Дзеці – гэта кветкі жыцця, наша будучыня і шчасце. Адны бацькі выхоўваюць, клапоцяцца і гатовы дзеля сваіх дзяцей на ўсё. А некаторыя сем’і бачаць сэнс існавання зусім у іншых “каштоўнасцях”: падманнае шчасце спіртных напояў, дурман і поўнае забыццё. Бацькоў у такім стане не хвалюе, што дзеці просяць есці, а жыхарам паловы вёскі трэба аддаваць даўгі. Ніхто не кажа, што такія бацькі не любяць сваіх дзяцей, але смага пахмельнай раніцы заглушае розум і сэрца. Такія сем’і неўзабаве набываюць статус сацыяльна небяспечных – пачынаюцца рэйды, візіты, папярэджанні і апошняя мяжа – адабранне дзяцей. Работа ў супрацоўнікаў службаў, якія гэтым займаюцца, мякка кажучы, непрыемная. Вочы дзяцей – спалоханыя, заплаканыя, баязлівыя і недаверлівыя, іх разлучаюць з бацькамі, хай сабе і вечна п’янымі, але ж такімі роднымі, – нікога не пакінуць раўнадушным.
Што рабіць, каб такіх вачэй было як мага менш, якая сітуацыя з нядобранадзейнымі сем’ямі склалася ва Ушацкім раёне – гэтыя і іншыя пытанні задала намесніку старшыні райвыканкама В.І.КАРЧЭЎСКАЙ, якая каардынуе гэтую работу ў раёне.
– Вольга Іванаўна, якія раённыя службы зацікаўлены ў правядзенні работы па ахове правоў і законных інтарэсаў дзяцей у адпаведнасці з патрабаваннямі Дэкрэта №18?
– Сёння ў раёне фарміруецца рэгіянальная мадэль міжведамаснага ўзаемадзеяння ў рабоце па абароне дзяцінства, у якой прымаюць удзел камісія па справах непаўналетніх райвыканкама, аддзел адукацыі, установы адукацыі, інспекцыя па справах непаўналетніх аддзела ўнутраных спраў, пракуратура, установы аховы здароўя, суд і шматлікія іншыя службы. Кожны з пералічаных суб’ектаў мае свае пэўныя функцыянальныя абавязкі ў пытаннях ранняга выяўлення і прафілактыкі сямейнай нядобранадзейнасці.
– Якія мерапрыемствы праводзяцца з гэтай нагоды?
– У першую чаргу нас цікавіць лёс дзіця, якое знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Своечасоваму выяўленню садзейнічаюць рэйды “Сям’я без насілля”, наведванне сем’яў класнымі кіраўнікамі. Нядобранадзейныя сем’і разглядаюцца на пасяджэннях савета прафілактыкі, дзе сям’я можа быць пастаўлена на ўлік. На кожнае дзіця, якое знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, складаецца індывідуальны план, дзе вызначаюцца пэўныя мерапрыемствы па рэабілітацыі дзяцей і па паляпшэнні сітуацыі ў іх сем’ях.
Усяго ў раёне на 1 верасня 2010 года 52 сям’і, у якіх выхоўваецца 84 дзіця, прызнаны нядобранадзейнымі. У 2010 годзе саветам прафілактыкі ўстаноў адукацыі раёна было прызнана 30 непаўналетніх з 23 сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
– Ці праводзіцца якая-небудзь прафілактычная работа з сем’ямі, дзе выхоўваюцца маленькія дзеці, якія яшчэ не пайшлі ў дзіцячы сад і школу?
– Канечне, работа пачынаецца ўжо на этапе дыягнасціравання цяжарнасці. Цяжарныя жанчыны, якія маюць паказчыкі сямейнай нядобранадзейнасці, на вёсцы назіраюцца штодня, у райцэнтры – адзін раз у тыдзень.
Дзеці актыўна наведваюцца ўчастковым фельчарам, педыятрам, складаецца план назірання за малым і рэкамендацыі па групах рызыкі. Так, у раёне на 1 верасня 2010 года ў групе сацыяльнай рызыкі знаходзіцца 6 сем’яў, у якіх выхоўваецца 6 непаўналетніх дзяцей да 3-х гадоў.
– Якая выхаваўчая работа праводзіцца з дзецьмі з нядобранадзейных сем’яў падчас канікул?
– Дзеці-школьнікі з нядобранадзейных сем’яў аздараўліваюцца ў школьных лагерах, кругласутачным летнім лагеры «Турасполле», у абаронча-патрыятычных лагерах, арганізаваных на базе Ушацкай ДАСШ сумесна з РАНС і РАУС, у палатачных: турыстычным і абаронча-патрыятычным, арганізаваным на базе вайсковай часці ў п.Заслонава. Таксама падчас летніх канікул было арганізавана індывідуальнае працаўладкаванне ў працоўныя брыгады ад упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама ў Глыбачанскую, Арэхаўскую, Кубліцкую школы. Былі індывідуальна працаўладкаваны дзеці ў Ільюшынскую і Ушацкую школы.
– Які комплекс мер па адабранні дзяцей з сям’і рэалізуецца камісіяй па справах непаўналетніх?
– У трохдзённы тэрмін камісіяй разглядаецца хадайніцтва аддзела адукацыі райвыканкама пра неабходнасць прызнання непаўналетняга тым, якому патрэбна дзяржаўная абарона, прымаецца адпаведнае рашэнне, пра што паведамляецца пракуратуры, РАУС, аддзелу адукацыі і іншым заці- каўленым службам. Усе дзеці ў дзень адабрання змяшчаюцца ў інфекцыйнае аддзяленне бальніцы на тры дні. З 17 адабраных дзяцей у аднаго была выяўлена кароста, у некаторых – педыкулёз. Пасля абследавання і адпаведнага лячэння дзеці пераводзяцца ў дзіцячы сацыяльны прытулак г.п.Ушачы, дзе яны могуць знаходзіцца да шасці месяцаў.
Зараз у прытулку знаходзіцца 12 дзяцей з 9-ці сямей, афармляюцца дакументы на траіх дзяцей у прыёмную сям’ю, 1 дзіця – у апякунскую.
– Неаднаразова паведамлялася пра абавязаных асоб, якія маюць запазычанасць перад дзяржавай за ўтрыманне дзяцей у дзяржустановах. Наколькі гэта актуальна на сённяшні дзень?
– Зараз у раёне пражывае 80 абавязаных асоб, якія павінны выплачваць грашовыя сродкі, з іх – 51 чалавек працуе, 25 – знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, 4 – ухіляюцца ад выплаты; 5 абавязаных асоб вызвалены ад пакрыцця запазычанасці па стане здароўя, 10 – у сувязі са зваротам дзяцей бацькам.
З 2005 года запазычанасць складае 487 мільёнаў 911 тысяч беларускіх рублёў. Асноўнай прычынай, як аказалася, з’яўляюцца прагулы. За ўказаны перыяд абавязанымі асобамі здзейснена 1320 прагулаў. У 2010 годзе матэрыялы па справах чатырох абавязаных асоб накіраваны ў суд.
Судом Ушацкага раёна вынесены рашэнні ў адносінах 19 абавязаных асоб аб накіраванні ў ЛПП на прымусовае лячэнне.
У ходзе рэалізацыі Дэкрэта №18 узнікаюць праблемы, якія абмяжоўваюць ступень яго выканання. Маюць месца выпадкі, калі абавязаныя асобы па прычыне значнай запазычанасці (на двух і больш дзяцей) павінны пакрываць вялікія сумы і пры гэтым няма магчымасці прадстаўлення абавязаным асобам працы з адпаведнай зарплатай. Для вырашэння падобных праблем распараджэннем райвыканкама быў створаны каардынацыйны савет па кантролі за выкананнем Дэкрэта №18. За восем месяцаў гэтага года было праведзена восем пасяджэнняў, на якіх разглядалася пытанне прычын, па якіх абавязаныя асобы не выплачваюць сродкі на ўтрыманне дзяцей.
– Якія задачы стаяць перад зацікаўленымі службамі раёна па пытаннях рэалізацыі Дэкрэта №18?
– Усім суб’ектам прафілактыкі варта актыўна працягваць работу па раннім выяўленні нядобранадзейных сем’яў, своечасовым адабранні дзяцей у бацькоў, арганізацыі працы абавязаных асоб па пакрыцці выдаткаў на ўтрыманне дзяцей, паляпшэнні ўзаемадзеяння паміж усімі органамі і ўстановамі па рэалізацыі патрабаванняў Дэкрэта №18.
Гутарыла К.КАВАЛЕЎСКАЯ.