Больш за 100 чалавек сабраў на бягучым тыдні ў Віцебску абласны форум працуючай моладзі. Арганізатары – абкам БРСМ, галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама – далі магчымасць прадстаўнікам прадпрыемстваў, арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў рэгіёна ў адкрытым дыялогу абмеркаваць з прадстаўнікамі ўлады шэраг важных тэм. Удзел у мерапрыемстве прынялі і ўшачане.
На пытанні ўдзельнікаў форума адказалі эксперты: супрацоўнікі прыгаданых вышэй структур, а таксама гарвыканкама, аддзела развіцця прадпрымальніцтва, камітэта эканомікі аблвыканкама, маладзёжнай палаты пры Парламенцкім сходзе Саюза Беларусі і Расіі, абласнога саюза наймальнікаў. Памочнік Прэзідэнта, інспектар па Віцебскай вобласці А.К.Ліневіч падзяліўся з маладымі людзьмі сакрэтам поспеху: “Трэба шмат працаваць! Калі будзеце рабіць гэта, вас абавязкова заўважаць, дапамогуць, накіруюць у патрэбнае рэчышча”.
У рамках форума ўдзельнікі наведалі вядучыя прадпрыемствы горада. Мне, як і іншым журналістам, цікава было пазнаёміцца з работай інтэрнэт-тэлебачання Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, трапіць на майстар-клас па развіцці інтэрнэт-рэсурсаў рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі. Тым часам іншыя спецыялісты накіраваліся на “Марка” і “Фортэкс – водныя тэхналогіі”, у фізкультурна-аздараўленчы комплекс РУП “Віцебскэнерга”.
– Нам давялося трапіць у групу, якая зрабіла акцэнт на валанцёрскую дзейнасць, – расказалі ўшачане Ірына Ціханава і Іван Шугалей (на здымку). – Шмат даведаліся пра сферы, якія патрабуюць увагі з боку неабыякавых людзей. Многае возьмем “на аловак”, паспрабуем прымяніць у сваіх арганізацыях.
Таксама ўдзельнікі форума прынялі ўдзел у патрыятычнай акцыі “Малая радзіма – у сэрцах маладых”, прадэманстравалі свае мастацкія, вакальныя даныя, ну і, канечне ж, знайшлі новых сяброў, падзяліліся планамі. Праграма атрымалася настолькі цікавай, жывой, што ўсе прысутныя загарэліся ідэяй правесці штосьці падобнае ў сваіх раёнах. Ідэю арганізатары падтрымалі. На Ушаччыне ж зрабіць гэта будзе дастаткова проста, паколькі падобныя сустрэчы прадстаўнікоў улады, прадпрыемстваў і арганізацый з маладымі спецыялістамі ў нас ужо праводзяцца.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.