Ушачанин Владимир Крахотко 20 лет служил на Байконуре и участвовал в запуске в космос Юрия Гагарина

Общество

Ва Ушачах на вуліцы Каранеўскага жыве кадравы ваенны, які дваццаць з лішнім год служыў на Байкануры: удзельнічаў у запуску ў Космас Юрыя Гагарына, па фотаздымках называе імёны іншых першапраходцаў у скафандрах і пісаў камп’ютарныя праграмы яшчэ да стварэння машыннай мовы. Уладзімір Васільевіч Крахотка сваімі святамі лічыць Дзень ракетных войскаў, Дзень касманаўтыкі і, канечне, 23 лютага. Не толькі як свята абаронцаў Айчыны, у гэты дзень ён сёлета адзначыць 81-ы Дзень нараджэння.

У сямейным фотаальбоме нямала ўнікальных здымкаў, аднак папаўняўся ён з вялікім спазненнем. Гэта калі Байканур стаў вядомы на ўвесь свет, ім, першапраходцам запуску ракет, іх дарылі да памятных дзён. Самім жа рабіць забаранялася, хоць Уладзімір захапляўся фотасправай яшчэ падчас вучобы ва Ушацкай школе, як і нешта расказваць не толькі пра род заняткаў, але і месца службы. Лісты ад родных прыходзілі на адрас Масква-400 ці Ташкент-90. Хоць на самой справе называўся самы вялікі ваенны горад Ленінскам, ды і выгляд спачатку меў зусім не гарадскі.

У 1959-м, калі выпускнік Гомельскага радыётэхнічнага вайсковага вучылішча трапіў на Байканур, там быў толькі драўляны жылы гарадок, адна пускавая пляцоўка, што пазней пачала называцца гагарынскай, і дзве “кропкі” вакол яе на адлегласці 300 кіламетраў. Менавіта з іх спачатку і ажыццяўлялі пуск ракет – каб было найбольш дакладным радыёкіраванне. Аднак на “кропцы” Тугус лейтэнант правёў толькі паўтара года: абсталяванне ўдасканалілася і паменела настолькі, што кіраванне ажыццяўлялі ўжо ў ста метрах ад стартавай пляцоўкі. І таму на ўсё жыццё запомніў выпадак, калі на іх ляцелі абломкі ракеты, што развалілася ў паветры.

– Побач з ваеннымі тады было многа і грамадзянскіх – прамыслоўцаў, якія кінуліся хавацца пад машыны з абсталяваннем. Мы ж, моладзь, засталіся стаяць на пляцоўцы, хоць было вельмі страшна. Абломкі зваліліся, насамрэч, намнога далей ад месца старту – гэта нам толькі здавалася з вялікай адлегласці, што трапяць якраз на нас. Ды і схавацца, па праўдзе кажучы, не было куды. У падземныя бункеры кіраванне пускам перанеслі толькі пасля трагедыі, што адбылася ў канцы 1960 года – міжбалістычная ракета ўзарвалася ад несвоечасовага запуску яшчэ на зямлі, калі на ёй і побач знаходзіліся тэхнікі. Паколькі была запраўлена, выбух атрымаўся вельмі моцнай сілы. Пад сотню чалавек загінулі, сярод іх і маршал Нядзелін. Канструктар Янгель уцалеў тады па шчаслівым выпадку – пайшоў да будынка паводдаль пакурыць.

– Пускі ажыццяўляліся вельмі часта – раз на тыдні абавязкова, а то і праз 3 дні. І хоць надзвычайныя здарэнні былі рэдкасцю, затое каласальная адказнасць – штодня. “Мы былі моцна падстрахаваны. У рабочым рэжыме ў нас працавала адразу тры з чатырох станцый, хоць і назіралі за прыборамі па адной. – Гэта на выпадак, калі нешта выйдзе са строю. Усе нашы дзеянні запісваліся. А ў час прызямлення Юрыя Гагарына мае калегі выказвалі намер памяняць месца службы, бо не вытрымаюць такой напругі. Мы якраз вярталіся ў гарадок, калі даведаліся, што пры прызямленні не спрацавала радыёсістэма. Пазней высветлілася, што не па нашай віне, выйшаў са строю радыёдатчык на борце. Прызямліўся касманаўт не зусім там, дзе меркавалася, хаця мог не вярнуцца наогул – ракета паляцела далей і магло не хапіць паліва. Спускаўся на парашуце.

Спачатку была адзіная пускавая пляцоўка, дзе ў паветра накіроўваліся і вайсковыя, і грамадзянскія аб’екты – апрацоўваліся ракеты, запускаліся спадарожнікі, і нават на іх некалькі разоў мацаваліся пушкі – для ліквідацыі спадарожнікаў праціўніка на выпадак пачатку вайны. “Халодная вайна” тады была вельмі гарачай, апасаліся, што перарасце ў сапраўдную. Ну а на палігоне ад гагарынскай пляцоўкі ў два бакі на значнай адлегласці пабудавалі яшчэ шмат – выпрабаванні праводзілі розныя роды войск, а колькасць толькі афіцэраў у Ленінску хутка дасягнула 100 тысяч.

Калі ў 1959-м раніцай з гарадка на палігон накіроўваўся мотапоезд з двума вагонамі, дарэчы, з-за рэзкага недахопу кадраў туды размеркавалі адразу 60 аднакурснікаў У.Крахоткі, то пазней ужо некалькі паўнацэнных саставаў. Гэта быў час імклівага развіцця навукі. Дарэчы, Уладзіміра Васільевіча хутка вылучылі са складу афіцэраў і часта накіроўвалі ў Маскву, дзе прама на заводзе вывучаў новую тэхніку. Пазней ён завочна скончыць Акадэмію імя Дзяржынскага (Пятра Вялікага) і зноў жа будзе першапраходцам, толькі ўжо ў камп’ютарным назіранні за работай прыбораў і праграміраванні.

“Наш камп’ютар займаў палову паверху, а калі ён працаваў, стаяў моцны гул. Уявіце, што для ахалоджвання агрэгатаў тады паветра падавалася праз вялізныя трубы (зараз гэта маленькі кулер), а памяць меў усяго 200 кілабайт. Праграмы спачатку пісалі на паперы, распісваючы, у якую ячэйку кладзецца “0”, а ў якую “1”. Запісы пераносіліся на перфакарты, што і счытваў камп’ютар. Так было, нават калі пачалі пісаць праграмы на машыннай мове Алгол. Наш аддзел займаўся расшыфроўкай плёнак з ракет: на іх стаяла мноства датчыкаў, і з дапамогай назіранняў над уплывам вібрацыі потым удасканальвалася абсталяванне.

У адстаўку падпалкоўнік-інжынер, старшы навуковы супрацоўнік У.Крахотка пайшоў у 1985-м годзе. Калі пераехаў у Мінск, да 1996 года працаваў у Акадэміі навук. І вось ужо больш 20 гадоў на малой радзіме. Ці сумуе па Байкануры? Канечне. Прыгадваюць з жонкай Людмілай Сяргееўнай рыбалку на Сырдар’і. Там прайшла маладосць, падчас якой на таварніках дабіраўся на танцы за 100 кіламетраў. І нарэшце ўжо рассакрэчаны Ленінск – радзіма іх дзяцей.

А ў доме ва Ушачах усё ў прыборах і карысных прыладах, многія з якіх, як люстра Чыжэўскага (іанізатар паветра), зроблены яго рукамі. Большасць часу Уладзімір Васільевіч праводзіць за камп’ютарам, у якім, кажа, нічога агульнага з тымі першымі.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *