Як мы паведамлялі раней, у канцы ліпеня-пачатку жніўня на Ушаччыне працавала археалагічная экспедыцыя, падчас якой высветлілася, што на беразе Чарсцвядскага возера знойдзены фрагменты загараднай рэзідэнцыі полацкіх князёў 12 стагоддзя. Тады кіраўнік экспедыцыі, старшы навуковы супрацоўнік аддзела захавання і выкарыстання археалагічнай спадчыны Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Марат Васільевіч Клімаў паабяцаў вярнуцца на Ушаччыну, каб выступіць перад вялікай аўдыторыяй з грунтоўнай лекцыяй і прэзентацыяй па выніках раскопак. Сваё слова кандыдат гістарычных навук стрымаў, і ў мінулы чацвер у зале раённага цэнтра культуры і народнай творчасці ўсе жадаючыя маглі акунуцца ў цікавы экскурс і задаць пытанні прадстаўніку адной з рэдкіх прафесій – у нашай краіне працуе ўсяго 50 археолагаў.
З чаго ўсё пачыналася
Больш 20 гадоў М.В.Клімаў даследаваў Полаччыну. У нашым жа раёне, па яго словах, таксама вяліся археалагічныя даследаванні, але ў асноўным яны датычыліся старажытных курганоў-пахаванняў 10-12 стагоддзя. Над імі рабіліся насыпы і ў нас часам іх памылкова называюць французскімі могілкамі. Па колькасці такіх курганоў Ушаччына з’яўляецца лідарам у рэгіёне.
“У вашым раёне мне давялося пабываць у 2004 годзе з археалагічнай разведкай. Так, любыя раскопкі пачынаюцца менавіта з абследаванняў і аналізу мясцовасці. Тады ў Чарсцвядах былі зафіксаваны 4 паселішчы, якія адносіліся да розных часоў, два з іх – прыкладна да 11-13 стагоддзяў. Даныя разведак афармляюцца ў спецыяльныя справаздачы, захоўваюцца ў архіве і да іх можна звярнуцца праз дзесяцігоддзі, – расказвае Марат Васільевіч. – У апошнія гады ў гістарычным асяроддзі актуальным стала пытанне аб зямельных уладаннях полацкіх князёў. Ёсць такая пісьмовая крыніца “Полацкая рэвізія”, якая датуецца 1552 годам, і ў ёй гаворыцца, што “двор Чарсцвядскі да палаца належаў”. Да прыгаданага двара адносіліся не толькі ўшацкія землі, але і сучасных Лепельскага, Полацкага, Бешанковіцкага раёнаў. Гэта быў цэнтр гаспадарчай дзейнасці, асноўныя здабыткі якога ішлі на забеспячэнне полацкага ваяводы, а таксама месца для арганізацыі палявання. Такім чынам, гісторыкі сталі казаць, што Чарсцвяды маглі быць адной з рэзідэнцый полацкіх князёў. Мы рашылі паспрабаваць лакалізаваць гэтую рэзідэнцыю і маючы папярэднія археалагічныя даследаванні накіраваліся ў гэтую кропку”.
Не толькі месца для рыбалкі
“Калі ва ўшачан спытаць пра Чарсцвяды, то большасць, канечне, скажа, што гэта выдатнае месца для рыбалкі. Гэта несумненна так, бо калі мы прыехалі ў экспедыцыю, то па нумарах машын рыбакоў каля берагоў можна было вывучаць геаграфію краіны. Але насамрэч месца гэтае не толькі прыгожае, але і гістарычнае”, – прадаўжае навукоўца.
Месцам археалагічных работ стала пляцоўка непадалёк ад сучаснай шашы, дзе ў возера ўпадае рака. Справа ў тым, што князі ці феадалы сяліліся менавіта каля такіх натуральных умацаванняў, страхуючыся ад небяспекі. Паміж двума прыкладна аднолькавымі ракурсамі археолагі спыніліся на адным, кіруючыся высновай, што на гліне сапраўдны гаспадар хату не пабудуе.
Як праходзяць раскопкі, Марат Васільевіч прадэманстраваў здымкамі падчас прэзентацыі. Магчыма, многія думаюць, што галоўным інструментам у справе з’яўляецца рыдлёўка, аднак яна патрэбна толькі каб зняць верхні пласт глебы, далей на ўзбраенні шуфлік ды пэндзаль, зямля перабіраецца ў тазікі. Паглыбляюцца ж спецыялісты прыкладна на 30-40 сантыметраў. Скрупулёзная работа дае вынікі, а ўсё знойдзенае фіксуецца. Напрыклад, пазначаны на здымках прэзентацыі лічбай 4 быў элемент гаршчка, а 5 – косткі ад рыбы.
Віно вазілі з Турцыі
Аднак, у двух раскопах памерам больш за 30 квадратных метраў на беразе возера спецыялісты знайшлі не толькі такія дробныя артэфакты, а і сур’ёзныя знаходкі. Напрыклад, фрагменты візантыйскіх амфар. У 50-60-літровых сасудах транспартавалі пераважна віно з Візантыйскай імперыі (сучаснай Турцыі) праз Чорнае мора, Днепр, а затым па Дзвіне ў Полацк. Зразумела, што дазволіць такую раскошу сабе маглі людзі нябедныя. А распаўюджаны амфары былі якраз у 11-13 стагоддзях. Яшчэ адна каштоўная знаходка – кніжная зашпілька эпохі Еўфрасінні Полацкай, вырабленая з бронзы. У той час кніга была надзвычай шыкоўнай рэччу, каштавала як статак кароў! Чыталі кнігі ў манастырах або знатныя людзі. Сярод іншых істотных знаходак – гірка-разнавага, якой узважвалі срэбра і манеты. Частка жаночага ўпрыгожання, якое сялянкі не насілі. Невялікі нож, ключ ад унутранага замка, бранябойны наканечнік стралы з жалеза, фрагменты керамікі, нямала знайшлося рыбалоўных кручкоў ці іх абломкаў, а таксама гліняных грузілаў для сетак. Адшукалі фрагменты двух будынкаў: гаспадарчай і жылой – з печчу і астанкамі чалавека. Прычым, знаходжанне яго з усходу на захад сведчыла аб часе пахавання раней 15-16 стагоддзя. Цікава, што па спецыяльным аналізе костак можна высветліць больш дакладны час пахавання, аднак гэта вельмі дарагая працэдура.
У час раскопак археолагі прыйшлі да высновы, што хутчэй за ўсёй падчас міжусобных войнаў паміж княствамі рэзідэнцыя была спалена.
На экспедыцыю едуць валанцёры
“Гэта ў кнігах і фільмах усё выглядае лёгка, а на самой справе колькі рэчаў з сабой трэба ўзяць у экспедыцыю – ад кацялка для страў да гітары!” – зазначыў археолаг, знаёмячы прысутных з яшчэ адным бокам раскопак. Кожны дзень на працягу двух тыдняў у Чарсцвядах працавала ў сярэднім 15-25 чалавек. Прычым, спецыялістаў і студэнтаў сярод іх зусім нямнога, абсалютная большасць – валанцёры, якія не маюць гістарычнай адукацыі, а такі занятак для іх з’яўляецца хобі і адпачынкам на прыродзе. “Зрэшты, кажучы пра валанцёраў, успамінаю і кур’ёзны выпадак: падышоў да нас у працэсе работы мясцовы жыхар, з гадзіну назіраў, а потым спытаў, хто ўсе гэтыя людзі. Я яму кажу – валанцёры. Слова, відаць, для яго аказалася незнаёмым і ён вырашыў… выклікаць міліцыю, – усміхаючыся, прыгадвае М.Клімаў. – Ва Ушацкі раён на раскопкі з задавальненнем прыехалі не толькі з суседніх Полацка і Глыбокага, а і з Мінска, Гомеля, Брэста, Слуцка і многіх іншых гарадоў краіны, некаторыя нават цэлымі сем’ямі з дзецьмі. У вольны час мы арганізоўвалі цікавы адпачынак – шахматныя турніры, гульні, пасядзелкі каля вогнішча, а якія заходы сонца ўвечары над Чарсвядскім возерам! Не заўсёды літасцівым было надвор’е, і пасля аднаго ветранага дня прыйшлося “адбудоўваць” палатачны гарадок, лічы, нанова. Аднак у цэлым ад экспедыцыі на Ушаччыне засталіся самыя найлепшыя ўражанні”.
Будзе новы сезон!
Мэту сваёй лекцыі Марат Васільевіч Клімаў акрэсліў так: “Хачу данесці інфармацыю, каб вы маглі ганарыцца сваёй зямлёй і ведалі, якую гістарычную спадчыну маеце. Уявіце сабе, што ў 1500 годзе вялікі князь літоўскі Аляксандр прыязджаў у Полацк і спыняўся менавіта ў Чарсцвядах! Гістарычна засведчаны факт, што на ўсёй Паўночнай Беларусі ён быў толькі ў гэтых дзвюх кропках. Чарсцвяды тояць яшчэ мноства загадак, напрыклад, гісторыкі спрачаюцца наконт знаходжання тут у 1527 годзе палаца з вялікім ваенным арсеналам. Падчас раскопак мы знайшлі шматлікія пацвярджэнні наконт знаходжання тут паселішча 11-12 стагоддзя, але не знайшлі сам палац. Таму на 2020 год планавалі вельмі вялікую экспедыцыю, аднак узніклі пэўныя абставіны. У цяперашні час у Полацку на Верхнім замку ў былых памяшканнях бальніцы ідзе рэканструкцыя пад карпусы кадэцкага вучылішча. Зразумела, што там вядуцца археалагічныя даследаванні і археолагі краіны сочаць за работай будаўнікоў, каб не былі пашкоджаны гістарычныя знаходкі. Напрыклад, сёння заехаў ва Ушачы на шляху з Полацка, дзе мы “сядзелі” ў пласце да 1560 года. Хоць і прызначаны кіраўніком археалагічных работ, аднак летам планую абавязкова вырвацца ў Чарсцвяды – экспедыцыя ў новым сезоне будзе, але меншая па часе, чым планавалася першапачаткова. Так што запрашаем ушачан пабачыць ход нашых работ на свае вочы, пры жаданні можна і прыняць удзел у раскопках. Гэта цікавая справа – адкрываць пласты зямлі, якія да нас 800 гадоў ніхто не кранаў!”
Вольга КАМАРКОВА.