З цеплынёй і ўвагай
Святочную акцыю правяла напярэдадні 8 Сакавіка раённая арганізацыя Беларускага саюза жанчын. У яе рамках актывісты грамадскага аб’яднання і яго старшыня А.В.Пашковіч наведалі жанчын-ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія пражываюць на Ушаччыне.
Алена Васільеўна ўручыла гэтым паважаным людзям віншавальныя паштоўкі ад кіраўніцтва раёна. Арыгінальную сувенірную прадукцыю, вырабленую падапечнымі ТЦСАН, а таксама мерапрыемства з нагоды прыгожага вясенняга свята падрыхтавалі прадстаўнікі пярвічнай арганізацыі сацустановы пад кіраўніцтвам І.А.Ціханавай.З кветкамі і падарункамі завіталі да ветэранаў старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа А.В.Бабенка і першы намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях М.А.Арлоў.
Слёзы радасці і словы падзякі паважаных ветэранаў афарбавалі гэтыя дні ў асаблівыя тоны.
Жаночыя штучкі
Цікавае мерапрыемства з нагоды 8 Сакавіка правялі на базе “Юнацтва-Ушачы” райкам БРСМ і раённая арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Раззнаёміцца, адпачыць ад будзёных спраў, весела правесці час у кагорце такіх жа актыўных і ініцыятыўных на квест “Жаночыя штучкі” былі запрошаны прадстаўніцы прыгожай паловы з ліку працоўнай моладзі Ушаччыны.
На працягу амаль дзвюх гадзін у залах спарткомплексу не змаўкалі смех і жарты. У рамках конкурснай праграмы ўдзельніцы актыўна дэманстравалі свае жаночыя “навыкі”, напрыклад, на хуткасць спустошвалі паліцы імправізаванага магазіна, выплёсквалі негатыўныя эмоцыі праз бойку падушкамі. Напрыканцы ж сустрэчы ўсіх чакаў салодкі стол у кафэ “Тайм-Аўт”.
Кветкі для аўталэдзі
Цэнтральную плошчу гарпасёлка ў нядзелю вадзіцелі праязджалі з асцярогай. Супрацоўнікі аддзялення ДАІ Ушацкага райаддзела міліцыі спынялі машыны выбарачна. У цэнтры ўвагі былі тыя, за рулём якіх – прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва. Першае хваляванне змянялася прыемнымі эмоцыямі, паколькі падстава для спынення нестандартная: віншаванне з 8 Сакавіка. Кожнай аўталэдзі пажадалі шчасця, здароўя, поспехаў ва ўсім і бяспечнага ўдзелу ў дарожным руху. Да добрых слоў – нязменны атрыбут жаночага свята – кветкі.
– Сюрпрыз праваахоўнікаў атрымаўся! – падзялілася з намі ўшачанка Святлана Скарабагатая. – З дакументамі ўсё ў парадку, Правілы не парушаю, таму такое віншаванне асабліва каштоўнае для мяне.
Падарункі ад “Белай Русі”
Прыемны сюрпрыз чакаў напярэдадні Дня жанчын работнікаў і пастаяльцаў аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН Ушацкага раёна. У госці да іх з прыемнай місіяй завітала старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Н.М.Марковіч. Акрамя цёплых віншаванняў з нагоды свята Наталля Мікалаеўна прывезла для харчаблока сацустановы электрамясарубку. З’яўленне такога прыбора дазволіць эканоміць час пры прыгатаванні многіх страў.
Станоўчых эмоцый пастаяльцам установы дадалі выступленне вакальнага калектыву “Веркужаначка”, а таксама салодкія пачастункі ад Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства. Традыцыйна павіншавалі бабуль і дзядуляў педагогі, вучні Глыбачанскай школы.
Не засталіся без увагі “Белай Русі” і актывісткі грамадскага руху. Наталля Мікалаеўна падзякавала ім за ўдзел у акцыях, праведзеных у 2019-м: віншаваннях са святамі пажылых грамадзян, сірот і дзяцей-інвалідаў, добраўпарадкаванні малой радзімы, мерапрыемствах, накіраваных на ўмацаванне інстытута сям’і, розных раённых конкурсах. Усе яны – актыўныя, пазітыўныя і спагадлівыя – адзначаны памятнымі падарункамі.
Радасна і бяспечна
Не толькі кветкі і цукеркі ад неабыякавых ушачан – індывідуальных прадпрымальнікаў Аляксандра Лісоўскага, Валянціны Байрамавай, уладальнікаў магазіна “Букетніца” – атрымалі да свята жыхаркі Астравенца Ніна Сяргееўна Казьяніна і Марыя Нікіфараўна Міцкевіч. Ім як былым вязням супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, райаддзела па надзвычайных сітуацыях на бясплатнай аснове ўстанавілі ў дамах аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. Такім чынам, 8 Сакавіка стала для гэтых жанчын яшчэ больш радасным днём, бо прымаць гасцей у свята вельмі прыемна.
Для самых родных
Аншлаг у галоўнай канцэртнай зале раёна стаў звычайным атрыбутам праграм, з якімі выступае дзіцячая школа мастацтваў – а менавіта настаўнікі і выхаванцы гэтай установы па традыцыі рыхтавалі святочны падарунак ушацкім жанчынам да 8 Сакавіка.
Прыемныя ўражанні гледачы атрымалі ўжо ў вестыбюлі, дзе была разгорнута выстава вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Жанчына-рукадзельніца”, падрыхтаваная майстрамі Дома рамёстваў і народнага клуба “Адраджэнне”, а дэбютны нумар у выкананні Узорнага аркестра народных інструментаў зарадзіў залу добрым настроем. Падмацавалі яго і віншавальныя словы старшыні райвыканкама Уладзіміра Генадзьевіча Аўдошкі, які падкрэсліў вялікую ролю жанчын у сучасным грамадстве. “Вы – наша апора! – адзначыў кіраўнік раёна. – Літаральна кожная з вас заслугоўвае самых высокіх узнагарод і званняў!” Яскравай ілюстрацыяй гэтых слоў стаў момант, калі на святочную сцэну ўзнялася жыхарка вёскі Ліпавец Юлія Рынатаўна Лёля, якая разам з мужам выхоўвае пецярых дзяцей. Пад гучныя авацыі Уладзімір Генадзьевіч уручыў жанчыне высокую дзяржаўную ўзнагароду – ордэн Маці.
Напэўна, не менш запомніцца гэты вечар і ўшачанцы Валянціне Іванаўне Салавей: кранальную песню пра “мам нашых матуль” яе ўнучка Паліна Сазонава спявала для ўсіх прысутных бабуль, а найперш – для сваёй, якой у фінале падарыла кветкі. Але найбольш папулярным словам на імпрэзе было, канечне, “мама” – самаму роднаму чалавеку прысвячалася большасць нумароў. А як хваляваліся віноўніцы свята, калі на сцэну выходзілі іх дзеці. І дарэмна: абсалютна ўсе юныя артысты выдатна справіліся з песнямі, танцамі і інструментальнымі п’есамі. Не падвялі і дарослыя. Удалым быў канферанс прызнаных майстроў гэтага жанру Галіны Хвошч і Арцёма Бірукова, як заўжды запалілі залу эмацыянальныя выступленні Сяргея Парашкіна і Алега Іванова, калектываў “Астурыя” і “Рэнесанс”, іншых выканаўцаў. Сваю лепту ў арганізацыю шоу ўнеслі і работнікі раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Ну а галоўным сведчаннем поспеху канцэрта стала тое, што ў яго фінале ўсе гледачы стоячы апладзіравалі артыстам.
Падрыхтавалі Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ, Наталля БАГДАНОВІЧ.