Увлечение Валентины Пугачёвой

Мир увлечений

Жыццё пастаянна прыносіць сюрпрызы. Што чакае заўтра – не ведае ніхто з нас, аднак ніколі не трэба настройваць сябе на горшае, трэба берагчы самае галоўнае, што ёсць у чалавека, – здароўе.

Менавіта такога жыццёвага прынцыпу прытрымліваецца Валянціна Васільеўна Пугачова. Гэта яна зразумела пасля таго, як некалькі гадоў таму перажыла цяжкую хваробу. Тады ж вырашыла, што трэба заняцца справай, якая б прыносіла задавальненне. Пражыванне ў маленькай кватэры наводзіла сум і яна прыняла рашэнне набыць сабе дачны дом. Сяброўка прапанавала спыніць выбар на вёсцы Лутава Сяльцо паблізу гарпасёлка. Сёння жанчына ўпэўнена, што зрабіла правільны крок.

Каб прывесці дом у той стан, у якім ён знаходзіцца зараз, патрэбна было прыкласці нямала сіл і цярпення, але ўсё рабілася з душой, для сябе. Нават самой часам не верыцца, што ўдалося зрабіць такімі ўтульнымі дом і двор. Дапамагалі дочкі і суседзі, але большую частку работы зрабіла сама. І сёння ён яркі і прыгожы, патанае ў кветках, нават у цяперашнюю восеньскую пару, калі большасць з іх ужо адцвілі. Дарэчы, вырошчванне кветак – адзін з самых любімых заняткаў. Нават узімку, як напамін пра лета, у яе заўсёды стаяць кветкі, толькі засушаныя, але аформленыя ў прыгожыя букеты. Не гаворачы пра пакаёвыя, якіх таксама хапае.

Каб займаць сябе і ў вольны ад работы час не сядзець склаўшы рукі, Валянціна Васільеўна пастаянна займаецца добраўпарадкаваннем сваёй тэрыторыі, а таксама рукадзеллем і дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам. І калі першае для яе гэта добра знаёмая справа, бо па адукацыі швачка і шмат гадоў адпрацавала на камбінаце бытавога абслугоўвання, то навыкі другога асвоіла не так даўно. Арыгінальныя палавікі ляжаць у доме і прыцягваюць увагу ўсіх гасцей. Не гаворачы пра тое, што яна ахвотна шые адзенне для родных і знаёмых.

Жанчына добра малюе, хоць і не мае спецыяльнай адукацыі. Печ у доме значна пераўтварылася, калі на ёй з’явіліся намаляваныя бярозкі, а на сценах хлява выраслі кветкі.

З нядаўняга часу захапілася вырабам карцін, прычым, робіць гэта з розных матэрыялаў. Напрыклад, з ракушак, якія прывозяць сябры з летняга адпачынку на моры. Крыху фантазіі – і арыгінальная карціна добра глядзіцца на сцяне і ўпісваецца ў інтэр’ер. Ці з ужо, здавалася б, непатрэбнай бутэлькі, якую можна выкінуць, робіць прыгожыя вазы. Гэтымі і многімі іншымі сваімі вырабамі В.Пугачова дапаўняе падарункі сябрам і знаёмым на розныя святы.

У гэтым годзе Валянціна Васільеўна паспрабавала ляпіць з гліны – і ў яе атрымалася. Вылепленыя гном і ўлітка “пасяліліся” ў кветніку, а пад дрэвамі “нарасло” шмат грыбоў. Цяпер займаецца лепкай дамашняга вартаўніка – сабакі.

І гэта яшчэ не ўсё. З дрэва сама вырабіла бусла, якому таксама знайшлося месца. Паспрабавала сябе і ў пляценні з лазы.

– Аказваецца ёсць столькі цікавых спраў, якія могуць прыносіць задавальненне і ад працэсу работы над імі, і ад выніку. Не трэба сядзець і прыслухоўвацца, дзе што баліць, трэба займаць сябе карысным і прыемным, – гаворыць Валянціна Васільеўна.

А яшчэ яна вельмі гасцінны чалавек. Да яе ў Лутава Сяльцо часта прыязджаюць дочкі, сябры і знаёмыя, якім тут вельмі падабаецца.

Крыху сумуе жанчына, калі думае пра надыходзячую зіму, калі прыйдзецца ехаць у кватэру, дзе менш магчымасцей займацца мноствам любімых спраў. Але ж зноў прыйдзе цёплая вясна і гарачае лета, а гэта не можа не настройваць на пазітыўныя думкі.

В.ПОЛАЗАВА.

На здымку:

В.В.Пугачова.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *