Калі Сяргей Аляксандравіч Плігаўка працаваў у лясгасе, былі ў яго думкі аб тым, што дыплом Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі можа ў далейшым і не спатрэбіцца. “Як аказалася, вучыўся не дарэмна, – усміхаецца новы кіраўнік ААТ “Агра-Селішча”. – Такога імклівага кар’ернага росту я, канечне, не мог спрагназаваць, але раз узяўся за справу, трэба аддавацца ёй поўнасцю”.
Размаўлялі з Сяргеем Аляксандравічам на малочнатаварнай ферме на цэнтральнай сядзібе гаспадаркі амаль у шэсць гадзін вечара, калі самы малады сярод кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў раёна прыехаў пракантраляваць працэс вячэрняй дойкі. Да таго, што на вёсцы, а тым больш у жывёлагадоўлі, рабочы дзень пачынаецца і заканчваецца з цёмным, ён быў гатовы, бо ведае сялянскае жыццё не па чутках – першым працоўным месцам стала ААТ “Чарэйшчына” на роднай Лепельшчыне. Там выпускнік ліцэя, атрымаўшы правы на кіраванне рознымі відамі сельгасмашын, пачынаў простым механізатарам. Стараннага хлопца заўважылі і праз непрацяглы час прызначылі брыгадзірам, прапанавалі завочна паступіць у сельгасакадэмію з перспектывай атрымання ў наступным кіруючай пасады. Ён паспяхова здаў экзамены і нават быў залічаны на бюджэтную форму навучання, ды жыццёвая сцяжынка ў далейшым павярнула ў бок, далёкі ад аграрнага сектара.
– Я хоць і 1993 года нараджэння, а стаж ужо маю даволі ўнушальны – расказвае аб перыпетыях працоўнага шляху Сяргей Аляксандравіч. – Уладкаваўся ў ахове на “Полацк-Шкловалакно”, там пачынала і жонка. Ёй, як сіраце, дзяржава выдзеліла кватэру – ва Ушачах, яна ўраджэнка вашага раёна. Калі пераехалі, працаваў у лясгасе, зноў жа не на кіруючай пасадзе – на харвестары нарыхтоўваў драўніну. Вучобу за гэтыя гады не закідаў, скончыў акадэмію і атрымаў дыплом. І ў мінулым годзе вырашыў паспрабаваць сябе па спецыяльнасці. Вось толькі загадчыкам фермы ў “Дземенцы” быў усяго тры месяцы – начальнік райсельгасхарча Сяргей Сяргеевіч Садоўскі прапанаваў узначаліць “Агра-Селішча” і са снежня мінулага года я тут.
У апошнія месяцы малады тата па зразумелых прычынах крыху менш увагі ўдзяляе сям’і, у якой падрастаюць сыночкі 7 і 5 гадоў. Трывожнымі былі першыя нарады, ацэнка фронту гаспадарання. Сяргей Аляксандравіч адзначае, што дырэктарскае крэсла не мяккае, ды і сядзець у ім часу няма, большую частку рабочага дня даводзіцца праводзіць на вытворчых аб’ектах, накіроўвацца на перапрацоўчыя прадпрыемствы. У чацвер, напрыклад, ездзіў на Лепельскі малочнакансервавы камбінат, у пятніцу – у Полацк. Трэба вырашаць пытанні выплаты зарплаты, набыцця запчастак для рамонту тэхнікі, камбікармоў для жывёлы і шмат чаго іншага. І ўсё гэта – пры вострым дэфіцыце грашовых сродкаў.
Зараз С.А.Плігаўка набіраецца вопыту. Кажа, што нават не столькі прафесійнага, колькі ў зносінах з людзьмі. Лічбамі аперыруе ўжо свабодна, не заглядваючы ў запісы, называе плошчы пад азімымі, пад яравую сяўбу, пагалоўе жывёлы, паказчыкі надояў і прываг. Іншая справа, што яны не вельмі зайздросныя, як і сумы запазычанасці ці астаткаў паліва. Канечне, складана за няпоўныя два месяцы штосьці вырашыць кардынальна, але пэўныя станоўчыя зрухі ёсць – усё малако студзеня і з “Баяршчыны”, і з “Селішча” здаецца сортам экстра, дастаткова было наладзіць кантроль за працэсам даення і захаваннем тэхналогіі, належным чынам арганізаваць падвоз людзей – хоць для гэтага і прыходзіцца выкарыстоўваць уласны аўтамабіль, затое расход паліва значна скараціўся. “Жывёлу трэба карміць, своечасова даглядаць, – кажа здаецца прапісныя ісціны Сяргей Аляксандравіч. – Краевугольны камень – дысцыпліна, якую неабходна ўмацоўваць. І калі са спецыялістамі ў гэтым плане праблем няма, то з нізкай эфектыўнасцю працы аматараў спіртнога мірыцца не будзем, некаторыя гэта ўжо зразумелі”.
Між тым, кіраўнік падкрэслівае, што адказных работнікаў у гаспадарцы большасць, адзначае вопытнасць і надзейнасць мясцовых механізатараў, з якімі не лічыць ганебным пры неабходнасці параіцца: “Разумею, што ў аграноміі, інжынернай справе ведаў і практыкі мне не хапае, буду вучыцца прама на вытворчасці. Цяжкасцей я не баюся”. Наколькі доўгім і паспяховым будзе яго аграрны шлях – пакажа час, але хочацца, каб у маладога кіраўніка ўсё атрымалася – на карысць уласную, гаспадаркі і ўсяго раёна.
Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.