Кто ищет — тому помогают. Как решается вопрос трудоустройства в сельсоветах Ушаччины

Общество

Правядзенне на Ушаччыне выязных пасяджэнняў камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва працягваецца. На мінулым тыдні такое мерапрыемства ў чарговы раз прыняў Жарскі сельсавет, дзе нямала працаздольных грамадзян, якія не могуць ці не хочуць атрымаць статус занятых у эканоміцы.

13 асабістых гісторый давялося выслухаць членам камісіі на сустрэчы ў актавай зале ААТ “Ільюшынскі”. І тое, што пасяджэнне праходзіла менавіта тут, было дарэчы: буйная па мерках раёна арганізацыя забяспечвае работай значную колькасць мясцовага насельніцтва, да таго ж мае вакантныя месцы. Да слова, многія з запрошаных ужо мелі вопыт працоўных адносін з гэтым сельгаспрадпрыемствам. Так, напрыклад, даяркай пэўны час тут была жыхарка вёскі Вацлавова Н. Праўда, калі падвозіць у Старое Сяло яе перасталі (гэтую “функцыю” ажыццяўляў яе знаёмы), пра занятасць жанчына вырашыла забыцца, маўляў, дабірацца далёка (гэта ўсяго каля 2,5 км!). Зрэшты, дом для пражывання ва ўзгаданым населеным пункце ёй прапаноўвалі. Але і гэта не натхніла жанчыну, паколькі там патрабуецца рамонт, а “ўкладацца” ў яго яна не хоча, ды і не мае фінансавых сродкаў. У сувязі з гэтым дырэктар Сяргей Анатольевіч Халімоненка заўважыў, што заробак даярак залежыць ад іх стараннасці, некаторыя прадстаўніцы гэтай прафесіі атрымліваюць па 1000 рублёў.

Наўрад ці атрымаецца знайсці работу грамадзяніну Ю. з аграгарадка. Ды і сам ён да гэтага не імкнецца. У свае 53 гады перабіваецца выпадковым калымам, заробленае прапівае. Трэба было чуць, з якім “гонарам” расказваў мужчына пра свой лад жыцця: знаходжанне на ўліку ва ўрача-нарколага, неаднаразовае “гасцяванне” ў лячэбна-працоўным прафілакторыі. Не прымусілі яго задумацца і словы начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама С.Васілеўскай, якая нагадала, што адсутнасць вызначанага працоўнага стажу не дазволіць у далейшым атрымліваць пенсію.

Вядома ж, куды больш прыемна членам камісіі дапамагаць тым, хто хоча працаваць, але не можа знайсці падыходзячае месца. Да такіх, напрыклад, адносіцца жыхарка Жар Л. На сезон масавага адпачынку яна была ўладкавана ў санаторыі “Лясныя азёры”, аднак зараз засталася без работы. Жанчына жыве ў брата, які падпрацоўвае, да Ушач дабірацца магчымасці няма. Камісія прапанавала ёй вакансію прыбіральшчыцы, якая можа з’явіцца ў бліжэйшы час у камунальнай службе – калі жыхары шматкватэрных дамоў у Вашкове і Ільюшыне не адмовяцца ад свайго жадання аплачваць паслугі такому спецыялісту. Жанчына згадзілася пачакаць.

Два гады таму быў звольнены за прагулы з лясніцтва малады жыхар вёскі Жары. Спіртным не злоўжывае, вядзе прыстойны лад жыцця. Ад прапанаванай яму вакансіі трактарыста ў “Ільюшынскім” адмовіўся, запэўніўшы, што паспрабуе самастойна зноў уладкавацца ў лясніцтва ці на прадпрыемства “Прарыў”, што будзе займацца вытворчасцю драўнянага вугалю.

Ужо “зарэзерваваў” там сабе месца грамадзянін М. з Вацлавова. Прывабную пасаду ў магазіне “Дзіцячы свет” у Маскве знайшла жыхарка Жар, якая з мужам пераязджае ў Расійскую Федэрацыю. “Прапіску” вырашыла змяніць і А. – едзе да дачкі ў Браслаў, дзе мяркуе вырашыць пытанне з занятасцю. А грамадзяніна М. паабяцалі ўзяць пастухом у ААТ “Ільюшынскі”.

Удзельнікі выязнога пасяджэння атрымалі кансультацыі ад начальніка аддзела занятасці і сацыяльна-працоўных адносін І.Дунік. Яна паведаміла, што даведацца пра вакансіі, выказаць намер перавучыцца ці скарыстацца субсідыяй на арганізацыю прадпрымальніцкай або рамесніцкай дзейнасці, атрымаць накіраванне для бясплатнага праходжання медкамісіі для ўладкавання на работу можна ў кабінетах 49 і 50, што на другім паверсе райвыканкама. Дзейсным аргументам на карысць працаўладкавання сталі словы супрацоўнікаў міліцыі І.Бугрова і ­Ю.Гаўрылюк, якія нагадалі грамадзянам, што знаходзяцца на прафілактычным уліку за здзяйсненне правапарушэнняў у нецвярозым стане – чарговы такі выпадак можа стаць падставай для накіравання ў ЛПП.

– Беспрацоўныя могуць таксама аказацца ў спісе асоб, якім трэба аплачваць паслугі, што субсідзіруюцца дзяржавай, па іх поўным кошце, – зазначыла старшыня камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва Н.Марковіч. – У чацвёртым квартале 2019-га такіх на Ушаччыне было 34. На сённяшні дзень, з улікам пададзеных грамадзянамі дакументаў, што пацвярджаюць іх рабочы статус, гэтая колькасць нязначна зменшылася. У любым выпадку не занятым у эканоміцы ўшачанам варта звярнуцца ў нашу камісію. Калі будзе прызнана, што чалавек знаходзіцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, то яго часткова ці цалкам вызваляць ад поўнай аплаты паслуг.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *