“Тэрмінова ўсім скажыце – едзе Прэзідэнт!”
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падчас рабочай паездкі 24 студзеня ў Шклоў рашыў змяніць план свайго візіту ў горад. Першапачаткова чакалася, што Прэзідэнт пабывае толькі на заводзе газетнай паперы. Аднак, прыбыўшы туды з раніцы, ён заявіў, што мае намер наведаць і Шклоўскі масларобчы завод, ільнозавод, дрэваапрацоўчае прадпрыемства.
Яго словы сталі поўнай нечаканасцю для ўсіх, хто ўдзельнічаў у арганізацыі прэзідэнцкай паездкі, тым больш для кіраўнікоў гэтых прадпрыемстваў. “Тэрмінова ўсім скажыце – едзе Прэзідэнт! – то тут, то там гучалі папярэджанні па мабільных тэлефонах. Чыноўнікі ў мітусні спрабавалі раздаць даручэнні, каб наступныя кропкі маршруту хоць нейкім чынам былі падрыхтаваны да прыезду першай асобы.
Пакуль А.Лукашэнка вывучаў работу папяровага завода, а потым меў зносіны з яго калектывам, на малочным прадпрыемстве спяшаліся навесці парадак. “Нават не ведаем, чаму Прэзідэнт вырашыў нас наведаць”, – здзіўлена паціскалі там плячыма, але прысутнасці духу не страчвалі.
Кіраўнік дзяржавы прыбыў на масларобчы завод ужо ў другой палове дня, наведаў некалькі цэхаў, азнаёміўся з тэхналагічнымі працэсамі, а потым перайшоў на размешчанае па-суседстве прыватнае прадпрыемства “Данон-Шклоў”.
А.Лукашэнка даручыў старшыні Магілёўскага аблвыканкама Леаніду Зайцу падрабязна вывучыць дзейнасць гэтых двух прадпрыемстваў: магчыма, для больш паспяховай работы трэба аб’яднаць іх вытворчыя рэсурсы. “Неабходна ўсе фактары звесці і паглядзець, што будзе лепш. Толькі трэба дамаўляцца, каб не валэндаліся, як калісьці гэта было”, – падкрэсліў ён.
Як патлумачыў журналістам Л.Заяц, пакуль невядома, пад крылом якога з прадпрыемстваў будзе праведзена аб’яднанне. “Мы пралічым магчымасці прыватніка, вывучым, што ён гатовы ўкласці. Наша мэта – стварыць сучасную вытворчасць, якая магла б канкурыраваць з гатовай прадукцыяй на іншых рынках”, – адзначыў ён.
На льнозаводзе Прэзідэнт у агульнай колькасці правёў усяго каля дзесяці хвілін, але гэтага часу хапіла, каб нагадаць кіраўніцтву прадпрыемства аб папярэдніх даручэннях і агучыць новыя. Асаблівую ўвагу А.Лукашэнка папрасіў звярнуць на сыравіну. Па яго меркаванні, калі завод не спраўляецца з даўгім ільновалакном, яго неабходна аддаць іншым прадпрыемствам краіны. Напрыклад, Аршанскаму льнокамбінату: там ёсць усе рэсурсы для вытворчасці якаснага прадукту. Акрамя таго, на шклоўскім ільнозаводзе выйшла са строю частка ліній, па патрабаванні кіраўніка дзяржавы іх неабходна аператыўна аднавіць.
Пакуль А.Лукашэнка гутарыў з чыноўнікамі і дырэктарамі заводаў, высветлілася што прыватнае дрэваапрацоўчае прадпрыемства наведваць не мае сэнсу, бо яно не працуе – моцна закрэдытаванае і ва ўласнікаў няма сродкаў вырашыць праблемы, якія накапіліся. Мясцовыя ўлады таксама не ведаюць, што рабіць з гэтай вытворчасцю. Прэзідэнт даручыў разабрацца з гэтым пытаннем і падрабязна далажыць яму пра сітуацыю, якая склалася.
Па матэрыялах БелТА.