Татьяна Фролова по образованию юрист, а в душе — флорист! В магазине «Букетница» вы всегда найдёте красивый и оригинальный букет

Экономика и малый бизнес

Калі вы хочаце, каб падораныя на 8 Сакавіка ружы даўжэй радавалі сваёй прыгажосцю, не менш аднаго разу ў дзень мяняйце ім ваду – яны любяць халодную і свежае паветра. А вось меркаванне, што іх “падтрымлівае” цукар – памылковае. Хрызантэмы перад тым як паставіць у вазу, не забудзьце падрэзаць.Чым спякотней у пакоі, тым карацей жыццё цюльпанаў. Зрэшты, жоўтыя заўсёды стаяць даўжэй, таму калі вы не верыце забабонам, што яны вешчуны расстання, можаце спыняць на іх свой выбар.

Менавіта прыгаданыя кветкі штогод з’яўляюцца хітом продажу да Дня жанчын, а пра іх і мноства іншых супрацоўнік магазіна “Букетніца” Таццяна Фралова можа расказваць доўга і цікава. Заняцца сваёй кветкавай справай было яе марай яшчэ з дзяцінства, нават збіралася атрымаць прафесію ў гэтым накірунку, але родныя пераканалі абраць больш сур’ёзную, а кветкамі можна займацца паралельна. У выніку дзяўчына юрыст-перакладчык, некаторы час па спецыяльнасці працавала ў Мінску. Ажыццявіць жа даўнюю мару дапамог тата Генадзь Віктаравіч Малашчанка, знайшла падтрымку і ў мужа Сяргея, на якога аформлена прадпрымальніцтва. “Ведаеце, у марах гэтую работу ўяўляла сабе па-іншаму: думала, што буду стаяць сярод прыгожых кветак і нічога тут складанага, – з усмешкай прыгадвае Таццяна. – На самой жа справе ўсё нялёгка: трэба ведаць шмат нюансаў пра кветкі, займацца закупкамі, даглядаць гэты капрызны тавар. Аднак нягледзячы на ўсе цяжкасці, не ўзнікла і думкі адступіць назад, бо ў мяне паверылі і падтрымлівалі ўсе родныя. Зараз ніколькі не шкадую і з упэўненасцю кажу, што работа, якой займаюся ўжо больш пяці гадоў, мне па душы!”

Прыгадвае дзяўчына свой першы рабочы дзень у “Букетніцы”, калі адзін за адным ішлі за кветкамі запрошаныя на чыйсьці юбілей пакупнікі, а Таццяна хоць і не вельмі хутка, але старанна і з густам старалася кожнаму аформіць пакупку. Трэба адзначыць, што многае ў гэтым накірунку ёй далі спецыяльныя фларыстычныя курсы, якія праходзіла ў Мінску. І зараз пастаянна сочыць за навінкамі ў афармленні, модай, эксперыментуе сама. Напрыклад, усё большай папулярнасцю зараз карыстаюцца прыгожыя міні-кампазіцыі з кветак, якія робяцца пры дапамозе невялікай ёмістасці і піафлора – губкі, у якую ўтыкаюцца кветкі. Так падарунак пражыве і больш месяца! Арыгінальна выглядаюць і кветкавыя наборы ў адмысловых скрынях, якія вырабляе муж Таццяны. Пад заказ Т.Фралова робіць і цукерачныя букеты з матэрыялу заказчыка. Заўсёды ўлічвае ўсе пажаданні пакупнікоў, а каб быць больш даступнай і рэкламаваць тавар, вядзе адпаведныя старонкі ў сацыяльных сетках. Магазін жа працуе без выхадных кожны дзень. “Звычайна “Букетніца” зачынена для наведвальнікаў толькі адзін раз у год – 1 студзеня, аднак сёлета ў гэты дзень давялося выйсці, бо з раніцы тэлефанаваў мужчына і настойліва прасіў прадаць букет – без яго яму нельга вяртацца дадому. Вось і ідзём насустрач кожнаму кліенту”, – гаворыць Таццяна. Дарэчы, яны могуць быць упэўнены і ў якасці кветкавага тавару. Падчас нашай размовы Т.Фралова разбірала прывезеныя герберы і экзэмпляры з зусім непрыкметнымі хібамі не выстаўляла на продаж – усё павінна быць ідэальна! А вось яе любімыя кветкі – гваздзікі. “Існуе нейкі памылковы стэрэатып, што гэта жалобныя кветкі, аднак у мяне зусім іншыя погляды: ёсць столькі прыгожых сартоў гваздзікоў, яны доўга стаяць і вельмі прыемна пахнуць!” – кажа дзяўчына. А вось сярод пакаёвых, да якіх таксама нераўнадушна, аддае перавагу архідэям.

Нельга не адзначыць, што Таццяна любіць не толькі кветкі, а і чатырохлапых: не можа прайсці міма бяздомных коцікаў і сабачак, часта іх падкормлівае і часам нават гатова за свае сродкі прастэрылізаваць і прапанаваць пакупнікам бонусам да набытага букета.

Ну а гэтыя святочныя дні для Т.Фраловай самыя напружаныя, прыходзіцца нават спаць толькі 3-4 гадзіны ў суткі, але гэта не засмучае. Жыццё сярод кветак прыносіць ёй асалоду!

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *