Многія ўшачане далучыліся да акцыі “Птушкі ля кармушкі”, якая праходзіла ў краіне ў мінулыя выхадныя. Як і чакалася, самымі актыўнымі яе ўдзельнікамі сталі школьнікі. Не засталіся ўбаку і іншыя ўстановы: напрыклад, наведвальнікі Селішчанскага сельскага клуба не толькі лічылі птушак, а і вучыліся майстраваць кармушкі. Прыемна, што ідэю грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” падтрымалі і ў многіх сем’ях. А Аляксандр Пасканенкаў, які пастаянна падкормлівае крылатых гасцей, што залятаюць на яго сядзібу ў Садках, нават патэлефанаваў у рэдакцыю. “На нашых кармушках звычайна харчуюцца вераб’і, сініцы, заглядваюць попаўзні: але вось што цікава: якраз у выхадныя літаральна ўсе птушкі кудысьці зніклі! Хіба толькі дзятлы ў наваколлі нагадвалі аб сваім існаванні. Жонка нават пажартавала, маўляў, птушкі паляцелі шукаць зіму…”
Каб патлумачыць сітуацыю, мы звярнуліся да спецыялістаў арганізацыі, і тыя ў пэўным сэнсе пацвердзілі жартоўную версію: “Птушкі – занадта непрадказальныя істоты, асабліва ў такое надвор’е”. Насамрэч, у халады гасцей на кармушках бывае больш, бо ім складана здабываць сабе ежу ў натуральных умовах. Напэўна, на гэты час вераб’і ды сініцы знайшлі сабе новую крыніцу харчавання, але, безумоўна, хутка павінны вярнуцца ў “сталоўку”.
Падрыхтавала Наталля БАГДАНОВІЧ.