Зараз часта можна пачуць меркаванне, што сучасныя дзеці спешчаныя і гультаяватыя, мала чым цікавяцца апроч камп’ютараў ды тэлефонаў. Знаёмства з вучнем Ушацкай школы Паўлам Шайтарам пераконвае ў зваротным: разважлівы і эрудзіраваны дзевяцігадовы хлопчык можа падтрымаць размову на самыя розныя тэмы, выказвае абсалютна дарослыя меркаванні і мае свой погляд на многія рэчы. Любімым школьным прадметам называе матэматыку, цікавіцца палеанталогіяй, напамяць ведае мудрыя вершы Амара Хаяма, а на пытанне пра кнігу, якая найбольш уразіла з апошніх прачытаных, называе “Аповесць пра сапраўднага чалавека” Барыса Палявога.
Нагодай жа для нашага знаёмства стала яшчэ адна сфера, дзе Павел спрабуе сябе рэалізаваць, – і робіць гэта паспяхова. Размова ідзе пра музыку: хлопчык трэці год асвойвае цымбалы ў дзіцячай школе мастацтваў. Напярэдадні ж навагодніх свят яны разам з выкладчыкам Ірынай Васільеўнай Коршун і канцэртмайстрам Людмілай Васільеўнай Сляцкай вырашылі ўпершыню пашукаць прызнання на абласным узроўні, накіраваўшыся на VI адкрыты конкурс вакалістаў і інструменталістаў “Семицветик”, які праходзіў у Віцебску на базе дзіцячай школы мастацтваў імя А.Багатырова. Намінацыя “Народныя інструменты” сабрала 19 юных выканаўцаў на балалайцы, домры, акардэоне, цымбалах, але наш Павел зусім не разгубіўся ў такой кампаніі. Конкурсную праграму, якая складалася з “Піццыката” з балета “Сільвія” Леа Дэліба і гарэзлівых “Саратаўскіх прыпевак”, хлопчык выканаў выдатна і стаў лаўрэатам І прэміі!
“Гэты поспех са мной павінны раздзяліць мае бацькі Алена Валер’еўна і Сяргей Віктаравіч, бабуля Раіса Уладзіміраўна і, канечне, настаўнікі”, – адзначыў юны музыкант. А яшчэ прызнаўся, што ў якасці своеасаблівага творчага арыенціра абраў для сябе аднаго з самых знакамітых цымбалістаў Еўропы Міхаіла Лявончыка, вывучае прыёмы яго ігры па відэазапісах (да слова, віртуоз пэўным чынам звязаны з Ушачамі, бо жанаты на нашай зямлячцы). Прадказваць музычную будучыню юнаму герою нашага аповеду, канечне, пакуль рана, аднак несумненна, што з такім грунтоўным і асэнсаваным падыходам ён абавязкова дасягне поспеху ў любой галіне.
Зрэшты, не толькі на віцебскай сцэне дэманстравалі ў снежні свае здольнасці цымбалісты Ушацкай ДШМ. Выхаванцы Наталлі Мікалаеўны Тарасенкі Марыя Дуброўская і Антон Родчанка адправіліся з гэтай мэтай на Міншчыну, дзе праходзіў ІІ адкрыты конкурс дзіцячай і юнацкай творчасці “Запалі сваю зорку!”, які сабраў каля 400 спевакоў і музыкантаў. Тое ж, што ладзіўся такі буйны фэст у аграгарадку Лошніца, толькі падкрэслівае факт, што ўмовы для творчага развіцця ў Беларусі створаны і ў гарадах, і на сяле. Пра ранг конкурсу сведчыў і статус членаў журы, у складзе якога былі спявачка В.Плотнікава, кампазітар Г.Маркевіч, кіраўнік народнага ансамбля “Кросны” В.Трамбіцкая.
Маша і Антон падрыхтавалі для выступлення дынамічныя кампазіцыі “Жартоўная” і “Саўка ды Грышка”, выконваць якія ім дапамагала канцэртмайстар Святлана Раманаўна Валова. “Яшчэ ніколі не даводзілася выходзіць на такую вялікую і прыгожую сцэну, таму, канечне, хваляваліся!”, – прызналіся дзеці, але з нумарамі абое справіліся дастойна, за што былі адзначаны спецыяльнымі граматамі “За захаванне народных традыцый”. А галоўнае – паездка прынесла яркія ўражанні і выканаўцам, і настаўнікам, і бацькам, якія падтрымалі ідэю і дапамаглі яе ажыццявіць. “Конкурс быў выдатна арганізаваны, для дзяцей ладзіліся забаўляльныя праграмы, а ў канцы залу расквеціў феерверк, – адзначыла Н.Тарасенка. – І гэта было сімвалічным, бо ўсе дзеткі запалілі тут зоркі сваёй творчасці!”
Наталля БАГДАНОВІЧ.