Ушачане приняли активное участие в Дне донора

Общество

Нягледзячы на ўсе дасягненні сучаснай медыцыны без донарскай крыві, прэпаратаў з яе кампанентамі немагчыма абысціся. Пераліванне, па статыстыцы, хаця б раз у жыцці робіцца кожнаму трэцяму жыхару планеты.

Паўдзельнічаць у высакароднай справе на бягучым тыдні ўшачане мелі магчымасць у цэнтральнай райбальніцы. Забор крыві тут ажыццяўлялі супрацоўнікі  Полацкай гарадской станцыі пералівання. Трэба адзначыць, што 28 добраахвотнікаў сталі донарамі на бясплатнай аснове. У большасці сваёй гэта медыкі і супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях.

На акцыю прыйшлі не толькі пастаянныя ўдзельнікі донарскіх дзён, але і тыя, хто ўпершыню пачуў пра яе. Найбольш актыўнымі сталі ўшачане ва ўзросце ад 30 да 45 гадоў. Перад кроваздачай усе яны прайшлі неабходнае медыцынскае абследаванне.

Як нам расказаў загадчык кабінета трансфузіялагічнай дапамогі Ушацкай ЦРБ Аляксандр Вусько, улічваючы аптымальны інтэрвал для кроваздачы, Дзень донарства на Ушаччыне праводзіцца раз у квартал. Дарослы чалавек без небяспекі для свайго жыцця можа страціць да аднаго літра крыві. Доза ж донарскай складае ўсяго 450 мл. Такую колькасць арганізм аднаўляе вельмі хутка. Падобнае “кровапусканне” нават карыснае для чалавека.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

!! Скандынаўскія вучоныя, якія на працягу 35 гадоў вывучалі жыццё мільёна донараў у Даніі і Швецыі, высветлілі: агульны ўзровень смяротнасці людзей, якія рэгулярна здаюць кроў, на 30 працэнтаў ніжэйшы ў параўнанні з сярэднімі паказчыкамі ў гэтых краінах. У іх вышэйшы імунітэт, меншая рызыка ўзнікнення сардэчна-сасудзістых захворванняў, у прыватнасці, інфаркту міякарда і інсульту.

!! Больш за ўсё здаюць кроў жыхары Даніі. Пры гэтым яны не атрымліваюць ніякай матэрыяльнай кампенсацыі. Датчане ўпэўнены, што донарства падаўжае жыццё, што, дарэчы, мае навуковае абгрунтаванне. Высветлілася таксама, што донары ў тры разы радзей маюць эндакрынныя захворванні, а смяротнасць ад анкалагічных паталогій у гэтай групе на 20 працэнтаў ніжэйшая.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *