В Ушачах прошли «Рождественские встречи»

Общество

Завялікі маштаб у свята Нараджэння Хрыстова, каб умясціцца ў адным каляндарным дні. Адмысловыя мерапрыемствы напачатку студзеня традыцыйна праходзяць у многіх куточках Ушаччыны. Святло “Калядных сустрэч” заззяла ў мінулую пятніцу ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці.

– Скрозь тысячагоддзі свята Нараджэння Хрыстова азарае жыццё людзей святлом духоўнасці і веры, – вітаючы ўдзельнікаў мерапрыемства, зазначыў старшыня раённага выканаўчага камітэта У.Г.Аўдошка. – Яно натхняе на бескарыслівае служэнне бліжняму, усяляе ўпэўненасць у заўтрашнім дні. І хай заўсёды ў вашых душах пануюць духоўны дабрабыт і светлыя мары!

Да шчырых віншаванняў ад сябе асабіста, а таксама Найсвяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі Паўла, епіскапа Полацкага і Глыбоцкага Ігнація далучыўся благачынны Ушацкага раёна протаіерэй Вячаслаў Лобец.

Свой важкі ўклад у святочны канцэрт унеслі юныя выхаванцы нядзельных школ прыходаў храмаў святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры г.п.Ушачы, велікамучаніцы Параскевы Пятніцы аграгарадка Арэхаўна, царкоўны хор з райцэнтра, выкладчыкі і навучэнцы дзіцячай школы мастацтваў, выхаванцы гуртка “Вытокі” з раённага цэнтра дзяцей і моладзі, хор народнага клуба “Ветэран” і непасрэдна культработнікі. Праграма мерапрыемства ўключала кранальныя вершы, песні, музычныя і інструментальныя кампазіцыі, інсцэніроўку біблейскіх сюжэтаў аб нараджэнні Хрыста і многае іншае. У фае ж на адмысловай выставе, арганізаванай храмам святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры, усе жадаючыя маглі бліжэй пазнаёміцца з праваслаўнай атрыбутыкай і штосьці набыць для сябе.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *