У пятніцу адбылося чарговае пасяджэнне райвыканкама. Асноўнае пытанне, якое разглядалася на ім, – справаздача дырэктара ПМК-66 А.Л.Фамёнка аб рабоце падначаленай яму арганізацыі. Аляксандр Лукіч зазначыў, што прадпрыемства ў апошні час не шукае заказы за межамі раёна – іх хапае і тут. Больш таго, з-за вялікіх аб’ёмаў і вельмі сціснутых тэрмінаў здачы аб’ектаў, працаваць даводзіцца ў выхадныя дні і ў пазаўрочны час, часта спешнасць адбіваецца на якасці. На сённяшні дзень прадпрыемства адчувае патрэбу ў кадрах – неабходна каля 60 спецыялістаў. Наогул кадравая – адна з асноўных праблем прадпрыемства. Намеснік старшыні райвыканкама М.І.Бухалка, які курыруе галіну, падкрэсліў, што працаваць неабходна з тымі кадрамі, якія ёсць, бо з-за вялікай будаўнічай пляцоўкі па ўсёй рэспубліцы не даводзіцца спадзявацца на прыток кадраў з іншых раёнаў, параіў даплачваць за настаўніцтва, а таксама пашыраць спектр работ, каб менш даводзілася заказваць субпадрадчыкаў, аднавіць у былым памеры выпуск жалезабетонных вырабаў. Старшыня райвыканкама А.А.Кавалёнак адзначыў, што менавіта дзякуючы рабоце гэтага прадпрыемства мы маем новыя мікрараёны, якія ўпрыгожваюць Ушачы, што яны выконваюць усе самыя складаныя аб’екты, а таксама параіў пры фарміраванні планаў загадзя заключаць дагаворы з раённымі арганізацыямі, каб потым не зрываць іх з іншых аб’ектаў.
Выкананне прагнозных паказчыкаў прааналізавала намеснік старшыні райвыканкама В.В.Дзямешка. Падкрэслена, што ўсім прадпрыемствам неабходна актывізаваць работу, каб нарасціць недастатковыя аб’ёмы.
Начальнік РАУС С.А.Алабін праінфармаваў аб стане злачыннасці ў раёне і існуючых праблемах. Намеснік галоўнага ўрача раённай паліклінікі В.А.Шэўчанка паведаміла, што ў снежні чакаецца ўспышка грыпу, падкрэсліла аб неабходнасці вакцынацыі супрацоўнікаў, якую медработнікі могуць правесці нават на прадпрыемствах і ў арганізацыях, папрасіла кіраўнікоў знайсці сродкі на вакцынацыю сваіх работнікаў, каб у “час пік” не аплачваць бальнічныя лісты.
В.КАРАЛЕНКА.