Таіса і Арцём Церашкаўцы маюць тытул самай энергазберагальнай сям’і Віцебшчыны – перамаглі ў адпаведнай намінацыі абласнога Энергамарафону. Аднак, пабываўшы ў гасцях у іх доме ў аграгарадку Глыбачка, не заўважыла прыкмет мінімалізму. Прасторныя пакоі, не захламленыя лішнім, утульныя і па-сучаснаму мэбляваныя. Плазменны тэлевізар ледзь не на палову залы, пральная машына-аўтамат, на абедзенным стале… торт з выпадку дня нараджэння дачкі Ксюшы. “Мы ж настаўнікі. Вось і ўвязаліся ў конкурс”, – смяюцца маладыя гаспадары. Ну а паколькі найперш яны эксперыментатары, то сапраўды шукаюць прагрэсіўную альтэрнатыву сучасным крыніцам цяпла і электрычнасці.
Лямпачкі літаральна ва ўсіх пакоях святлодыёдныя. Раней і люмінесцэнтныя былі, таксама энергазберагальныя, аднак яны не любяць частых пераключэнняў – выходзяць са строю, а гэтыя яркія, некапрызныя і ў інтэр’еры глядзяцца. Падумала нават, што ў зале люстра на некалькі рэжымаў – столькі розных лямпачак, а гэта старую, што перагарэла, не выкінулі, а аздобілі ўстаўкай са святлодыёдным кругляком. Пральную машыну Таіса ўключае пераважна на хуткі цыкл, прычым не абавязкова з гарачай вадой. Для не надта забруджанай бялізны дастаткова і 15-30 хвілін, ну а каб адмыць плямы – усё роўна замачыць трэба. Дарэчы, аўтамат таксама класа А+ – энергазберагальная тэхніка сучаснага пакалення ідзе з такой маркіроўкай і нават А++. Замест неэканомнага камп’ютара, з дапамогай якога глядзелі фільмы, зараз падключылі смарт-ТВ: і каналаў шмат, і маленькі мадэм зусім “непражэрлівы”. У выніку няхітрых зберагальных мерапрыемстваў толькі за электрычнасць у мінулым годзе заплацілі на 42 рублі меней.
Аднак любая эканомія пачынаецца з разлікаў. Калі Таіса супаставіла лічбы па вадзе за 2014 і 2017 год – тады ўжо ўстанавілі лічыльнікі і пачалі зберагальныя мерапрыемствы, уразілася – спажываюць утрая менш. Потым запісала расход электрычнасці на кожны прыбор, пачытала характарыстыкі і вывучыла парады па іх эксплуатацыі. А зараз сочыць, каб у халадзільніку не было наледзі, пыласос не забіваўся смеццем, а бойлер накіпам – усё гэта ўплывае на расход. І ён таксама зменшыўся – на трэць.
Аднак Арцём марыць наогул не плаціць за электрычнасць! Не падумайце, не падключацца да сетак па-за лічыльніка мяркуе, а выкарыстоўваць сваю. “Вагаліся паміж сонечнымі батарэямі і ветраком, – схіляюся да апошняга. Падлічыў – ветраных дзён у нас намнога болей, чым пагодлівых, а працуе ён нават ад невялікага – 2 метры ў секунду. У нас жа на агародзе заўсёды дзьме. Думаю, 500-кілаватнага будзе дастаткова, зараз мы ў месяц плацім за 250. Вятрак каштуе 1700 рублёў, да яго патрэбны яшчэ пераўтваральнік, акумулятарная батарэя, правады. У некаторых краінах устаноўка такіх прылад падтрымліваецца на дзяржаўным узроўні – калі б у нас было – купіў бы, не раздумваючы. Хаця і так мяркую паставіць, гадоў за 6 павінна акупіцца.
– Да яго абавязкова патрэбна і сонечная батарэя, каб была альтэрнатыва, – дабаўляе цесць Ігар Віктаравіч, які па сутнасці і стаў пачынальнікам эканоміі ў іх агульным доме. Калі ўсталёўваў паравое ацяпленне, зварыў кацёл Русінава – трубны, абкладзены цэглай – эфект 75 працэнтаў, калі ў печы толькі 25. Аднак адзін мінус быў – топка невялікая, трэба часта падкідваць дровы, нязручна. Таму другі, уласнай канструкцыі ўмяшчае і метровыя паленні, можа ацяпліць і пяціпавярховы дом. За трыццаць хвілін трубы маюць такую ж тэмпературу, гаспадар пакідаў хату нават на чацвёра сутак і ў пакоях заставалася плюс 11 градусаў. Гэта раней, да замены акон. Зараз жа ён уцеплены і, напрыклад, мінулай зімой пайшло толькі два прычэпы дроў. Прычым Арцём набывае іх на карані за лічаныя капейкі – у некалькіх метрах за домам лес, у якім і выпісвае сухастой, а потым вывозіць на кані. Пад дахам дома і лазня. Вельмі кампактная парылка ўмясціць аднак некалькі чалавек, а мыюцца побач у душавым аддзяленні, што з’явілася замест вялікай чыгуннай ванны. Ахвотнікаў пагрэцца ў ёй сярод дамачадцаў не было, а вады ў душы расходуецца намнога менш. Кампактная ванначка захавалася толькі ў маленькага Аляксея.
Замянілі і краны на аднаражковыя (больш эканамічныя), на кожны паставілі металічныя сетачкі-рассякальнікі, праз іх таксама цячэ меней вады. Посуд Таіса мые не пад праточнай вадой, а ў тазіках: з мыючым сродкам і асобна для паласкання.
Эканоміі сур’ёзна перашкаджае некалькі рэчаў. Гэта ржавая вада, якая хутка выводзіць са строю рассякальнікі і фільтры. А таксама малодшы член сям’і Алёша. Ён вельмі любіць чысціць зубы. Робіць усё так, як навучылі: у яго не толькі свая шчотка, але і стаканчык для паласкання роту. Аднак пакуль фатаграфаваліся, малы “паставіў пад пагрозу” лютаўскі паказчык эканоміі. Дурэў з кранам, пускаючы цёплую ваду і плёскаючыся. Ну а маці цярпліва спыняла падачу. “Асноўны фактар эканоміі ў нас – у ручным рэжыме, – усміхаецца Таіса Ігараўна, – хаджу і гашу за ўсімі святло. Добра, што падзарадныя і іншыя ўстройствы падключаны да аднаго сецявога фільтра, які на ноч я таксама адключаю. У сетцы застаецца толькі маразільнік і халадзільнік”.
Мяркую, што хутка Арцём Церашкавец так жа падрабязна раскажа нам пра ўстаноўку ветрака – ён настойліва мяркуе быць першаадкрывальнікам.
Вольга Караленка.