В числе лучших животноводов области. Лидия Глинская связала свой трудовой путь с сельским хозяйством

Экономика и малый бизнес

Паміж тэлефоннай дамовай і сустрэчай прайшло меней гадзіны. І хоць я збіла асабістыя планы выхаднога дня аператара комплексу “Маяк” Лідзіі Мікалаеўны Глінскай, якая да таго ж знаходзілася далёка ад дома, жанчына не проста чакала ў вызначаным месцы, а і паспела зрабіць прыгожую прычоску. Такая хуткая яна ва ўсім. Вёска прывучыла жыць нават не па гадзінніку, а па ўнутраным “трэба” – паспець справіць асабістую гаспадарку, сабраць у школу чацвярых дзяцей, не спазніцца на работу…

Калі я пытаюся ў яе пра час працы даяркай у “Агра-Селішчы”, Лідзія Мікалаеўна кажа, што ўжо і не памятае дробязяў. Дні праляталі паміж трохразовымі дойкамі і кароткімі перапынкамі, падчас якіх хапалася за хатнія справы ці заглядвала ў лес, каб сабраць ягад. Гэта таксама давала дадатковую капейку, якая ніколі не была лішняй. Аднак падкрэслівае, што нават калі два гады таму ўладкоўвалася на комплекс “Маяк” са своечасовымі і дастойнымі заробкамі, рабіла гэта не толькі дзеля крыніцы пражыцця. “Калі ідзеш да жывёлы выключна з-за грошай, толку не будзе. Яе любіць трэба. Цяляты ці каровы, як і людзі, адчуваюць цеплыню”, – гаворыць Лідзія Мікалаеўна простыя словы настолькі шчыра, што ні на хвіліну не сумняваешся, што добрыя паказчыкі ў яе гарантаваныя. Жывёлагадоўля – галіна хоць і калектыўная, аднак з ярка вылучаным чалавечым фактарам. Яе ж унутраная адказнасць, пяшчота да падапечных, плюс дастатковыя кармы прыносяць добрыя прывагі, на якой бы групе ці на якім перыядзе не аказалася.

Зараз, дарэчы, на другім – дзе аператар побач з 400-кілаграмовымі быкамі выглядае Дзюймовачкай. Сваіх “малышоў” нядаўна сюды перадала, з прывагамі больш за 700 грамаў. Пагадзілася і закрыць вакантнае месца на “выпускной групе”, аказаўшыся адзінай жанчынай-аператарам на гэтым перыядзе. Старажыл Васіль Васільевіч Бучынскі спачатку з недаверам паглядаў – каго маўляў, паставілі, ды спрацаваліся, хаця Лідзія Мікалаеўна і кажа, што напарнікі-мужчыны слабіну ёй даюць – даверылі хлеў з сярэднімі цялятамі. Вялікія быкі і агрэсіўнымі бываюць, такім чынам перасцераглі. Ну а абавязкі як і ва ўсіх: пачысціць кармушкі, даць муку, перагнаць… “Зразумела, што мне з малымі цікавей, хоць і клопатаў з імі больш. І сярод іх ёсць любімчыкі – цялушкі. Напэўна таму, што я з рагулямі дзесяцігоддзі адпрацавала, бачу ў іх будучых кароў. Аднойчы паставілі на комплекс цёлак – немаленькіх ужо па ўзросце, аднак такіх запушчаных, рэбры тарчалі. Мне так іх шкада было, што і падчас абеду спяшалася лішні раз паглядзець, свежанькага падкласці. Наша брыгадзір комплексу Галіна Канстанцінаўна Літвін потым дзівілася, як мы з Наталляй Коршун і Ганнай Логінавай іх выхадзілі. Дзяўчаты ж смяяліся, што нічога дзіўнага: маўляў, я ж у рот ім гляджу…Сапраўды перажываем, таму і падзяжу на нашай групе практычна не было, ну а на другім перыядзе жывёла ўжо падужэлая”.

Дарэчы, свой працоўны шлях Лідзія Мікалаеўна пачынала таксама цялятніцай на ферме ў Загуззі. Тады нагрузка на аднаго даглядчыка складала 50 галоў, на комплексе ж зараз на траіх – трыста. Аднак, калі ішла ўладкоўвацца на “Маяк”, баялася не нагрузкі, а што патрэбны маладзейшыя кадры. Аднак вопытнага жывёлавода без ваганняў прынялі, і яна, вынослівая і хуткая, ніколі не сказала, што цяжка. Умовы, канечне, адрозніваюцца, на “Маяку” пастаянны штат, вопытныя спецыялісты, адказны ветурач, які і праколіць, і адвары дасць. Раней жа настойвалі зёлкі самі, той жа палын з лета сушылі. Крыху дапамагалі Лідзіі Мікалаеўне і веды, атрыманыя падчас вучобы ў тэхнікуме. Праўда, дыплом заатэхніка дзяўчына так і не атрымала. Маці захварэла, калі ёй было ўсяго тры гады, гадавалася ў бабулі. Ну а потым вучыць стала няма каму, а на яе лёг клопат і аб маці. Дзяўчына з Глыбоцкага раёна купіла дом у Селішчы.

– З работай праблем раней не існавала, даярка ці даглядчык у гаспадарцы былі ледзь не асноўнай кадравай адзінкай, прычым паважанай. І заробкі добрыя, і прывілеі пры набыцці тавару. Гэта зараз ганебнае адценне прымацавалася. І пешшу, бывала, на пашы хадзілі, і ў 12 ночы вярталіся, калі даілі ўлетку на ферме. Дзеці падраслі – дапамагаць сталі, у тым ліку і са сваімі дзвюма каровамі. Гэта зараз, калі разляцеліся, у мяне толькі козы, парсюкі ды куры, – кажа Лідзія Мікалаеўна.

Ну а ў яе доме нядаўна з’явілася абноўка. Пакрывала, падоранае падчас ушанавання лепшых жывёлаводаў Віцебшчыны ад прафкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. На ўрачыстасць з “Маяка” ехала цэлая дэлегацыя, і калі калегі атрымлівалі асалоду ад дзейства, то Лідзія Мікалаеўна вельмі хвалявалася. Хоць сумленна працавала заўсёды, і за паказчыкі сорамна не было, аднак на такую высокую сцэну падымалася ўпершыню. “Будзе памяць, – я ж пенсіянер, мабыць і завяршу кар’еру жывёлавода. А дыплом будзе нагадваць і пра падзею, і пра выдатны калектыў “Маяка”, кіраўніцтву якога ўдзячна, што сярод мноства дастойных даглядчыкаў вылучылі сёлета мяне”.

Ну а нагода рабіць прычоскі ў Лідзіі Мікалаеўны яшчэ будзе неаднойчы. Яна заўсёды прыбіраецца і едзе да дзяцей, якія жывуць на Магілёўшчыне, у Глыбоцкім і Міёрскім раёнах, на дні нараджэння і іншыя сямейныя святы. Ды і кар’ера жывёлавода яшчэ не завершана.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *