День открытых дверей, или Как ушачанин в маске ходил воровать по квартирам

Закон - один для всех

Калі б хтосьці паставіў за мэту вызначыць мікрараён гарпасёлка, дзе жывуць самыя адкрытыя (у прамым сэнсе) людзі, то рэйтынг бы ўзначалілі шматпавярхоўкі ля ПМК-66. Зрабіць такую выснову дапамог малады ўшачанін Уладзіслаў, які ў адзін з восеньскіх дзён вырашыў учыніць своеасаблівы “перфоманс”. Насунуўшы на твар шапку з прораззю для вачэй, ён прыняў аблічча дзёрзкага гангстара і рушыў на справу. Для паўнаты вобразу не хапала зброі і інвентару для ўзлому, але, як аказалася, ва Ушачах можна абысціся і без іх. У некалькіх кватэрах, якія наведаў нязваны госць, дзверы аказаліся незамкнёнымі. У першай гаспадыня з сынам па нейкіх справах выйшлі на вуліцу, але ледзь толькі наш герой запусціў руку ў сумку, як на лесвіцы пачуліся іх крокі – абяцанне выклікаць міліцыю прымусіла яго шпарка пакінуць месца падзей. Не пашанцавала і ў другой: жанчына, што адпачывала ў спальні, пачула, як адкрыліся дзверы, і выйшла ў прыхожую. Аднак настойлівасць ушацкага гангстара была ўзнагароджана – у трэцяй кватэры абстаноўка аказалася цалкам спрыяльнай: гаспадыня ў дальнім пакоі нешта шыла на машынцы, а доступ на кухню быў вольны. Жанчына чула, што нехта ходзіць па калідоры, але думала, што гэта вярнуўся з агарода муж. Злодзей тым часам паклаў вока на мабільнік, а таксама на свежапрыгатаванае мяса ды рыбу, якія прыхапіў ра­зам з талеркай. Пакідаючы пад’езд з багатым уловам, ён якраз размінуўся з гаспадаром, які не падазраваў, што разам з хударлявай фігурай аддаляецца ў невядомым напрамку і яго вячэра…

Зрэшты напрамак той без асаблівых цяжкасцяў вызначылі супрацоўнікі крымінальнага вышуку. “Дзень адчыненых дзвярэй” скончыўся для хлопца, які, дарэчы, ужо быў раней судзімы за крадзеж, зачыненымі дзвярмі міліцэйскага ізалятара. 18 снежня яго справа разглядалася на выязным судовым пасяджэнні ў зале райаддзела міліцыі ў прысутнасці “зацікаўленых гледачоў” – асоб, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Мэтай гэтага было паказаць, што нежаданне сумленна зарабляць, злоўжыванне алкаголем штурхаюць людзей на бязглуздыя подзвігі. Дзеянні злачынцы былі кваліфікаваны як крадзеж з пранікненнем у жыллё, а ў такім выпадку нязначнасць сумы выкрадзенага не ўплывае на прыгавор. Па частцы 2 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса РБ суд прызначыў яму пакаранне ў выглядзе арышту на тэрмін 2 месяцы і прымусовага лячэння ад алкагалізму.

Свой урок могуць вынесці з гэтай гісторыі і законапаслухмяныя грамадзяне: нават калі вы знаходзіцеся дома, зачыніць дзверы ўсё ж не будзе лішнім.

Н.АВАДНЁВА, намеснік пракурора Ушацкага раёна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *