З Г.А.Бабянок завочна знаёмы не толькі ўшачане – па арыгінальных пано з бяросты, шыкоўных кветках з бісеру, абаяльных звярках з паперы і тканіны, якія выстаўляюцца на экспазіцыях рознага ўзроўню, лялька з саломкі ў выкананні Ганны Аляксандраўны нават упрыгожвае кафедру беларускай мовы аднаго з універсітэтаў Кітая!
З дзяцінства ўраджэнка Мозыра цікавілася рознымі відамі мастацтва. З зачараваннем назірала за тым, як вышываюць, вяжуць абедзве яе бабулі, якія шыкоўныя кошыкі з лазовага карэння, здабытага на беразе Прыпяці, пляце дзядуля. Пасля ж аварыі на Чарнобыльскай АЭС, калі сям’я пераехала на Сенненшчыну, Г.Бабянок знайшла крыніцу натхнення ў кнігах. Адтуль даведалася, як з кавалка гліны зрабіць прыгожыя фігуркі, а з сітніку – травы, што расла на мясцовым балоце, штосьці сплесці. Пазней “пазнаёмілася” з бісерам. У саломку ж закахалася, калі ўбачыла аплікацыю з яе ў кабінеце працоўнага навучання, дзе выкладаў тата. Асвойвала тэхнікі работы з ёй, а па суботах разам з бацькам праводзіла ў школе адпаведныя заняткі для дзяцей. З педагогікай, дарэчы, была звязана і маці Ганны Аляксандраўны, да якой у дзіцячы садок любіла прыходзіць наша гераіня – укладвала малых спаць, чытала ім казкі, вучыла маляванню. Усё гэта, напэўна, і вызначыла яе будучы прафесійны лёс.
Пасля заканчэння школы Г.Бабянок паступіла ў Віцебскі дзяржуніверсітэт імя П.М.Машэрава, дзе мелася педагагічная і творчая спецыяльнасць адначасова – настаўніка пачатковых класаў і выяўленчага мастацтва. Па размеркаванні трапіла ў цэнтр пазашкольнай работы ў Сянно. Праўда, адпрацавала там усяго год: у 2005-м выйшла замуж і пераехала ва Ушачы, дзе стала педагогам дадатковай адукацыі раённага цэнтра дзяцей і моладзі. І ўжо на першым годзе прафесійнай дзейнасці перамагла ў конкурсе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва рэспубліканскага значэння!
За плячыма педагога ўжо 16 гадоў стажу, 15 з якіх – непасрэдна на Ушаччыне. За імі – тысячы прыгожых, выкананых з душой вырабаў, дзясяткі персанальных выстаў, прычым, не толькі на раённых кірмашах і святах, але і падчас правядзення Дзён беларускага пісьменства, Міжнароднага фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”…
З бяросты і моху, каменьчыкаў і пялёсткаў, сізалю і насення майстар штодня стварае сапраўдныя шэдэўры. На занятках сямі гурткоў у цэнтры і падчас індывідуальнай работы з дзецьмі-інвалідамі, што праводзяцца на доме, Ганна Аляксандраўна вучыць хлопчыкаў і дзяўчынак рабоце ў розных тэхніках: шыцці і фларыстыцы, выпальванні і бісерапляценні, аплікацыі і вязанні, вышыўцы і баціку. І ўсё ж любімым застаецца традыцыйнае беларускае рамяство – саломапляценне. У кабінеце-майстэрні Г.А.Бабянок можна ўбачыць саламяных павукоў, велічных паўлінаў, калядных анёлаў і нават каня па пояс даросламу чалавеку. Студыі “Залатая саломка”, пад кіраўніцтвам педагога нядаўна прысвоена званне “ўзорнай”, а яе юныя наведвальнікі штогод займаюць прызавыя месцы на конкурсах “Калядная зорка”, “Добры дзень, свет”, “Лёд. Кветкі. Фантазія” і іншых.
Пра салому Ганна Аляксандраўна, здаецца, ведае ўсё: якія разнавіднасці зерневых найбольш падыходзяць для пляцення, якімі сродкамі лепш карыстацца для выбельвання і афарбоўкі. Любіць яна і нават няпросты працэс нарыхтоўкі гэтага прыроднага матэрыялу.
– Трэба падабраць час, калі колас толькі “расцвітае”, і паспець да сезона дажджоў, – дзеліцца сакрэтамі майстар. – Тады бяру серп і накіроўваюся на пошук “золата”. Свае ўчасткі для “падстрыгання” часта прапануюць знаёмыя. А якая шчаслівая, калі мацую важкія снапы ў рост чалавека да руля веласіпеда і цягну дамоў. Муж і дзеці з разуменнем адносяцца да такога майго занятку. Толькі калі на пліце ў кватэры бяруся за выварку саломы, падсмейваюцца, маўляў, зноў “макароны” на вячэру будуць.
Вольны ж ад работы час Г.А.Бабянок любіць праводзіць у лесе. Ніколі не вяртаецца адтуль з пустымі рукамі – нясе карчы, галінкі, каменьчыкі… Усё гэта знойдзе новае жыццё ў кампазіцыях яе выхаванцаў, у кожным з якіх педагог умее раскрыць творчы патэнцыял.
Кожны год, месяц, а можа, і штодзень гэты апантаны сваёй справай педагог узнімаецца на новыя вяршыні. Адна з іх – занясенне прозвішча Ганны Аляксандраўны па выніках работы ў 2018-м на раённую Дошку гонару.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.