«Маяк-Ушачский» полным ходом готовится к весенне-полевым работам

Сельское хозяйство

Веснавое ўзворванне на “Маяку-Ушацкім” пачалі яшчэ ў канцы лютага. Такія раннія тэрміны становяцца ў апошнія гады ледзь не нормай, цёплыя зімы спрыяюць таму, што ў паўднёвых краінах ужо распачалі пасяўную. Поўным ходам рыхтуюцца да вясенніх палявых работ і на “Маяку-Ушацкім” – на мінулым тыдні на мехдвары прадпрыемства бачыў стройныя рады глебаапрацоўчых агрэгатаў, якія ўжо былі гатовыя да выезду ў поле, а ў майстэрні стаяў звыклы гул і лясканне металу.

Трактары не любяць пыл, які закупорвае паветраныя фільтры – рухавік недаатрымлівае кісларод, пераграваецца, павялічваецца расход паліва. Вось толькі і ў гразі значных аб’ёмаў не зробіш. Зразумела, што на вялікія плошчы трактары яшчэ не выпусціш з-за пераўвільгатнення глебы, а вось на пагорках паміж гарпасёлкам і Лутавым Сяльцом два МТЗ-1523 мянялі выгляд ландшафту – мінулагодняе ржышча паступова станавілася свежым ворывам.

– Макравата яшчэ ў нізінах, месцамі і буксуем, тады прыходзім на дапамогу адзін аднаму, – першым насустрач нам скочыў з кабіны Раман Ладзік, а неўзабаве побач на кароткі перакур спыніўся і Андрэй Лапо. – Учора дзесьці пятнаццаць гектараў удваіх зрабілі, працавалі да шасці гадзін вечара. Мяркуем, што і сёння не менш атрымаецца.

МТЗ-1523 для нашых плошчаў з’яўляецца ледзь не аптымальным трактарам. Магутнасці рухавіка хапае для таго, каб з лёгкасцю цягнуць чатырохкорпусны абарачальны плуг. Для дробнаконтурных палеткаў большага і не трэба. На выкіпіроўцы з карты хлопцы паказвалі кіраўніку прадпрыемства Антону Юльянавічу Анецьку, якія ўчасткі ўжо запрацавалі, а на якія плануюць пераязджаць: “Вось гэтыя 5 гектараў, тут 7 і 3, потым вунь за тымі кустамі”, – расказвае Р.Ладзік.

Аб’ёмы яравой сяўбы ў “Маяку-Ушацкім” вялікія – 1327 гектараў зерневых і зернебабовых. Каб укласціся ў аптымальныя тэрміны, трэба выкарыстоўваць кожную хвіліну. “У мінулым годзе авёс сеялі заездамі, вельмі сыра было, буксавалі. Думалі, што нічога на тым полі зусім не вырасце, а атрымалі пад 25 цэнтнераў з гектара нават без угнаенняў! – успамінае А.Лапо. – Як пачне хутка падсыхаць, дык паспрабуй ты ўсё адразу ўхапіць. Таму лепш зараз спрабаваць, далей будзе прасцей”.

Працай поўны светлавы дзень іх не здзівіш. Абеды пакуль бяруць з сабой з дому, кажуць, што гарачае харчаванне са сталовай гаспадаркі пачнуць вазіць, калі работы разгарнуцца масава. На гэтым тыдні хлопцы не аруць – немагчыма праехаць нават на высокіх палях, але як толькі падсохне – гатовы зноў выехаць у поле.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *