Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 14 лютага наведаў з рабочай паездкай Светлагорск, дзе ажыццявіў сімвалічны пуск абсталявання лініі па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы на Светлагорскім ЦКК. Гэтая прадукцыя высока запатрабавана на міжнародных рынках і важная для ўнутранага імпартазамяшчэння. На постсавецкай прасторы такіх сучасных вытворчасцей няма.
Прэзідэнт нагадаў, што лясныя рэсурсы – гэта наша багацце. “Трэба перапрацаваць у паперу, цэлюлозу, каб не вазіць за мяжу за бясцэнак. Вось у чым была задума будаўніцтва гэтага прадпрыемства… Патрэбна глыбіня перапрацоўкі цэлюлозы. Нам трэба з яе рабіць адпаведныя ўпаковачныя матэрыялы, мяшкі», – сказаў Прэзідэнт і нагадаў аб пастаўленай задачы па максімальным адыходзе ад выкарыстання поліэтылену, які шкодзіць экалогіі. “Трэба ўсё запакоўваць – булкі, піражкі і іншае – у паперу. У нас гэтага дабра хапае. Але з гэтай цэлюлозы, значыць, трэба стварыць такую ўпакоўку”.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў таксама аб неабходнасці перагледзець некаторыя падыходы і ўмовы, на якіх у Беларусь прыцягваюцца замежныя інвестыцыі: «Нам трэба арыентавацца на нешта істотнае. Калі ты хочаш сюды прыйсці працаваць, калі ласка, прыходзь і працуй, як працуюць усе прадпрыемствы, плаці падаткі. Любыя рабочыя месцы павінны прыносіць прыбытак».
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на праблемы аграрнай сферы Гомельскай вобласці. “Гэты год будзе вызначальным. Або мы падымаем Гомельшчыну на патрэбны ўзровень, або будзем прымаць строгія меры ў сельскай гаспадарцы, як у Віцебскай вобласці. Але вы скаціліся вельмі сур’ёзна… І гэта не толькі таму, што тут «чарнобыль», людзей не хапае і іншае. Слабая арганізацыя, упусцілі некаторыя пытанні», – лічыць кіраўнік дзяржавы.
Закраналіся і актуальныя пытанні беларуска-расійскіх адносін. «Мы будзем і далей працаваць па інтэграцыі. У гэтым няма нічога дрэннага», – сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, стварэнне розных палітычных, наднацыянальных органаў і іншых аб’яднанняў, што было прадугледжана 31-й дарожнай картай, бакі дамовіліся не абмяркоўваць. «Толькі эканамічныя пытанні па інтэграцыі, – растлумачыў Прэзідэнт. – Але па сапраўднай інтэграцыі, а не так, як «плявузгаюць» у СМІ ў Расіі: яны разумеюць інтэграцыю як паглынанне Беларусі Расіяй. Гэта не інтэграцыя, а інкарпарацыя. На гэта я ніколі не пайду».
Кіраўнік дзяржавы прывёў у прыклад работу над адзінымі падыходамі да падаткаабкладання: на яго думку, краіны павінны пераймаць карысны вопыт адзін аднаго, каб стварыць самы сучасны кодэкс.
Рабочыя паездкі кіраўніка дзяржавы набываюць новы фармат. Напярэдадні яго прыезду ў той ці іншы раён на мясцовыя прадпрыемствы будуць выязджаць кіраўнікі рэспубліканскага ўзроўню і затым трымаць справаздачу перад Прэзідэнтам. Так адбылося ў Светлагорскім раёне.
Па матэрыялах БелТА.