганізацый. Яркія перамогі, крыўдныя паражэнні, перажыванні – усяго хапіла і спартсменам, і балельшчыкам.
Займальна праходзілі ў гэты дзень спаборніцтвы па плаванні. Ля басейна, дзе мужчынам неабходна было пераадолець дыстанцыю ў 50, а жанчынам – у 25 метраў, балельшчыкаў сабралася нямала. Найбольш спакойна выглядалі прадстаўнікі Ушацкай школы – яно і не дзіўна, паколькі на старт выходзілі пастаянныя пераможцы Павел Паршонак і Вольга Жыткая. На гэты раз настаўніца біялогіі зноў прадэманстравала самыя хуткія секунды – 17,19, апярэдзіўшы тым самым сваіх бліжэйшых канкурэнтак Вольгу Чумакову і Ірыну Ціханаву з аб’яднаных каманд аддзялення па ахове аб’ектаў у г.п.Ушачы і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, райаддзела па надзвычайных сітуацыях і ТЦСАН на 3,83 і 7,07 секунды адпаведна. Павел жа, хоць і прадэманстраваў добры вынік у 37,48 секунды, стаў толькі другім – самым хуткім на вадзе аказаўся Міхаіл Арлоў (35,70) з РАНС і ТЦСАН, на трэцім месцы – Дзмітрый Кулагін (39,89) з раёна газазабеспячэння.
Гарачыя баталіі разгарнуліся ў відовішчным падняцці гіры. Але і тут ніякіх сюрпрызаў з вызначэннем пераможцаў не аказалася. “Зараз адназначна “сотку” кіне!” – пачулася з натоўпу, калі на памост выйшаў фаварыт у вагавой катэгорыі звыш 90 кг Віталь Булаўка з аб’яднанай каманды Ушацкай ЦРБ і Ільюшынскай школы. І прадказанні апраўдаліся: снарад узняўся над галавой мужчыны ажно 105 разоў. Магло быць і больш, але скончыўся час, вызначаны на практыкаванне. Выдатна праявілі сябе ў гэтай жа катэгорыі Дзмітрый Лёля і Мікалай Пруднікаў з аб’яднаных каманд РАНС і ТЦСАН, аховы і культработнікаў – у іх “срэбра” і “бронза” адпаведна. У вазе да 90 кг перамогу святкавалі Канстанцін Красноў з жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Сяргей Ціханёнак, які абараняў гонар райвыканкама, а таксама Ігар Пятніца з раёна газазабеспячэння. У катэгорыі ж да 70 кг лепшымі сталі Віталь Баркоўскі з каманды РАНС і ТЦСАН, Уладзімір Качко з Ушацкай школы і прадстаўнік райвыканкама Дзмітрый Баратынскі. Улічваючы ж выступленні асілкаў ва ўсіх вагавых катэгорыях, перамога дасталася камандзе РАНС і ТЦСАН, на другім месцы – ахова і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, на трэцім – Ушацкая школа.
На адным дыханні прайшлі спаборніцтвы па дыгатлоне. Абсалютная большасць удзельнікаў былі не навічкамі гэтага віду. “Супраць Дзмітрыя Цюкалы страшна выходзіць! Андрэй Агіевіч у ліку прызёраў, не інакш!” – не спынялася абмеркаванне ў натоўпе. І сапраўды, гэтыя прадстаўнікі каманд РАНС і ТЦСАН, а таксама ДРБУ-105 заваявалі “бронзу” і “срэбра” адпаведна. “Золата” ж дасталася Андрэю Васіленку з Ушацкага філіяла аблспажаўтаварыства.
Моцных і вынослівых мужчын выстаўлялі каманды і на гімнастыку. З лёгкасцю справіўся з падцягваннем, паказаўшы вынік у 26 разоў, Віталь Баркоўскі з РАНС і ТЦСАН. 16 падцягванняў прывялі на другое месца настаўніка з Ушач Паўла Паршонка. Толькі адзін уздым саступіў яму Аляксандр Рахманенка з лясгаса, які стаў трэцім.
Азартна праходзіў самы, здавалася б, “ціхі” від спорту – жаночая гімнастыка, дзе прадстаўніцы прыгожай паловы адціскаліся ад лаўкі. У выніку “бронза” дасталася Інне Ларчанка з каманды РАНС і ТЦСАН (33 адцісканні). “Срэбра” – у прадстаўніцы раёна газазабеспячэння Алене Целепень (30). Ну а першую прыступку п’едэстала прадказальна заняла штогадовы чэмпіён у названым відзе Ірына Цітова з Ушацкай школы – на яе “рахунку” ажно 80 адцісканняў.
Кулявая стральба выявіла самых трапных. Тут не было роўных Дзмітрыю Карэйшу з раёна газазабеспячэння, другі вынік прадэманстраваў прадстаўнік каманды аховы і культработнікаў Аляксандр Грыневіч, трэці – Юрый Барадулька з УП ЖКГ.
Разгарнулася барацьба і ў дартсе. “Золата” ў гэтым відзе заваяваў прадстаўнік лясгаса Ігар Ардынскі, “срэбра” – ва Уладзіміра Чумакова з каманды аховы і культработнікаў, “бронза” – у Віталя Клімашэўскага з Ушацкай школы. Дарэчы, у гэтым відзе выступаў самы ўзроставы ўдзельнік спаборніцтваў, прадстаўнік зборнай каманды філіяла “Маяк-Ушацкі” і ПУП “Ніксілбуд” Мікалай Фядосенка, які атрымаў ад раённага аб’яднання прафсаюзаў спецыяльны прыз. Падарунак ад грамадскага аб’яднання дастаўся і самаму юнаму ўдзельніку спартакіяды, прадстаўніку філіяла аблспажыўтаварыства Мікіту Галаўнёву. Дарэчы, у суботу хлопец як раз адзначаў свой 19-ы Дзень нараджэння.
Самая працяглая і бескампрамісная барацьба ішла ў турніры шашыстаў. Першынстваваў у ім Ігар Шышко з райвыканкама, другім стаў Віталь Клімашэўскі з Ушацкай школы, трэцім – Андрэй Мялешка з раёна газазабеспячэння.
Доўга выяўлялі мацнейшых і тэнісісты. “Ракетку, не трымала ў руках са школьных гадоў, але, крыху патрэніраваўшыся, змагла абараніць гонар каманды. Урокі фізкультуры ва Ушацкай школе не прайшлі дарэмна!” – прызналася Наталля Круцёнак з ДРБУ-105. Лепшыя ж вынікі прадэманстравалі каманды РАНС і ТЦСАН у складзе Крысціны Карзянок і Алега Крыскевіча, Ушацкай школы – Людмілы Бабаедавай і Віталя Карабаня, раёна газазабеспячэння – Марыны Андзінай і Кірыла Гусёнка.
Самым экстрэмальным відам, бясспрэчна, стала легкаатлетычная эстафета, што ладзілася на футбольнай пляцоўцы ля комплекса. Ні снег, што выпаў напярэдадні, ні моцны вецер не перашкодзілі хутка пераадолець дыстанцыю прадстаўнікам Ушацкай школы Святлане Красновай, Уладзіміру Хамёнку і Андрэю Жаваранку – у іх першае месца, Крысціне Шастаковай, Віталю Карэйшу і Сяргею Бугаю з РАНС і ТЦСАН – другое, а таксама Вользе Шчэрбік, Канстанціну Краснову і Уладзіміру Лесіну з УП ЖКГ – трэцяе.
…Пасля невялікай паўзы каманды запрасілі на ўзнагароджанне. Уладальнікі лепшых вынікаў у асабістым заліку ва ўсіх відах праграмы атрымалі медалі і дыпломы. Гучнымі апладысментамі віталі прысутныя галоўных пераможцаў праграмы: першае месца ў агульнакамандным заліку заняла каманда Ушацкай школы (вынік – 26 ачкоў), другое – у зборнай РАНС і ТЦСАН (31), трэцяе – у прадстаўнікоў аддзялення па ахове аб’ектаў у г.п.Ушачы і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама (44).
Хочацца павіншаваць пераможцаў, якія фактычна не мелі сабе роўных – што і нядзіўна, бо спорт для многіх непарыўна звязаны з прафесіяй. Безумоўна, удзел у спаборніцтвах настаўнікаў фізкультуры, выратавальнікаў цалкам апраўданы, бо павышае ўзровень выступленняў, служыць арыенцірам для іншых каманд. Ды, разам з тым, у многіх відах яны аказваюцца на парадак мацнейшымі за аматараў – знікае “эфект нечаканасці”. А таму варта было б увесці для прафесіяналаў паніжаючы каэфіцыент – такое меркаванне давялося пачуць ад многіх удзельнікаў спартакіяды. Больш справядліва было б таксама дапускаць аб’яднанне толькі невялікіх арганізацый, якія па аб’ектыўных прычынах не могуць выставіць асобную каманду.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.