Восьмиклассница Ушачской школы Екатерина Мартынюк на областном этапе республиканской олимпиады по биологии завоевала Диплом 2 степени

Наши дети

У адрозненне ад сваіх аднагодкаў, васьмікласніца Ушацкай школы Кацярына Мартынюк даўно вызначылася з далейшым лёсам. Калі іншыя юнакі і дзяўчаты выпрошвалі ў бацькоў хатніх гадаванцаў, каб пагуляць з імі, яна ўважліва іх аглядала і лячыла. Пазней зацікавілася анатоміяй чалавека. Напэўна, здагадаліся, якую прафесію выбрала. Адну з самых высакародных – урача.

У сёмым класе, калі ў школьнай праграме з’явілася біялогія, разам са сваёй настаўніцай В.А.Жыткай выдатніца Каця з галавой кінулася ў вывучэнне надзвычай цікавага матэрыялу. Ведаў, набытых на ўроку, было мала – падчас летніх канікул самастойна асвойвала заалогію, пазней на дадатковых занятках з Вольгай Анатольеўнай разбіралася ў асаблівасцях целаскладу жывых істот. Такі сур’ёзны падыход проста не мог не прывесці да станоўчага выніку! Сёлета Каця стала пераможцам школьнай алімпіяды сярод васьмікласнікаў па біялогіі (дарэчы, як і па хіміі, беларускай мове), паказала лепшы вынік, абышоўшы старэйшых на год канкурэнтаў, і на раёне. Падчас фарміравання каманды вучняў, якім неабходна было прадставіць Ушаччыну на абласным этапе прыгаданых інтэлектуальных спаборніцтваў, дзяўчыну запыталі, ці ўпэўнена яна ў сваіх сілах – маўляў, вывучэнне той жа анатоміі пачынаецца ў дзявятым класе, яна ж пакуль у восьмым… Але ж пасаваць перад цяжкасцямі гераіня нашага аповеду не прывыкла, таму дала ўпэўненую згоду і з яшчэ большым запалам пачала “штурм” літаратуры адзначанага профілю, у тым ліку ўзроўню ВНУ. Не пацярпелі ад гэтага і іншыя прадметы – у дзённіку Каці выключна дзявяткі і дзясяткі.

Пра медыцыну ў свой час марыла маці дзяўчыны, а зараз настаўнік англійскай мовы Ушацкай школы Вольга Аляксандраўна Мартынюк. Таму цягу Каці да хіміі і біялогіі яна падтрымала. Як, зрэшты, і тата школьніцы, супрацоўнік РАНС Аляксей Сцяпанавіч. Пайшлі насустрач яны і падчас падрыхтоўкі дачкі да абласнога этапу алімпіяды: адвозілі на адмысловыя семінары, што ладзіліся на платнай аснове на біяфаку БДУ. Праходзіла іх і В.А.Жыткая, хоць мае багаты педагагічны стаж, а яе выхаванцы, лічы, штогод займаюць прызавыя месцы на такіх іспытах.

– Патрабаванні да ведаў алімпіяднікаў штогод павышаюцца, таму без грунтоўнай падрыхтоўкі там няма чаго рабіць, – кажа Вольга Анатольеўна. – Аднак Каця валодае ўсімі якасцямі, неабходнымі для дасягнення добрага выніку: адметнымі здольнасцямі, стараннасцю, здаровымі амбіцыямі. Атрыманы дыплом другой ступені і трэцяе месца ў агульным рэйтынгу – выдатнае таму пацвярджэнне.

Між тым, назваць такую ўзнагароду “срэбрам” не паварочваецца язык. У ліку ўдзельнікаў – выключна дзевяцікласнікі, у большасці сваёй гімназісты. Абышлі нашу школьніцу толькі дзве прадстаўніцы Віцебска, якія рэгулярна праходзілі спецыяльныя майстар-класы ў мясцовым універсітэце. І калі лідар набрала ледзь не максімальную колькасць балаў, ад уладальніцы другога месца Кацю аддзялілі ўсяго чатыры дзясятыя працэнта.

Любая ўпартая праца рана ці позна прывядзе да поспеху – не сумняваецца васьмікласніца. Нават у свабодную хвілінку яна не расстаецца з падручнікам. Хоць адну задачу, але рашае кожны дзень, каб не губляўся навык. Прыходзіць дадому з заняткаў, вячэрае і адкрывае любімую “Біялогію”. Гадзіна-паўтары – амаль абавязковая праграма. З заалогіяй прасцей: штосьці можна “падгледзець” у хатніх гадаванцаў: сабакі, дзвюх чарапах і смаўжоў-ахацінаў.

Дапамагаюць адпачыць ад вучобы барабаны – гераіня нашага аповеду наведвае адмысловы гурток у раённым цэнтры дзяцей і моладзі. З адзнакай скончыла яна харэаграфічнае аддзяленне дзіцячай школы мастацтваў, нярэдка выступала на сцэне РДК, удзельнічала ў абласных танцавальных конкурсах.

Выслоўе “Можна падвесці каня да ручая, аднак прымусіць піць яго нельга” – адно з любімых у Каці і В.А.Жыткай. Сэнс зразумелы. Калі ў вучня не ляжыць душа да прадмета, то тут вучы не вучы, а толку не будзе. Аднак К.Мартынюк з задавальненнем “п’е тую ваду і грызе граніт навукі”. Прывыкла да такога “рацыёну”, бо трэба набываць грунтоўныя веды, каб ажыццявіць мару свайго жыцця.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *