Як карабель назавеш – так ён і паплыве. Дзяўчына на гэтым здымку – яскравае сведчанне трапнасці народнага выслоўя: Вікторыя заўсёды імкнецца апраўдваць дадзенае празорлівымі бацькамі імя. Здаецца, зусім нядаўна мы расказвалі пра пераможны ўдзел ушацкай школьніцы Вікі Качко ў рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры, але імкліва праляцела амаль сем год – за гэты час яна паспела скончыць медуніверсітэт, паўтара года адпрацаваць правізарам Цэнтральнай аптэкі №65 г.п.Ушачы і, узяўшы шлюб, стаць Вікторыяй Капусцінай. Але нязменным застаўся яе максімалізм, імкненне быць лепшай ва ўсіх справах.
Чарговую перамогу наша зямлячка паклала ў сваю скарбонку напярэдадні навагодніх свят, заняўшы першае месца ў конкурсе “Лепшы па прафесіі: малады спецыяліст-2019”, які праводзіла Віцебскае УП “Фармацыя”.
Самае ж цікавае, што перамагчы ў конкурсе Вікторыі дапамаглі… мы з вамі. Менавіта назіранні за паводзінамі кліентаў паклала яна ў аснову свайго выступлення ў фінале конкурсу, які праходзіў у Паставах. Трапіць жа ў лік яго ўдзельнікаў далі магчымасць трывалыя веды, паказаныя на двух папярэдніх этапах. Не склалі цяжкасці для нашай прадстаўніцы пытанні завочнага тэсціравання, якое праводзілася праз інтэрнэт. А падчас другога этапу, які праходзіў у Віцебску і заключаўся ў рашэнні так званых сітуацыйных задач, Віка ўвогуле набрала максімальныя 15 балаў.
“Сітуацыі” ж прапаноўваліся няпростыя: напрыклад, трэба было патлумачыць наведвальніку аптэкі, чым адрозніваюцца прэпараты “Навінет” і “Дзіяне-35” – вядома ж, без падказкі інструкцыі. “Тут мне ў пэўным сэнсе пашанцавала: літаральна за два дні да гэтага з нашым вопытным фармацэўтам-рэцэптарам Наталляй Уладзіміраўнай Касяк абмяркоўвалі вартасці першага сродку, пра другі ж прачытала сама і дакладна ведала, што ён належыць да больш новых распрацовак, мае шырэйшыя паказанні і менш пабочных эфектаў”, – расказвае Вікторыя.
У фінале ж ёй вельмі спатрэбіліся лінгвістычныя і творчыя здольнасці, якія адточвала калісьці на алімпіядах. Прэзентацыя на тэму “Што ў нашай аптэцы ёсць такое, чаго няма ў іншых” стала самым яркім і інтэрактыўным нумарам конкурсу, бо ў ім пэўным чынам былі задзейнічаны і калегі (іх іранічныя здымкі дэманстраваліся на экране), і кліенты ўшацкай аптэкі, характэрныя пытанні якіх канкурсантка сабрала ў забаўныя вершаваныя радкі:
“А что такое?”, “А замена?”
“А как всё это принимать?”
“А можно всё одновременно?”,
“А можно чаем запивать?”
“А можно мне пластинку только?
А знаете, давайте всю!”
“А посчитайте – это сколько,
Я за деньгами побегу…”
Далучыла Віка да свайго шоу і гледачоў, якім прапанавала ўгадаць лекі па характарыстыках, якія іншы раз агучваюць наведвальнікі замест забытай назвы. І некаторыя здагадваліся, што “мазь са змяёй” – гэта віпрасал, “ружовыя таблеткі ад галавы” – ібупрафен-белмед, а “жоўтыя капсулы ад дыярэі” – лапераміда гідрахларыд. Але трэба сказаць, што за мяккай іроніяй бачна вялікая павага і цеплыня, з якой малады правізар ставіцца да сваіх калег і, канечне, да людзей, якім дапамагае палепшыць самаадчуванне.
Гэтую рысу, а яшчэ надзвычайную адказнасць, ураўнаважанасць, уменне дагадзіць нават самаму капрызнаму кліенту вылучае ў сваёй падначаленай загадчык аптэкі Ірына Мікалаеўна Жынь. І ўжо зараз добра бачна, што Вікторыя не памылілася з прафесіяй, якую выбрала, дарэчы, яшчэ ў сёмым класе. Ну а жыццёвым дэвізам дзяўчыны можна, напэўна, лічыць фінальныя радкі яе верша, прагучаўшага з пастаўскай сцэны: “С улыбкой, а не с сожаленьем все понедельники встречать. И в каждом дне без исключенья всё лучшее лишь замечать”.
Наталля БАГДАНОВІЧ.